Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

"Стрэльная" экспедыцыя па Гомельска-Бранскім памежжы. ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

Веткаўскі музей ужо з пачатку свайго існавання надаваў вяліку ўвагу экспедыцыйным вандроўкам. Напачатку гэта былі "паходы" па веткаўскіх вуліцах з мэтай збору інфармацыі пра "памяць" гісторыі. Пасля ўжо і шматлікія "неглюбскія" і "слабодскія" выезды. Сам жа заснавальнік Веткаўскага музея, Фёдар Рыгоравіч Шкляраў, быў вялікім аматарам выязджаць не толькі маляваць эцюды на прыродзе, але і папаўняць калекцыі музея. Да гэтага часу супрацоўнікі музея не здраджваюць традыцыі вядзення актыўнай палявой працы па зборы матэрыялаў.
 
Так, напярэдадні правядзення абраду "Пахавання Стралы", што да нашага часу захаваўся ў жывым бытаванні ў нашым рэгіёне, супрацоўнікі запасліся фота-, відэа-, аўдыятэхнікай і выправіліся ў вандроўку па памежных вёсках Веткаўшчыны і суседніх Навазыбкаўскім, Краснагорскім і Гардзееўскім раёнах Браншчыны.

Дзень першы: пошукі традыцыі і вяртанне да "сяброў"

Раніца… Грузім музейны аўтамабіль, дапіваем гарачую гарбату, атрымліваем апошнія парады-настаўленні ад музейшчыкаў з вопытам (яны, дарэчы, яшчэ ў далёкія 1970-80-я гады пратапталі экспедыцыйныя сцежкі па Веткаўшчыне) і выпраўляемся.
Верашчакі
Шмат ужо наслуханыя і начытаныя пра слынную ў свой час вёску, якая нароўні з Неглюбкай славілася сваім ткацтвам і спевамі. Так, і зараз ёсць чаму дзівавацца: разныя аканіцы нібы карункамі абплятаюць вокны дамоў, ручнікі ярка ззяюць у чырвоных кутах, нагадваючы пра былую веліч традыцыі, жанчыны, што падзяліліся групкамі, абмяркоўваюць жыццё-быццё на лавачках.
Атрымаўшчы патрэбную для нас інфармацыю (дзе, у які час і хто будзе "хаваць Стралу"), едзем далей.
Ялоўка
Апошні раз у Ялоўцы мы былі гады 3-4 таму… Засталіся самыя прыемныя ўражанні. З надзеяй, што мясцовая ткачыха яшчэ не кінула сваю справу, узялі з сабой "гасцінец" – вялікую бабіну нітак. Як і раней, падыходзім да двара – і чуем звонкі голас бабы Ганны, –  вядзе гаспадарку. Абдымаемся, цалуемся, слёзы на вачах… Эмоцыі зашкальваюць! Але не забываем, што мы не проста пагасцяваць прыехалі, таму адразу ўключаем усю "фіксуючую" тэхніку. Распытваем пра ткацтва, тэхналагічныя прыёмы, традыцыйнае адзенне, спевы, сабліва спыняемся на тэме "Стралы". Ганна Рыгораўна не толькі ўзгадвае, а яшчэ і пяе нам Стрэльныя песні: "Раньшай жэ куды не йдзеш – усюды пелі. От Стрялу дак ета ж ад самае Паскі да Ушэсця не сціхалі пець. Выйдзяш, бывая, на вуліцу і запяеш. А там яшчэ падходзюць і падходзюць. У нас жа восем рынкаў (закуткоў – П.Ц.) было, і ў кожным свая кампанія і дажа з гармоняю. Дак етая ж Стряла, мае дзетачкі, не сціхала. Усе сорак дней пасля Паскі пелі. А на Ушэсця, ета, "хавалі" Стрялу".
Пачулі яшчэ шмат расповедаў не толькі ад Ганны Рыгораўна, але і ад іншых жыхароў вёскі. Пабачылі "Свячу", што тут мае свой варыянт, зайшлі ў драўляную царкву і з прыемнасцю адзначылі для сябе актыўнае бытаванне і ў наш час "аброчнай" традыцыі. Усе іконы ў царкве былі завешаны новымі яркімі вышыванымі ці тканымі ручнікамі. "Етаж вот мая ікона. Я яе ў цэрькаў са свае хаты аддала. Вот жа я яе і даглядаю. І рушнічок новы вышываю штогод, і благадарю яе за помач", – каментуе традыцыю жанчына з Ялоўкі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.