Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

“Гуляла пава…” – прэзентавана выстава неглюбскага строю ў Мінску

18 верасня ў Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў прэзентаваны выставачна-даследчы праект “Гуляла пава…”. У наведвальнікаў выставы была ўнікальная магчымасць убачыць трансфармацыю вясковага строюадной вёскі на зрэзе двух стагоддзяў (ХІХ – ХХ ст).

Аўтар ідэі і куратар выставы, Ірына Юр’еўна Смірнова, добрую частку свайго навуковага жыцця прысвяціла вывучэнню менавіта неглюбскага строю. І таму з захапленнем можа распавядаць не толькі пра сістэму крою, кампазіцыю арнаментыкі і разнастайныя тэхнікі вышыўкі, але і пра гісторыю, традыцыйную і духоўную культуру в. Неглюбка – гэтай чароўнай, унікальнай і таямнічай вёскі.

Сярод шматлікіх арганізацый і людзей, што ўдзельнічалі ў рэалізацыі выставачнага праекта, можна адзначыць і Веткаўскі музей: амаль увесь строй, што ўпрыгожвае адзін  з дзесяці манекенаў, быў прадстаўлены менавіта нашым музеем.

- Калекцыя неглюбскіх кашуль у Веткаўскім музеі – самая вялікая ў краіне. Выключны выпадак, калі з адной вёскі сабрана больш як трохсоценная (!!!) калекцыя кашуль. Гэта цікавы музейны эксперымент: па-першае, не ўсе музеі могуць дазволіць сабе такую магчымасць, а па-другое, не бачаць сэнсу збіраць такую колькасць рэчаў.  Веткаўскі музей заўжды ведаў, дзеля чаго гэта збіраецца… Такая буйная калекцыя дае магчымасць аналізаваць, параўноваць, вывучаць мастацкія асаблівасці лакальных традыцый глыбока і дасканала. Калі б не было “веткаўскай” калекцыі, у мяне як навукоўца не было б магчымасці правесці, напрыклад,  пэўны аналіз кашуль, зрабіць іх класіфікацыю. Тое ж тычыцца і іншых прадметаў адзення неглюбскага строю: панёў, хустак і г.д.  Дзякуючы гэтай цудоўнай магчымасці мы можам выявіць дынаміку строю, развіццё яго ў часе…, – адзначае аўтар ідэі выставы, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Да таго ж, наведвальнікі выставы змаглі паглядзець на яшчэ адну ўнікальную калекцыю, створаную ўжо ў ХХІ стагоддзі. Намаганнямі старэйшага навуковага супрацоўніка аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства Марыі Мікалаеўны Віннікавай пры супрацоўніцтве з УП “Скарбніца” быў рэалізаваны праект па рэканструкцыі рэгіянальных строяў Беларусі.

- Многія  з убачаных сёння рэканструкцый строяў у поўным комплексе мы не пабачым ні ў адным з музейных збораў, бо гэта вынік шматгадовага даследавання і збору інфармацыі ў розных куточках  Беларусі і нават за яе межамі,– адзначае Марыя Віннікава.

Добры ж настрой цягам усёй выставы падтрымліваў сваім чароўным спевам гурт “Горынь” Рэспубліканскага маладзёвага грамадскага аб’яднання “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.