Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Снежаньская этна-вечарына "Кудзеліца"

"Піліп дзяцей апранае", так казалі ў народзе пра Піліпаўскія вячоркі. І звязана гэта было са звычаем увесь Піліпаўскі пост займацца вырабам нітак, а дакладней прадзеннем кудзель ільну ды воўны.

Ужо добрай традыцыяй сталася збірацца ў філіяле Веткаўскага музея, што знаходзіцца ў самым цэнтры Гомеля, на тэматычныя вечарыны. Кожны раз выбіраецца арыгінальная тэма, якая будзе суадносіцца з традыцыйным календаром беларусаў. На аўтэнтычным матэрыяле супрацоўнікі музея пры падтрымцы сваіх сяброў рыхтуюць абрадавыя спевы, дзеянні, майстар-класы.

Паколькі тэмай снежаньскай вечарыны абрана прадзенне, то і прыйшлося музею "пашкрабці па сусеках" і даставаць з "закрамоў" пранікі, церніцы-мялкі, трапала, часала, грэбні, верацёны ды самапрадкі. Так, вырашчаны ў гэтым годзе лён пайшоў у справу. Спачатку ўсім прысутным прыйшлося перайсці праз першы з музейных законаў-бар’ераў - "рукамі не чапаць!" Бо ўсё, што было падрыхтавана, напрамую датычылася ручной працы. Жанчыны і мужчыны, дзяўчаты і хлопцы ды маленькія дзецюкі па-заліхвацкі пачалі "расправу" з ільном на церніцы. Церлі-мялі аж пыл стаўбом стаяў, кастра нібы завея запарушвала вочы і тут наведвальнікам раскрылася адна з таямніцаў: месяц кастрычнік, самы зручны час для таго, каб церці лён, з якога і ляціць шмат кастрыцы, вось і атрымаў месяц назву дзякуючы асноўнаму жаночаму занятку на той час.

Пасля лён патрэбна было патрапаць. Тут, шчыра кажучы, не меней "трапалі" і языкамі ўдзельнікі вечарыны: хто дзяліўся эмоцыямі, хто пра касмалогію працэсу распавядаў, а хто ўзгадваў сваё дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы.

Трымаючы ў руках вытрапаныя і вычасаныя пасмачкі срэбранага ільну, менавіта такім апынуўся ягоны колер, ва ўсіх гарэлі вочы - што ж будзе далей? А далей, усе ўзяліся за верацёны і пачалі прасці спрадвечную нітку жыцця і мудрасці. І ніякіх табе гендэрных межаў, бо з аднолькавым захапленнем пралі нітачкі і жанчыны, і мужчыны. Кола самапрадкі ўсё круцілася і круцілася, нібы закручваючы ўсіх удзельнікаў вечарыны ў магічны рытм традыцыі. А рытм тут насамрэч адчуваўся, бо падтрымлівалі яго сапраўдныя захавальнікі аўтэнтычнай спеўнай культуры Веткаўшчыны - гурт "Стаўбунскія вячоркі". Жанчыны шчыра дзяліліся ўспамінамі пра сваё дзяцінства, у многіх яно таксама прайшло з верацяном у руках. Адмыслова для нашай піліпаўскай вечарыны ў рэпертуар гурта ўвайшоў новы жанр - духоўныя вершы, або псальмы. І тут у адзінае злілася і песня, і кручэнне верацяна, і павароты самапрадкі, і думкі нашы паліліся ў такім жа рытме. І пасля ўсяго гэтага засталася ўпэўненасць, што ўсе нітачкі, створаныя падчас вечарыны, будуць нагадваць пра тое чараўніцтва, якое падуласна кожнаму чалавеку.

Своеасаблівым чараўніцтвам на вечарыне былі і спевы з Наталляй Дубровай, якая развучыла з усімі ўдзельнікамі калядную песню "Го-го-го, каза!" Да гэтага яшчэ дадаліся архаічныя калядныя напевы "Стаўбунскіх вячорак".

Сапраўднай магіяй для многіх быў і святочны стол, які традыцыйна ладзяць удзельнікі вечарыны: салёнае ды смажанае сала з гурочкамі ды грыбочкамі, каўбасы, блінцы з сырам ды маслам, гарбузяная каша, "саленні-варэнні", пірагі, адмысловы "шышкавы" квас, травяная гарбата і так да бясконцасці можна працягваць наш "смачны" шэраг. Мабыць, гэта было адзінае адступленне ад традыцыі на вечарыне, бо ў пост і ежа павінна быць поснай.

Як заўжды, усё аказалася па-хатняму ўтульна і сапраўдна. Кожны атрымаў, як кажуць, "і казку, і абаранкаў вязку".

P.S. Нагадваем, што кожны месяц філіял Веткаўскага музея ладзіць тэматычныя вечарыны, таму сачыце за навінамі на нашым музейным сайце і заходзьце ў госці!

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.