Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Свяча: суаўтарства пчалы і чалавека

Вырабляць васковыя свечы можна рознымі спосабамі. Свячу ў філіяле Веткаўскага музея зрабілі тым жа традыцыйным спосабам, што і ў в. Лука (Столінскі раён, Брэсцкая вобласць), ды іншых беларускіх вёсках.

Распачаў гэтую працу Іван Дзмітрыевіч Осіпаў, даўні сябра музея, стваральнік Таварыства босых бортнікаў. Іван Дзмітрыевіч расказаў пра свае шматлікія падарожжы, звязаныя з бортніцтвам — развядзеннем пчол у лесе, пра бортніцтва і бортнікаў, якімі багатае наша Палессе. Па яго словах, бортнікаў налічваецца больш за сто чалавек, іх узрост — ад 35 да 85 гадоў. На сустрэчу завіталі пчаляры з Веткі і Хальча: Ігар Васільевіч Медзін, Міхаіл Аляксеевіч Крышчыхін. Протаіерэй Андрэй Булацкі, які служыць у Свята-Мікольскай царкве ў в. Данілавічы Веткаўскага раёна, распавядаў пра Стрэчанне, быў вельмі рады прыняць удзел у агульнай пачэснай працы. Тэма бортніцтва (ды пчалаводства) — бясконцая.

 

 

Пасля гадзіны працы (а мо і болей) на паверхні свячы з'явіўся непаўторны малюнак: цёмны слой воску паступова пераходзіў у светлы, і так — раз за разам… Сапраўдны твор пчалінага і чалавечага мастацтва. Пад канец працы свяча заззяла, нібы сонейка, як і ўсмешкі ва ўсіх, хто яе рабіў: размінаў пальцамі кавалкі мяккага, крыху цёплага воску ў невялікія прадаўгаватыя блінцы і прылепліваў іх да ільняной ніткі. Прыемная праца… Асабліва, калі гэта робіш не адзін.

  

У галаву пачалі прылятаць розныя непрычасаныя думкі… Без людзей, без Бога, без пчол не пражывеш… Так важна, калі чалавек чуе другога чалавека. Гэта размова можа быць без слоў. Пчолы разумеюць адна другую без слоў. Дзеля чаго мы тут сабраліся? Думаю, каб тварыць агульную малітву. Аб чым будзем маліцца? Асабіста я — пра тое, каб жыццё наша было прыўкрасным, нягледзячы ні на што, каб мы разумелі і чулі адзін аднаго. Каб нас радавалі пчолы, а мы — іх… Каб шукалі і чакалі сустрэчы з Богам — так, як некалі яе чакаў Сімяон, і, дачакаўшыся, з палёгкай пайшоў у іншы свет… Каб мы, як тыя пчолы, прыносілі нектар жыцця  ў свае «соты»…  Бога нікому не дадзена ўбачыць тут, на зямлі, але ж Ён знаходзіцца там, дзе пра Яго памятаюць, там, дзе людзі чуюць адзін аднаго, заступаюцца за слабейшых, старых і хворых… Відаць, гэта была мая малітва.

На наступны дзень, у нядзелю, з раніцы, агульная брацкая свяча была запалена. Яе святло — для ўсіх, хто завітае ў філіял, для ўсіх, каму патрэбная надзея.

Аўтар тэксту: Л.Д. Раманава
Аўтары фота: Антон Лупекін

Tэгі: філіял, рамёства, бортніцтва, стрэчанне, васкавая свяча, традыцыя

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.