Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Веткаўскі музей на форуме “Музеі Беларусі” - 2014: дзень другі

Вось і скончыўся  II Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Апошні дзень быў для Веткаўскага музея карысным, значным, багатым на падзеі. Сёння нашы супрацоўнікі прэзентавалі дэманстрацыйную праграму "Выйдзі, Манечка! Надзень панёўку, завяжы галоўку…", кнігі "Живая вера. Ветка" и "Книжная культура. Ветка", наведалі лекцыю і трэнінг “Музей і тэксты” ад нямецкага спецыяліста Хрысціны Янэке.

А яшчэ наш дырэктар Галіна Нячаева перамагла ў намінацыі “Лепшы кіраўнік музея”.

- Дзівосная, неверагодна самаадданая… Яна прыдумала, нарадзіла гэты музей, як уласнае дзіця. Яна ім жыве, яна ў ім жыве, яна дзеля яго жыве. І меркаванне членаў журы супала, што шмат аб чым гаворыць: калі калегі кажуць “так”, то гэта “так” з трыма клічнікамі, - кажа старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева, уручаючы Галіне Рыгораўне ў падарунак электронную кнігу.

- Дзякуй вам за ваш давер. Я шмат слоў не ўмею казаць, але калі вы прыйдзеце да мяне ў музей, то абяцаю, - кажа наш дырэктар, відавочна хітруючы, бо перад гэтым вельмі красамоўна прамаўляла аб тым, што гэта за справа – быць дырэктарам музея.

Віншуем Галіну Рыгораўну з заслужанай перамогай!

Глядзіце фота з апошняга форумнага дня.

Генеральная рэпетыцыя прэзентацыі дэманстрацыйнай праграмы. Праграма "Выйдзі, Манечка! Надзень панёўку, завяжы галоўку…" – гэта былы сумесны з Гомельскім каледжам машынабудавання праект, прэзентаваны ў 2014 годзе на конкурсе “Беларускі вянок”.

Хрысціна Янэке распавяла пра тэксты ў экспазіцыях музея, іх прызначэнне, сучасныя патрабаванні да іх з улікам густаў і патрэб наведніка і інш.

Музей падараваў дырэктару расійскага Дзяржаўнага Эрмітажа Міхаілу Піатроўскаму два сваіх унікальных выданні, прэзентаваных на форуме - "Живая вера. Ветка" и "Книжная культура. Ветка".

На ўрачыстым закрыцці форуму і цырымоніі ўзнагароджання.

Пасля афіцыйнай часткі для ўдзельнікаў форуму граў гомельскі інструментальны ансамбль "Лірыца".

Такі торт быў падораны арганізатарамі дырэктару Эрмітажа. Упрыгожанне да яго - дзве салодкія выявы (палаца Румянцавых і Паскевічаў і Эрмітажа).

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.