"Галасы стагоддзяў". Як жыве абрад з тысячагадовымі каранямі

on .

Штогод старажытны абрад "Пахаванне Стралы" збірае сотні аматараў традыцыйнай культуры з розных куткоў свету. Чым жа ён цікавы? Што ў сабе хавае ці захоўвае? Хто падтрымлівае жыццё традыцыі? На гэтыя пытанні, і не толькі, паспрабуем адказаць.

Візітоўка рэгіёна

Сапраўды, Веткаўшчына можа ганарыцца сваёй культурнай спадчнай: старажытныя абрады, ручнікі, традыцыйныя строі, помнікі археалогіі, драўляная архітэктурная разьба, іканапіс, рукапісы і такі пералік можна весці яшчэ доўга. Сваё важнае месца ў гэтым "спісе" культурнай спадчыны займае абрад "Ваджэння і пахавання Стралы". Яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя ён прыцягнуў увагу знаўцаў традыцыйнай культуры і да нашага часу цікаўнасць да "Стралы" не знікае. А чаму здзіўляцца? Вакол высокія тэхналогіі і камп’ютарызацыя, а тут сапраўдная архаіка, еднасць чалавека і прыроды. Канешне ж, час ідзе і ўсё мяняецца. І ўжо не ў кожнай вёсцы пачуеш "стрэльныя" спевы на Ушэсце, як гэта было раней. Але ўсё ж такі менавіта наш рэгіён, па праву, лічыцца сапраўдным захавальнікам "Стралы". Да нашага часу абрад у жывым бытаванні можна паглядзець у Казацкіх Балсунах, Пералёўцы, Прысно, Стаўбуне, Шарсціне, Янова, гучыць, але ціха, стрэльная песня яшчэ і ў Неглюбцы. Хоць сутнасць абраду адна і тая ж, але кожны населены пункт мае свае лакальныя асаблівасці. З вышэйпрыведзенага пераліку, маенавіта ў вёсцы Казацкія Балсуны абрад "Пахаванне Стралы" ўнесены ў рэспубліканскі спіс "Нематэрыяльнай культурнай спадчыны", які дае гарантыю падтрымкі абраду з боку дзяржавы. А чаму не ўзяць пад ахову астатнія варыянты Стралы? І тады можна смела арганізоўваць цэлыя "Стрэльныя туры" па рэгіёне. Узвысіцца турыстычны патэнцыял, а значыць і патэнцыял рэгіёна ў цэлым. Пакуль гэта пытанне для роздуму.

Сакральны сэнс

Заўжды прыязджаючы на "Стралу" спрабуеш паяднацца з ёй, хоць крышачку зразумець і людзей, і саму з’яву. Даўно ўжо навукоўцы вывелі цэлы шэраг гіпотэз пра абрад "Ваджэння і пахавання Стралы", якія сваімі каранямі нас вядуць ў даўнія дахрысціянскія часы. Асноўны міф звязаны з вобразам сусветнага змея, які трымае ўсю ваду пад зямлёй і кожную вясну патрэбна "забіць" гэтага змея, каб ён раскрыў жыватворную вільгаць з недраў зямлі на паверхню. Гэтаму пацвержаннем асноўная песня абраду "Як пушчу Стралу…", якая ў выніку забівае "добра молайца, чорна ворана, вутку-селязня, змяю-свякроўку…" і выпускае "жывую ваду" - "Ой, дзе маць плача, там рака цячэ. / Дзе сястрычанька - там крынічанька / Дзе дзеткі плачуць - ручайкі цякуць…". Таму і вядзецца "страла" ў поле, дзе ўжо красуе жыта, якое "ў трубы павілося" і росціць колас. "Пайшоў Бог на небяса, пацянуў жыта за каласа" так сцвяржае народная мудрасць.

Другі, не меньш важны аспект свята, гэта абарона вёскі ад нябеснага агню - маланкі. "Стралой ідзем з сяла, каб гром не пабіў і не папаліў нічога", так тлумачаць свае дзеянні ўдзельнікі абраду. А пасля "дзевяць каласкоў, што нарвеш у полі, за ікону пакладзі, каб у хаці ўсё добра было".

Як жа гэта ўсё зразумець сучаснаму чалавеку, паверыць ва ўсе гэтыя "міфы". Ды ніяк… Гэтым трэба жыць, не шукаць лагічных тлумачэнняў, а проста верыць. Верыць у сябе, у родных і блізкіх табе людзей, у традыцыю, побач з якой жывеш, і якая дае нам сілы жыць далей.

