Міжнародная акцыя "Ноч Музеяў – 2016" прайшла ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі

вкл. .

Упершыню пускаць наведвальнікаў у музеі ноччу пачалі ў Германіі ў 1997 годзе, падчас правядзення акцыі "Доўгая ноч музеяў" (LangeNachtderMuseen). Кожны год дадзеная акцыя пашырае свае арэалы: да яе далучаюцца самыя розныя музеі, галерэі, выставачныя залы. На дадзены момант да ўдзелу ў акцыі далучылася каля паўсотні краін свету.

У Веткаўскім музеі гэта Ноч была ўжо пятай па ліку. Распачаўшы традыцыю сустракаць наведвальнікаў да позняй ночы ў 2012 годзе "Ноччу Цмока", супрацоўнікі музея кожны год імкнуцца здзівіць гледача нечым цікавым і незвычайным. Так, у 2016 годзе тэмай "Ночы Музеяў" былі абраны традыцыйныя рамёствы ("Таямніцы рамёстваў"). Таму кожная з выставачных залаў музея ("Душа по радужному мосту…", "Голоса ушедших деревень", "Жывое рамяство") была населена майстрамі, якія шчыра дзяліліся сваімі ведамі і навыкамі. Кожны, хто завітаў у залы музея, мог паспрабаваць свае сілы ў "бісернай справе", папрацаваць гэблікам, свярдзёлкам ды лучковай пілой, узяць у рукі чаўнок з кросен і стварыць свой непаўторны ўзор. Шматлікія майстар-класы былі праведзены і на інтэрактыўных пляцоўках звонку музея: абрадавыя тэкстыльныя лялькі, саломка, свістулька-чаротка, ткацтва паясоў, лапікавае шыццё і іншыя.

Меламанам жа была прадстаўлена канцэртная праграма ад гуртоў "Стары Фальварак", "Бiфолк", "Ягорава Гара", Школы Дзіджэрыду "Рэха Зямлі". Арганізатары акцыі ўпэўнены, што кожны знайшоў мелодыю і рытмы на свой густ, бо падчас выступаў быў выкарыстаны самы шырокі дыяпазон музычных інструментаў: ад экзатычнай дзіджэрыду да традыцыйных цымбалаў, ад класічнага кантрабаса да архаічнага варгана ды барабанаў. Атрымалася нават "павячэраць" з Галінай Нячаевай – яна зачытала свае вершы са зборніка "Ужин с живописцем".

Гастранамічныя ж густы выпрабоўвала этнакавярня. Тут можна было паласавацца гарачанькімі блінамі з начынкай, якія смажыліся на вашых вачах, хатняй выпечкай, зёлкавай гарбатай і нават паспрабаваць квас з сасновых шышак ды бурака. Не адыходзячы далёка ад працэсу паядання смачненькіх бліноў, можна было пазнаёміцца з выставай самавараў з фондаў музея. А пасля сытнага перакусу этнакавярня запрашала на моўныя заняткі "Мова Нанова" і прагляд кінафільмаў на свежым паветры.

Удзельнікі Школкі бытавога танца, што дзейнічае пры філіяле Веткаўскага музея, навучылі ўсіх ахвотных скакаць пад вясёлыя рытмы "Кракавяка", "Падыспані", "Ночкі", "Карапета" ды іншых народных танцаў. Гарэзлівыя ж мелодыі ствараў на сваім гармоніку Віктар Шыпкоў.

Пад вясёлыя рытмы традыцыйнай музыкі адбыўся і "Модны паказ". Дзяўчаты і хлопцы выхваляліся сваімі традыцыйнымі строямі перад гледачамі. Нехта быў апрануты ў аўтэнтычны ўбор, нехта зрабіў сабе рэканструкцыю строя ў ткацкай майстэрні Філіяла Веткаўскаг музея, а нехта з гонарам прахажваўся ў вышымайках.

Не забыліся арганізатары і на малодшае пакленне. На дзіцячай пляцоўцы маленькім удзельнікам вечарыны прапанавалася размаляваць традыцыйныя строі на аркушыках паперы, вылепіць "сусвет" з салёнага цеста, пакатацца на каруселі, "ажывіць" аграменнымі каляровымі крэйдачкамі шэры асфальт і скласці такія ж аграменныя пазлы-кубікі з райскімі паўлінамі ды традыцыйнымі арнаментамі.

Побач не сціхала сталь клінкоў клуба фехтавання і сярэднявечнай рэканструкцыі, што працуе на базе ДК "Фестывальны".

Усе наведвальнікі акцыі атрымалі асалоду не толькі ад цудоўнай канцэртнай праграмы ды шматлікіх інтэрактыўных пляцовак, а яшчэ і ад галоўнай умовы вечара: уваход у музей быў бясплатны.

Яшчэ больш фота глядзіце у нашай фотагалерэі.