Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Фестываль ткацтва "Кросенцы" прайшоў у філіяле Веткаўскага музея

Ледзь не гадзіна прайшла з таго часу, як фестываль мусіў адкрыцца, аднак надвор'е ўсё яшчэ не жадала ўтаймоўвацца. Ды загадчык філіяла і вялікі аптыміст па жыцці Пятро Цалка быў непахісны: "Фестываль будзе праходзіць на вуліцы". І не прагадаў, бо ўжо каля 14.30 вызірнула сонца, а ад дажджу засталіся хіба што ўспаміны.
Больш за ўсіх не пашанцавала калектыву "Стаўбунскія вячоркі": падчас іх выступу яшчэ ішоў дождж. Відаць, таму стаўбунскія спявачкі і не затрамаліся надоўга на сцэне. Пасля некалькіх песень у іх выкананні прыйшла чарга прадстаўляцца майстрам па ткацтве.
Першая майстрыха - Людміла Кавалёва - прыехала са слыннай сваімі ткацкімі традыцыямі вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна. І яе вітальнае слова было поўнае гонару за той скарб, які пакінулі ёй продкі, за тую справу, якую яна робіць. Другая ж - Зося Бабакова - жыхарка Гомеля, і ткаць яна навучылася менавіта ў нашым філіяле. У яе прамове гучалі шчырыя словы падзякі Пятру Цалку, з дапамогай якога яна і авалодала ў свой час гэтым майстэрствам. А ў далейшым падчас фестывалю той, хто хацеў, мог звярнуцца да майстрых з просьбай распавесці пра ткацтва і нават паспрабаваць крыху паткаць сваімі рукамі. Можна было паспрабаваць паткаць дыванок са старых анучак і на вертыкальным станку пад кіраўніцтвам супрацоўніцы нашага музея Галіны Парашчанка. Была  магчымасць паткаць і ў маленькіх дзяцей, якім пакуль цяжкавата справіцца з вялікімі кроснамі: Надзея Мармукова - супрацоўніца ПТДіМ "Юнацтва" - была рада патлумачыць, як працаваць з маленькімі станочкамі.
 
 
Наступным пунктам праграмы быў выступ гурта "Ягорава гара" з Гомеля. Прыблізна ў гэты ж час унутры музея распачаўся майстар-клас па неглюбскіх гарлячках - жаночым упрыгожанні з бісера, якое некалі насілі неглюбчанкі на шыі.
- Гэта ж гарлячкі! Нашы, неглюбскія! Якія вы малайцы… - казалі ў захапленні, пазнаўшы сваё, роднае, жанчыны, што прыехалі з Неглюбкі на фестываль.
А на сцэне тым часам "Ягораву гару" змянілі чарговыя ўдзельнікі з Веткаўшчыны - калектыў з вёскі Старое Сяло "Рэчанька". А яго, у сваю чаргу, змяніў калектыў Вясёлыя музыкі" з Веткі. Праўда, з усяго калектыву змог прыехаць толькі адзін гарманіст, але на дапамогу яму прыйшлі намочаныя напачатку дажджом "Стаўбунскія вячоркі",  заспяваўшы разам з ім прыпеўкі.
 
Адбыліся ў межах фестывалю і іншыя майстар-класы. Так, напрыклад, дырэктар нашага музея Галіна Нячаева распавяла пра дзявочы і жаночы неглюбскі строй, пра асаблівасці яго апранання і адметнасць яго арнаментальнага ўпрыгожвання.
 
Адразу ж пасля гэтага адбыўся і майстар-клас па традыцыйных ляльках-дзесяціручках. А месца ля мікрафонаў заняў гомельскі гурт "Млын Сонца". Не чакаючы абяцанага майстар-класу па танцах, моладзь пусцілася ў скокі…
 
 
У прамежках паміж часткамі праграмы ў гасцей была магчымасць наведаць філіял Веткаўскага музея, выбраць выстаўлены на продаж мёд і нават пакаштаваць гарбаты з самавара.
 
Але ж неўзабаве прыйшла чарга і танцаў. З дапамогай маршалка ГМКГА "Талака" Марысі Тульжанковай госці маглі навучыцца танчыць "Кракавяк", "Грачанікі", "Ночку", "Базар" ды іншыя традыцыйныя танцы, ну а музычнае суправаджэнне забяспечылі музыкі гурта "Млын Сонца".
 
 
Завяршыў фестываль выступ музычна-вандроўнага аркестрыка "Вурай" з Мінску. Лепшага фіналу, бадай, нельга было прыдумаць. Моладзь бадзёра скокала пад энэргічныя рытмы, вадзіла карагоды, а старэйшае пакаленне слухала, ўсміхалася, паддаючыся неверагоднай харызме лідара гурта Сержука Гаюна, ды раз-пораз запытвала, хто гэта выступае і адкуль да нас прыехалі гэткія музыкі.
 
 
 
 
 
Напрыканцы спонсару фестывалю - ЧСУП "Линия сноса" ў асобе кіраўніка Юрыя Алегавіча Суліма была падорана выдадзеная Веткаўскім музеем кніга "Живая вера. Ветка"
 
 
 
 
 
Больш фота з фестывалю "Кросенцы" глядзіце ў нашай фотагалерэі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.