"Не намі заведзена і не нам перапыняць…"

Кожны раз па заканчэнні абраду задаеш сабе адно і тое ж пытанне: "А ці не апошняя гэта Страла? Ці будзе яна жыць? Ці будзе каму працягваць гэту традыцыю?". І, як паказвае час, традыцыя жыве. Жыве разам з неабыякавымі да традыцыі людзьмі. І тут зноў узнікае пытанне "Людзі падтрымліваюць жыццё традыцыі, ці традыцыя дае жыццё людзям?" Думаю, на гэта пытанне павінен адказаць кожны з нас сам для сябе асабіста. А пакуль чуеш ад удзельнікаў абраду "Не намі заведзена і не нам перапыняць…", то ўпэўнена глядзіш у будучыню.

"Што слаўнае сяло Стаўбун…"

Штогод фальклорны калектыў Стаўбунскага сельскага дома культуры "Стаўбунскія вячоркі" пад кіраўніцтвам Святланы Іванаўны Парашчанка ладзіць дзясяткі выступаў, якія знаёмяць жыхароў розных гарадоў і краін з традыцыямі Веткаўшчыны. Але ёсць адзін дзень на год, калі ніякі канцэрт, ніякае запрашэнне не змогуць "вывезці" калектыў з роднай вёскі. Менавіта Ушэсце, адно з самых галоўных святаў, як святыню берагуць вяскоўцы. "З дзяцінства, як яшчэ малымі былі, дык з маткамі ў Стралу хадзілі і пелі разам, і карагоды вадзілі. І зараз штогод ходзім. Яшчэ году такога не было, каб у Стралу не пайшлі. Гэта ж наша свята. Мы жывем і Страла наша жыве" - распавядаюць удзельнікі калектыву пра жыццё абраду ў Стаўбуне.

Так было і ў гэтым годзе. Па традыцыі, спеўныя гурты са стрэльнымі песнямі збіраліся з розных куточкаў вёскі да галоўнага, самага вялікага, перакрыжавання і пачыналі вадзіць карагоды. Тут збіралася ўся супольнасць, кожны дзяліўся сваёй энергіяй, сваімі думкамі, сваімі надзеямі. Хоць зранку і "шамацеў" дожджык, але гэта нікога не напалохала. "Мы ж і пяем для таго каб дождж пайшоў, паліў нашу зямельку і ўраджай у нас быў, то чаго ж баяцца" - распавядае кіраўнік фальклорнага калектыву Святлана Парашчанка. Самае галоўнае, як нам падаецца, гэта тое, што абрад не закрыты для "прыезджых", новых для вясковага соцыуму людзей. Магчыма, гэта і дае працяг жыцця традыцыі. "У гэтым годзе ў нас госці і з Мінску, з Гомеля, з Веткі, з Масквы. Усе разам пяем, яны нашы песні павывучвалі, дапамагаюць нам. Некаторыя ўжо шмат гадоў прыязджаюць да нас на Ушэсце, то яны як родныя нам ужо" - распавядаюць удзельнікі абраду.

Пасля ўсе рушаць у жытнёвае поле за межы вёскі, каб канчаткова "пахаваць Стралу" - завесці апошнія карагоды, бо болей "стрэльныя" песні ў гэтым годзе ў Стаўбуне гучаць не будуць, гэтага патрабуе традыцыя. Пасля, зямлі патрэбна падзячыць за будучы ўраджай і са словамі "кладу ў зямлю грошы, каб ураджай быў харошы" закопваюць "капеечку". Абавязкова, акрамя добрага настрою і светлых думак, з поля трэба прынесці дзевяць каласкоў да хаты і пакласці за ікону, як абярэг на ўвесь год.

Прыемна было назіраць і актыўны ўдзел моладзі, як з мясцовых жыхароў, так і прыехаўшых на свята гарадскіх удзельнікаў. Вучні Стаўбунскай школы з вялікй ахвотай прымаюць штогод удзел у Страле. І гэта, дарэчы, не проста, бо каб зразумець традыцыю мала адзін раз на год сабрацца ў карагодзе. Таму і арганізуе сталыя спеўкі з дзецьмі са школы Святлана Іванаўна Парашчанка. "Сучаснае жыццё аддаляе чалавека ад традыцыйных абрадаў, асабліва моладзь. Яны зараз усе ў камп’ютарах, тэлефонах. Але ж мы спрабуем разам з дзеткамі збірацца, спяваць нашыя мясцовыя песні, удзельнічаем у конкурсах. Вось у гэтым годзе з дзеткамі рыхтавалі абрад "Пахавання Стралы" на абласны фальклорны конкурс і атрымалі перамогу. Зараз назіраецца агульная цікаўнасць да мясцовых традыцый, а мы заўжды пяём сваё, не чужое. У нас і Страла свая, і Гуканне вясны, і Каляды, і Вяселле. Усяму імкнемся навучыць дзетак, бо гэта ж працяг нашага жыцця.



Паглядзіце нашу фотагалерэю