Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Адкрыццё выставы "Сад" у філіяле Веткаўскага музея

"Ой ты, саду, ты мой саду, зеляненькай…" - распачынае адкрыццё выставы жывы народны спеў. Гэтая песня родам з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна. Адтуль жа родам і ўнікальныя ручнікі Неглюбскай традыцыі, што прадстаўлены на выставе: яркія, стракатыя, рознакаляровыя, але, разам з тым, цалкам гарманічныя.
Аднак у цэнтры ўвагі выставы не толькі неглюбскія ручнікі, аздоба якіх з архаічнага геаметрычнага чырвона-белага арнаменту са з'яўленнем рознакаляровых нітак пераўтварылася ў сапраўдны сад. Карціны гомельскага мастака Аляксандра Лобана, выкананыя ва ўнікальнай тэхніцы ікеБагны,значна дапоўнілі і ўзбагацілі выставу, зрабіўшы непаўторным дыялог традыцыі і сучаснасці.
Тэхніка ікеБагны, вынайдзеная самім Аляксандрам Лобанам, немудрагелістая. Але ў ёй адчуваецца асаблівая паэтычная чуллівасць. Здавалася б: звычайная раска, у звычайным балоце… Аднак дадаўшы крыху фантазіі, з гэтага можа нарадзіцца арыгінальнае мастацтва. Багна Аляксандра Лобана - не непраглядная, змрочная твань. У карцінах вельмі шмат сонечнага жоўтага колеру, і па яскравасці хтанічная багна ні кроплі не саступае райскаму саду на неглюбскіх ручніках.
Аднак пра апошнія, бадай, ніхто лепш і прыгажэй не распавядзе, чым дырэктар нашага музея Галіна Рыгораўна Нячаева. Заглыбіўшыся ў сапраўдны цуд каларыстыкі і напышлівасць арнаментаў гэтых тканых шэдэўраў, яна нарэшце вымаўляе:
- Я занадта доўга кажу, але гэта таму, што я сябе тут добра адчуваю.
Не менш добра, відавочна, адчувалі сябе і наведнікі, і сам мастак, натхнёна распавядаючы пра сваю тэхніку, матывы і сюжэты творчасці. Тут і Патароча - балотная здань, і Ляля - багіня прыгажосці, і камарыныя раі, што таўкуцца-кружляюць над балотам…
- Атрымалася надзвычайна! - дзеліцца сваімі ўражаннямі, ухваляючы парыў мастака, наведніца Ларыса.  - Перакрыжыванне карцін з ручнікамі - нават у знаках-арнаментах - цікавае для мяне адкрыццё.
Прыемна, што гэткая суладнасць твораў не пакінула нікога абыякавым. Не заставайцеся ў баку і вы: наведаць выставу можна будзе цягам верасня.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.