Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

“Мы на сена ідзём, мы на новае…” - абрад “Сена”

“Мы на сена ідзём, мы на новае…” Супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці пабывалі ў вёсцы Старое Сяло на абрадзе “Сена”.

Па сваёй структуры абрад падобны да “Ваджэння і пахавання стралы”, што праводзіцца ў некаторых іншых вёсках Веткаўскага рэгіёна. Два гурты ідуць з розных канцоў вёскі насустрач адно аднаму з адмысловымі спевамі, а потым, калі сустракаюцца, водзяць агульны карагод. Але існуе ў абрадзе і шмат адрознага, што надае яму ўнікальнасць.

Па-першае, праводзяць “Сена” не на Ушэсце, а на другі дзень Вялікадня.
Па-другое, істотна адрозніваецца і семантыка: абрад ладзяць непасрэдна дзеля таго, каб урадзіла сена. Мясцовая бібліятэкарка Інна Паўлаўна распавядае: “Аднойчы, вельмі-вельмі даўно, у нашых продкаў было страшэнна засушлівае лета. Адтуль і пайшоў гэты абрад. На другі дзень Вялікадня продкі прасілі Бога, каб не абдзяліў іх сенам”.
Па-трэцяе – і гэта звязана з папярэдняй асаблівасцю – гурты ідуць па вёсцы не з пустымі рукамі, а ўзброіўшыся граблямі, косамі, віламі, а ўдзельнічаць у гэтым маглі не толькі жанчыны, але і мужчыны.

“Паходныя” песні з распаўсюджанымі падчас абраду “Пахаванне стралы” сюжэтамі старасельцы пачынаюць словамі: “Мы на сена ідзём, мы на новае”. Карагод пры злучэнні двух гуртоў водзяць таксама спецыфічны. Ён мае назву “Хрэн”:

Ой хрэн, ты мой хрэн, садавой, яравой,
Ці не я цябе садзіў, ці не я паліваў,
Садзіў цябе он, паліваў Селівон.
Селівонава жына пры дарозе жыла
Русу косу часала, прыгаварывала,
Ой расці мая каса да самога паяса,
Да самога паяса, да шырока сапага.
Як ехалі баяре семі горад гарадамі,
Як увідзелі девчонку – панаравілась, разрумянілась,
Ой, румяна, румяна, ой, бялява, белява.

Карагод водзіцца некалькі разоў, паміж якімі адна жанчына пытаецца ў другой: “Цётка, цётка, хрэна даш?”, на што тая адказвае: “Да ешчё малы, няхай падрасце!”. За апошнім разам першая жанчына забірае хрэн, бо ўжо “вырас”.
Нельга сказаць, што абрад занепадае, як, напрыклада, тая ж “Страла” ў Неглюбцы. Аднак і былога размаху ўжо няма. Нягледзячы на тое, што “Сена” было адноўлена намаганнямі супрацоўнікаў дома культуры, гурт з граблямі ды віламі па вёсцы ходзіць усяго адзін: пачынае абыходзіць ад будынку дома культуры і сюды ж вяртаецца. Не праяўляе асаблівай актыўнасці і старасельская моладзь: яна хоць і ходзіць вакол вёскі з гуртом, але спявае разам з усімі толькі дачка бібліятэкаркі Наталля. “Зараз маладых вельмі цяжка кудысьці выцягнуць. Толькі і ведаюць свой камп’ютар…”, - прызнаецца Антаніна Лукінічна, кіраўніца спеўнага калектыву.

Няма месца і колішнім гулянням на вуліцы, якімі завяршаўся абрад: з хаты, ля якой спынялася шэсце, раней выносіліся сталы і частаванні. Усе весяліліся, спяваючы песні і прыпеўкі. Песні з прыпеўкамі гучалі і сёлета, аднак стол быў накрыты ў сценах дома культуры.

Былі запрошаныя за стол і супрацоўнікі музея, аднак доўга заседжвацца за ім не сталі: трэба было знайсці больш старых людзей (інфарматараў), што маглі б распавесці сёе-тое аб тым, як ладзілі “Сена” раней. На жаль, звесткі, што атрымалася здабыць, аказаліся вельмі скупымі і супярэчлівымі, бо бабулі-інфарматаркі цяпер ужо мала што памятаюць. Напрыклад, нехта казаў, што карагод “Хрэн” вадзілі, але сам хрэн у вядры не выносілі, а нехта – што такога карагоду ўвогуле не было. Тым не менш, абрад варта захоўваць, бо нават у якасці турыстычнага аб’ёкта ён мае не меншую каштоўнасць, чым “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Гэткімі і былі пажаданні старасельцам гасцей з Гомеля: адраджаць, абараняць і захоўваць сваё ўнікальнае, роднае.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.