Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Адкрыццё выставы “Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты"

24 снежня ў гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый адкрылася новая выстава. Яна распавядае пра лёс тых, хто не адступіўся ад сваёй веры ў самыя цяжкія для яе часіны – 1920 – 1970-я гг. мінулага стагоддзя. Усе асобы, якія паўсталі з мінуўшчыны праз рэчы, што сталі музейнымі экспанатамі, - гэта былыя жыхары Гомеля і Гомельскай вобласці:  прападобная Манефа (Скопічава), манахіня Магдаліна (Еўмяненка), Ігар Базылевіч, Улляна Нятылькіна.

Выстава – сумесны праект Веткаўскага музея і Гомельскай епархіі Рускай Праваслаўнай царквы. Таму і госці на адкрыцці прысутнічалі адпаведныя: у асноўным святары і журналісты. Калі ў залу увайшоў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, усё нібыта застыла ў дзіўным рабалепстве.

Журналісты тут жа накінулася на епіскапа, нібыта процьму гадоў жылі ў інфармацыйным голадзе, якім марыла іх Гомельская епархія. Але незапланаваная прэс-канферэнцыя мусіла неўзабаве скончыцца, бо трэба было пачынаць афіцыйнае адкрыццё.

- Цяпер зразумела, што гэтыя іконы мы нездарма збіралі, - бярэ слова дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева. – Яны збольшага былі ўратаваны жыхарамі з тых храмаў, якія больш не існуюць.

Падзяліўся ўражаннямі ад працы над выставай і наш супрацоўнік Андрэй Скідан:

- Збіраючы матэрыял, ездзячы па розных вёсках, я зразумеў, што гэтыя людзі былі звязаныя паміж сабой нейкімі татальнымі сувязямі любові. Адно за другое чапляецца. “Пацягнеш” за аднаго чалавека – уся царква ўсплыве.

І плён гэтага – тое, што мы бачым сёння ў экспазіцыйнай зале “Тэкст традыцыі”. Тое, што дыхала і працягвае дыхаць у адным рытме.

Выстава насычана рознага кшталту тэкстамі: богаслужбовымі, успамінамі людзей, духоўным ліставаннем – з аднаго боку, афіцыйнымі дакументамі таго часу – з другога. Яны ўзаемадапаўняюць адно другое. І яшчэ адно моцнае ўражанне Андрэя Валер’евіча ад працы над выставай заключаецца ў тым, што ўсе гэтыя тэксты ўваскрашаюць людзей, якія жылі дзеля таго, каб уваскрашаць іншых.

Вольга Афанасьева, якая рыхтавала выставу поруч з Андрэем Скіданам, прызналася, што гэта далёка не ўсе асобы, якія варта было б прадставіць шырокаму колу. Але гэта толькі пачатак супрацоўніцтва з Гомельскай епархіяй. Супольная праца будзе працягвацца, каб жыццё такіх людзей не было забытае. Бо іх жыццё – гэта досвед звычайнага чалавека, але яго варта ставіць сабе за ўзор.

Сярод рэчаў прападобнай Манефы (Скопічавай) – яе салонка. Што робіць гэтая, здавалася б, зусім непрыглядная рэч сярод яе ікон, ручнікоў, духоўных тэкстаў? Архімандрыт Сава тлумачыць:

- Калі мы з Андрэем перабіралі экспанаты для выставы, то ў рукі трапіла салоначка матушкі Манефы. А калі мы думалі над назвай выставы, то сярод варыянтаў усплыў выраз “соль зямлі”. І салонка была вельмі дарэчы.

А далей архімандрыт Сава узгадаў яшчэ шмат цікавых гісторый пра лёсы новамучанікаў, лёсы рэчаў, лёсы храмаў… Тыя асобы, пра якіх ён распавёў, і ёсць, паводле архімандрыта, тая самая соль зямлі, на якой трымаецца рэчыва свету ад распаду.

- Я думала, што ўсё будзе доўжыцца толькі адзін дзень, таму вельмі спяшалася. Але потым даведалася, што выстава працягнецца яшчэ тры месяцы. Прыйду да вас яшчэ, і не адна, - прызнаецца наведвальніца, якая назвалася Наташай.

- Выстава добрая. Але трохі дзіўна: Веткаўскі музей – музей стараабрадніцтва. Больш адэкватна выстава глядзелася б у епархіяльным будынку Маскоўскага патрыярхату, але з удзелам Веткаўскага музея, - падзяліўся ўражаннямі яшчэ адзін наведвальнік выставы. Трэба адзначыць, што шмат хто пасля адкрыцця сапраўды прагнуў пабачыць стараверскія іконы, якіх сёння ў экспазіцыі філіяла амаль няма. Пра поспех жа чарговага “сумяшчэння несумяшчальнага” даведаемся праз колькасць палымяных запісаў у нашай кнізе водгукаў.

Архімандрыт Сава падчас адкрыцця адзначыў, што некаторыя рэчы на выставе – гэта не проста рэчы, а яшчэ і святыні, бо належалі яны святым людзям. Таму да сярэдзіны красавіка ў вас ёсць магчымасць не толькі наведаць нашую экспазіцыю, але і здзейсніць своеасаблівае паломніцтва.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.