Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Веткаўскі музей прыняў удзел у святкаванні Дня горада Веткі

70 год таму Ветка была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цяпер дату вызвалення адзначаюць тут як Дзень горада. Аднак дзень вызвалення Веткі - 28 верасня - супаў з правядзеннем рэспубліканскіх Дажынак, і таму рэгіянальная свята было перанесена на 5 кастрычніка.
Разгарнулі сваю актыўнасць гэтым суботнім днём на гарадскім стадыёне сельсаветы, прадпрыемствы і арганізацыі з усёй Веткаўшчыны: кожная ўстанова прэзентавала свой непаўторны падворак. Не застаўся ў баку і Веткаўскі музей, арганізаваўшы стараверскі падворак з гарбатай, самаварамі, блінцамі ды іншымі прысмакамі.
Са сцэны, таксама ўсталяванай на стадыёне, даносіліся спевы і музыка, віншаванні са святам, словы гонару за горад, які заснаваны быў далёка не 70 год таму і меў некалі колькасаць насельніцтва большую, чым у Гомелі. А ў нашым стараверскім падворку наглядчыца музея Марыя Рослікава гасцінна запрашала ўсіх пачаставацца блінамі, мёдам, гарбатай… Балазе стараверы, як вядома, дужа любілі гэтую справу.
- Не садзяцца абедаць, пакуль гарбаты не нап'юцца, - распавядае адзін з абарыгенаў каля нашага падворка, прыгадваючы сваё дзяцінства. - Ды ваду не ўсялякую бралі для гэтага, а толькі ў адным калодзезі, бо там лепшая была.
Здавалася, што Марыя Фёдараўна ведае ледзь не ўсіх веткаўчан асабіста. Аднак шмат хто нават са знаёмых чамусьці саромеўся і сціпла адмаўлялўся ад прапановы папіць гарбаты. Вось тады, каб не стаяць дарэмна ды не сумаваць, гаспадыня падворка падклікала вядомага на ўсю Веткаўшчыну хальчанскага гарманіста Емяльяна Бабкова:
- Аўрамыч! Давай "Сямёнаўну"!
 
 
Вось так - нясумна і з песнямі - прайшоў гэты дзень для супрацоўнікаў музея. А ўвечары веткаўчан чакаў працяг канцэртнай праграмы і святочны феерверк.
Больш фота са святкавання Дня горада Веткі глядзіце ў нашай фотагалерэі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.