Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Адкрыццё выставы "Шыццё як жыццё" у філіяле Веткаўскага музея

11 сакавіка 2016 года ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася новая выстава "Шыццё як жыццё". У апошні час, асабліва сярод гарадскога насельніцтва, адчуваецца тэндэнцыя звароту да ручной працы (Handmade). Нехта займаецца вязаннем, вышыўкай, бісерам, глінай, дэкупажам, пляценнем… Нехта ўсім і адразу.

Свой шлях у "рукадзельным жыцці" знайшла і гамяльчанка Святлана Георгіеўна Баразна. "Колькі сябе памятаю, увесь час нешта рабіла сваімі рукамі", – распавядае майстар. Святлана Георгіеўна – фармацэўт-правізар па адукацыі, на дадзены момант займае пасаду загадчыка адной з аптэк горада Гомеля. Аднак вялікую частку свайго жыцця яна прысвячае мастацтву лапікавага шыцця. "І вышывала, і вязала, нешта клеіла, пляла, але вось лапікавае шыццё з часам стала асноўным", – дзеліцца сваёй творчай гісторыяй Святлана Георгіеўна. Ужо 15 гадоў з-пад умелык рук майстра выходзяць цудоўныя падарункі для сваякоў і сяброў. У геаграфію шматлікіх "лапікавых цудаў" Святланы можна смела ўносіць не толькі блізкія да нас Расію, Украіну, Польшу, Літву,  але і Германію, Англію і нават Канаду ды Аўстралію.

Каля паўсотні прадметаў майстра напаўняюць сцены, палічкі і вітрыны аднаго з выставачных залаў філіяла Веткаўскага музея. Каб сабраць усю гэту прыгажосць у адной зале, Святлане прыйшлося добра "паскрабці па сусеках", бо амаль усе рэчы, што прысутнічаюць у экспазіцыі "Шыццё як жыццё", ужо даўно знайшлі сваіх гаспадароў і жывуць уласным жыццём. "Не імкнуся ўсё, што раблю, пакінуць у сябе, няхай людзі карыстаюцца. Шмат раздорваю родным ды сябрам. Ёсць толькі фотаальбом, дзе збіраю фота сваіх прац", – з усмешкай гаворыць Святлана Георгіеўна.

На выставе можна яшчэ сустрэць і швейныя машыны розных вытворцаў і розных гадоў вытворчасці: ад "SINGER" пачатку ХХ ст. з самаробным драўляным нажным прывадам да сучаснай электрычнай "TOYOTA". На апошняй, дарэчы, кожны наведвальнік выставы можа паспрабаваць свае навыкі ў лапікавым шыцці, стварыўшы свой маленькі "шэдэўр". Адзін з такіх "шэдэўраў" ужо пашылі падчас адкрыцця выставы студэнты ГДУ імя Францыска Скарыны, якія завіталі ў наш музей.

Яшчэ больш фота з адкрыцця выставы глядзiце ў нашай фотагалерэi

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.