Рэпетыцыя абраду ці далучэнне да традыцыі?

on .

Адзін з самых вядомых і ў той жа час таямнічых абрадаў Веткаўшчыны - "Ваджэнне і Пахаванне Стралы". Але што ж мы ведаем пра гэты абрад: адкуль ён узяўся, колькі яму гадоў, для чаго ён праводзіцца, што сімвалізуе? Паспрабаваць знайсці адказы на ўсе гэтыя пытанні, і не толькі, сабраліся гэтымі цёплымі веснавымі днямі ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі на этна-імпрэзе "Як пушчу Стралу…"

Сустрэча распачалася з лекцыі, а дакладней, размовы-дыялога пра сутнасць абраду. Менавіта спачатку вырашана было раскрыць як мага шырока тэматыку гэтага ўнікальнага абраду. Але чым болей інфармацыі агучвалася лектарамі і слухачамі, тым болей узнікала пытанняў. І тут, як кажуць, лепш адзін раз паспрабаваць, чым сто разоў пачуць. Наступным крокам у спазнанні "стралы" быў майстар-клас ад метадыста па фальклору  абласнога цэнтра народнай творчасці Ірыны Глушэц. Запісаныя ў экспедыцыях спевы былі старанна пераведзены Ірынай Валер’еўнай ў ноты - атрымалі сваё папяровае ўвасабленне. Распачаўшы спевы "па нотах" адразу адчулася нейкая няўпэўненасць і скаванасць. У чым жа пытанне? Ірына Глушэц патлумачыла: "Немагчыма дакладна на сто працэнтаў перадаць у нотах гучанне аўтэнтычнага спеву. Ён жывы, ён увесь час рухаецца. Нотамі запісваецца толькі аснова, а ўсё астатняе гэта ўжо мясцовая манера, якую могуць перадаць выключна жыхары той мясцовасці, дзе бытуе той ці іншы напеў".

Спевы па нотах

І тут на падмогу нам, "нотным" спевакам, прыйшлі нашы сябры - фальклорны гурт "Стаўбунскія вячоркі". Ужо напрацягу многіх дзясяцігоддзяў яны падтрымліваюць жыццё абраду "Пахаванне Стралы" і мясцовую песенную традыцыю ў цэлым. Менавіта гэтыя жывыя сапраўдныя галасы ўздымаюць процьму авацый на шматлікіх фестывалях у Беларусі і за яе межамі. Узгадаць хаця б нядаўнія "Пакроўскія званы" ў Вільнюсе дзе галоўныя залы Літвы напарцягу пяці дзён заліваліся магутнасцю стаўбунскага спеву, дзе гледачы апладыравалі стоячы "Стаўбунскім вячоркам" - настолькі прафесійна вакальна і эмацыйна валодаюць сваім спевам гэтыя ўнікальныя жанчыны. Але вернемся назад, у філіял Веткаўскага музея, дзе і праходзіў майстар-клас па стрэльным спевам. Праспяваўшы некалькі песень у атачэнні сценаў філіяла ўсе прыйшлі да адной і той жа думкі - гэтыя песні патрабуюць свабоды, раздолля. Таму і выйшлі ўсе на вуліцу, і "завялі стралу" ў гомельскім парку. І тут традыцыя загучала… Як сотні і сотні гадоў таму паміж Вялікаднем і Ушэсцем паліліся "стрэльныя" спевы высока ў неба. Натоўпы людзей пачалі збірацца са ўсяго парку, каб пачуць гэты дзівосныя перазвоны. Нехта проста стаяў і слухаў, а нехта сашчапляў рукі ў агульным карагодзе і таксама спрабаваў стаць часткай традыцыі.

Стрэльны карагод

Калектыў "Стаўбунскія вячоркі"

Пасля асноўнай абрадавай часткі распачаліся танцы, і тут рэй узялі ўдзельнікі "Школкі бытавога танца", што дзейнічае пры філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі. Пад вясёлую мелодыю "полек", "падыспаняў", "лявоніх", "кракавякаў" ды "карапетаў" безперастанку скокалі госці імпрэзы. Гарманіст Віктар Шыпкоў не шкадаваў ні сваіх рук, ні ног танцораў. Не абыйшлося і без падарункаў ад гурта "Стаўбунскія вячоркі", дзякуючы ім рэпертуар "Школкі бытавога танца" папоўніўся яшчэ трыма варыянтамі танцаў з вёскі Стаўбун: "Карманьчыкі", "Кракавяк", "Нарэчанька".

"Школка бытавога танца" ў справе

Яшчэ адным падарункам на сустрэчы можна лічыць ігру дудароў. Так, "падыспань" і "вераб’я" ногі таньчылі менавіта пад гукі дуды. Але самы смак атрымаўся, калі "паімправізавалі" дудары з гарманістам. Можна ўжо смела пачынаць марыць аб тым, што пры філіяле Веткаўскага музея хутка складзецца свой музычны гурт.

Дудары і гарманіст

Падсумоўваючы ўсё вышэйнапісанае, хочацца пажадаць усім нам жыць у традыцыі і разам з традыцыяй, а Веткаўскі музей нам у гэтым дапаможа.



Паглядзіце нашу фотагалерэю