Адкрыццё выставы "Кветкі ля хаты"

on .

7 красавіка (пятніца) 2017 года ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі адбылося адкрыццё выставы "Кветкі ля хаты".

Звычайная выставачная зала з чатырма сценамі і трыма вокнамі ператварылася ў сапраўдны сад-палісаднік. На сценах з’явіліся фрагменты драўлянага архітэктурнага дэкору з Веткі: аканіца, франтоны, падзоры, надбрамныя "рашоткі". Звычайныя дошкі пад умелымі рукамі мастроў-разьбяроў нібы зноў узгадалі пра сваю "кучаравасць" і "разрасліся" па перыметру ўсёй хаты ад фундамента да вільчыка даху.

Дамавая разьба

Усе поры годы "заквітнелі" дзякуючы майстэрству гамяльчанкі Ганны Пугачовай, якая пры дапамозе фарбаў ды нітак пераносіць кветкі са свайго хатняга палісадніку на аркушы паперы і тканіну.

- Я нічога не прыдумваю сама, заўжды малюю з натуры, як яно ёсць на самой справе. Спрабую перадаць тую прыгажосць, якую стварыў Бог вакол нас, - распавядае пра свае працы мастачка.

Мастачка Ганна Пугачова

Але ж кожны з нас ведае, што для таго каб кветкі ўпрыгожвалі наш дом і падворак, спачатку іх, нібы дзяцей, патрэбна выгадаваць: пасеяць, дачакацца ўзыходаў, праполваць, паліваць, падхарчоўваць… Здаўна так завялося, што пра насенне кветак у Беларусі вам усё распавядуць ды пакажуць у Дывыд-Гарадку. І, кажучы сучаснай мовай, попыт нараджае прапанову. Старажытнае мастацтва роспісу знакамітых Давыд-Гарадоцкіх куфроў у 1970-80-я гг. знайшло новую форму свайго існавання - рэкламная этыкетка, а па мясцоваму проста "цікетка". Дзякуючы руплівай збіральніцкай працы мастака і выкладчыка Анатоля Міхайлавіча Арлова з Брэсту, на сёння мы маем магчымасць пабачыць гэту ўнікальную традыцыю роспісу ў залі музея. "Цікеткі" аўтарства Дзмітрыя Цубера запоўнілі сваёй веліччу і прыгажосцю адну з вобразных вітрын выставы.

Цікеткі Дзмітрыя Цубера

Хатнюю ж утульнасць і цеплыню ў экспазіцыі стварыла лазовая мэбля, што была зроблена вучнямі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжу народных мастацкіх промыслаў. Дарэчы, калі падчас прагляду выставы ў вас з’явіцца жаданне займець такую ж мэблю ў сябе дома, то гэта цалкам рэальна - яе можна будзе набыць адразу ж у музеі.

Лазовая мэбля

Цудоўны настрой на адкрыцці выставы  падтрымалі музыкі "Трыа Трое".

Калектыў "Трыа Трое"

Дзякуючы віртуознаму валоданню скрыпкай, кантрабасам і акардыёнам музыкі стварылі атмасферу сапраўднага свецкага рауту. І хочаш-нехочаш, а рукі, ногі і нават думкі паддаліся рытмам вальсаў ды танга, якія напаўнялі ў гэты вечар будынак філіяла Веткаўскга музея і выляталі ў квітнеючы, найпрыгажэйшы гомельскі парк.

Музыкі "Трыа Трое"



Паглядзіце нашу фотагалерэю