Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Веткаўскі музей праводзіць заняткі для дзяцей “тКачаняты”

У філіяле Веткаўскага музея ў межах фестывалю “Кросенцы” праходзяць заняткі па традыцыйным ткацтве для дзяцей. Цягам тыдня маленькія наведнікі мусяць спасцігнуць таямніцтвы старажытнага майстэрства, а плён іх працы будзе прадэманстраваны падчас заключнай праграмы фестывалю 30 жніўня.

Арганізатар дзіцячай школы традыцыйнага ткацтва “тКачаняты” Вольга Вінаградава распавяла, што ўжо ведаюць і ўмеюць яе вучні, а што іх чакае наперадзе:

- Спачатку мы разглядалі матэрыялы, якія ёсць вакол нас: кветкі, травы. Спрабавалі ткаць на бердзечку, бралі за аснову вертыкальны станок. Сёння ў нас былі кручаныя паясы. Будзем яшчэ працаваць на гарызантальным ткацкім станку і разглядаць сімволіку ўзораў.

Ніжэй – фотаздымкі з другога па ліку занятку “Ткацтва на бердзечку. Лекавыя якасці зёлак. Ткацтва “зёлкавых” габеленаў”. У тэарэтычнай частцы дзеці даведаліся, як вырабляюцца ніткі. Паколькі асноўная сыравіна – гэта расліны, практычная частка цалкам была звязаная з імі. Дзеці выраблялі паштоўкі, аздабляючы іх зёлкамі, а потым пайшлі на другі бок Сажа, дзе ткалі на бердзечку палотны з раслін.

Такія палотны нельга назваць традыцыйнымі, аднак, па словах Вольгі Вінаградавай, іх можна выкарыстоўваць у афармленні інтэр’ераў. Акрамя таго, для дзяцей гэта яшчэ і своеасаблівы сеанс ароматэрапіі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.