Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Галоўная
  • Навіны
  • Прэзентацыя зборніка «Дняпроўскі паром. Гісторыка-культурнае ўзаемадзеянне»

Прэзентацыя зборніка «Дняпроўскі паром. Гісторыка-культурнае ўзаемадзеянне»

Дзе: філіял Веткаўскага музея ў Гомелі
Калі: 5 кастрычніка (пятніца) 2018 г., 15:00

Выйшаў у свет зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі «Дняпроўскі паром. Гісторыка-культурнае ўзаемадзеянне», якая праходзіла 26-27 красавіка ў Гомелі ў рамках праекта «Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва».

Прэзентацыя зборніка прайшла 30 верасня 2018 г. ў Лоеве, а 5 кастрычніка 2018 г. пройдзе ў Гомелі. Матэрыялы канферэнцыі будуць распаўсюджаны па музеях, бібліятэках і ўстановах адукацыі Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей. Таксама яны будуць размешчаны на сайце праекту «Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва», які пачаў працаваць ў канцы верасня.

У аснове зборніка — 27 артыкулаў беларускіх, украінскіх і расійскіх даследчыкаў розных спецыяльнасцяў — географаў, біёлагаў, гісторыкаў, культуролагаў, музейных супрацоўнікаў. Тэматыка выступленняў была засяроджана вакол Сярэдняга Падняпроўя — рэгіёну, які аб'ядноўвае Гомельшчыну і Чарнігаўшчыну. У дакладах асвятляліся геолага-геаграфічныя і прыродна-экалагічныя асаблівасці рэгіёнаў, транспартна-эканамічны патэнцыял у мінулым і сучаснасці, абмяркоўваліся гістарычныя працэсы, знакавыя падзеі і асобы. Частка выступленняў была прысвечана этнаканфесійным асаблівасцям, унікальнасці фальклору, традыцыйнай і прафесійнай мастацкай культуры, помнікам сядзібнай архітэктуры і іх уладальнікам.

Каманда праекта спадзяецца, што зборнік матэрыялаў канферэнцыі стане добрай дапамогай для паглыблення ведаў музейных супрацоўнікаў Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей аб сваім рэгіёне, актывізацыі навукова-даследчай і камунікацыйнай працы музеяў і распрацоўкі межмузейнага турыстычнага маршруту, стварэнне якога з'яўляецца адной з асноўных задач праекта.

Галоўная мэта праекта «Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага супрацоўніцтва» — аб'яднаць шэраг музеяў Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей турыстычным трансгранічным маршрутам, наладзіць супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне паміж імі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.