Падарунак у фонды музея

on .

У ліпені 2016 года адбыўся афіцыйны візіт дэлегацыі горада Екацярынбурга ў горад Магілёў. Дэлегацыю ўзначальваў кіраўнік Екацярынбурга, Старшыня Екацярынбургскай гарадской думы Яўген Вадзімавіч Ройзман. Па жыцці ён - надзвычай актыўны і захоплены чалавек. Вядомы не толькі як грамадскі дзеяч. Ройзман - збіральнік цудоўнай калекцыі уральскіх ікон і даследчык іканапісу. У лагічнай паслядоўнасці - і заснавальнік Музея "Невьянская икона".

Яўген Ройзман

Яўген Вадзімавіч Ройзман

Знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, Яўген Ройзман не прамінуў абраць час і паехаць у Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава. Бо ўральскія стараабрадцы былі звязаны з Веткаўскімі. Правёўшы ў музеі каля трох гадзін, Кіраўнік Екацярынбурга зацікаўлена абмяркоўваў асаблівасці уральскіх і веткаўскіх ікон, глядзеў багатыя і арыгінальныя экспазіцыі трох паверхаў музея і ў выніку быў уражаны. Выказаў гэта коратка: "Нічога сабе! А казалі - раённы музей ...". Пакінуў музею некалькі рэдкіх для нас выданняў па ўральскім іканапісу і гісторыі свайго музея. Па-сяброўску развітаўся.

Падарунак Веткаўскаму музею

Але гісторыя працягнулася. Энергічны, але стрыманы, Яўген Вадзімавіч па-свойму працягнуў кантакт. У верасні 2017 года ў музей патэлефанавалі з Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў горадзе Екацярынбургу. Паведамілі, што Яўген Ройзман вырашыў перадаць у дар Веткаўскаму музею старадаўнюю ікону. А ўжо 27 верасня, чыста вымыты і хуткі, сіненькі музейны "Пежо" імчаўся ў Мінск, дзе ў Міністэрстве замежных спраў нас ужо чакалі. Уручылі дастаўленую, пры садзейнічанні некалькіх арганізацый і неабыякавых людзей, ікону і дакументы. Рэч была складана запакавана і апячатана.

Галіна Нячаева

Распакавалі ўжо ў музеі. І ахнулі. Перад намі апынулася вялікая (53х43х3 см) і добра адрэстаўраваная ікона: "Иоанн Предтеча", з Деисуса. І, што галоўнае, Веткаўскай школы іканапісу. Добрай працы, з залатым фонам і чаканным арнаментам па пазалочанаму ляўкасу. Калі сталі фатаграфаваць, выявілі на абароце дошкі і дату: 1865. Вось такое выдатна і маўкліва выяўленае меркаванне аб Веткаўскім музеі. Адабрэнне-дар. Мы прынялі яго з глыбокай удзячнасцю і нават збянтэжанасцю. Дзякуй Вам, Яўген Вадзімавіч!

Иоанн Предтеча. Веткаўскі музей

"Иоанн Предтеча"

Иоанн Предтеча. Веткаўскі музей

© Нячаева Галіна Рыгораўна



Паглядзіце нашу фотагалерэю