Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Адкрыццё выставы “Чырвоны кут/2” ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці

Ці могуць быць сумяшчальнымі сучасны постмадэрнісцкі жывапіс і  традыцыйная культура? Гэткі сінтэз паспрабавалі ажыццявіць супрацоўнікі Веткаўскага музея. Выстава “Чырвоны кут/2” – гэта працы маладога гомельскага мастака Алега Боклага, унесеныя ў кантэкст традыцыйнай культуры.

- Гэта выстава ўдалая. Таму што яна маладая, яна вам блізкая, - кажа падчас адкрыцця дырэктар Веткаўскага музея Галіна Рыгораўна Нячаева, бо ініцыятарам выставы выступіла маладое пакаленне супрацоўнікаў.

Як жа ўзнікла ідэя “чырвонага кута”?

- Недзе ў красавіку ў Музеі гісторыі горада Гомеля ў мяне была перасанальная выстава пад назвай “Чырвоны кут”, - узгадвае Алег Боклаг. – А тыдні два таму мне патэлефанаваў супрацоўнік Веткаўскага музея Пятро Цалка і прапанаваў распрацаваць гэтую ідэю, спалучыць сучаснае мастацтва з традыцыйнай культурай.

Працы Алега Боклага сапраўды блізкія да ідэі традыцыйнага чырвонага кута. Гэта нібы парталы паміж двума светамі – чалавечым і трасцэндэнтным, боскім. Само сабою напрошваецца суспастаўленне з той сакральнасцю, якая надавалася чырвонаму куту ў беларускай хаце.

Зрэшты, абстракцыянізм, уласцівы працам мастака дазваляе кожнаму гледачу інтэрпрэтаваць карціны, зыходзячы з уласнай фантазіі, асаблівасцяў густу і светаадчування. Аднак, па словах самога Алега Боклага, бачанне супрацоўнікаў музея апынулася надзвычай дакладным і блізкім ягонаму ўласнаму бачанню. Дарэчы, Алег не толькі мастак, але і паэт: некаторыя працы аздоблены яго вершамі.

А далей – вандроўка па выставе. Пятро Цалка звяртаецца да інсталяцый, звязваючы кожную карціну з сакральнасцю ў традыцыйнай культуры прадметаў, што знаходзяцца побач. Падзеленасць чырвонага кута на дзве існасці – традыцыйную і сучасную – ўвасабляе апошняя кампазіцыя. З аднаго боку тут – сапраўдны чарвоны кут з усёй належнай атрыбутыкай: іконай, рушніком, свечкамі… З другога – “сучасны чырвоны кут” з чалавекам у сённяшнім камп’ютарызаваным свеце, у засмечанай інфармацыйнай прасторы. А паміж імі – белае палатно-шлях. І кожнаму самастойна трэба выбіраць, куды збочыць, ды шукаць, як захаваць паміж двума кутамі “раўнавагу”.

- Ніхто нікога не заклікае вярнуцца назад і пераабуцца ў лапці. Але іншым разам трэба адчуць сябе басанож перад сваёй вялікай культурай, з якой ты расцеш і якую ты амаль не ведаеш, - кажа Галіна Рыгораўна, і лепшыя словы, бадай, падабраць складана.

У выставе прысутнічае і інтэрактыўны момант. Кожны можа пакласці на палатно-шлях тую рэч, якую сёння ён лічыць вартай таго, каб памясціць яе ў чырвоны кут. Альбо пакінуць аркуш з напісанай на ім назвай гэтай рэчы.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.