Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

Філіял Веткаўскага музея парадаваў сваіх наведнікаў сапраўднай казкай. 27 снежня тут адкрылася чароўная выстава выразаных з дрэва работ Барыса Васількова. Гэтага гомельскага майстра можна сустрэць на рынку, ён гандлюе там сваімі драўлянымі цацкамі. Але для выставы былі адабраныя найцікавейшыя працы, матывы для якіх у асноўным былі ўзятыя з народных казак.

“Залатая рыбка”, “Салдат на тым свеце”, “Калабок”, “Пасадзіў дзед рэпку”… Ёсць тут і персанажы мультфільмаў (“Ну, Заяц, погоди!”). Сюжэты і матывы, даўно знаёмыя нам з дзяцінства, лёгка пазнаюцца. Тэхніка выканання работ выдае ў майстры не прафесійнага рэзчыка, але надта чуллівага творцу з народа.

Але Веткаўскі музей не быў бы Веткаўскім музеем, каб не скарыстаў на гэткай выставе і плён сваёй шматгадовай працай. Так, “Казка ў дрэве” ўпрыгожана ручнікамі, матывы якіх – таксама дрэва і ўсё, што з ім звязана. А гэта, як вядома, старажытная міфалагема, што пацвярджаюць тэксты замоў, якімі таксама ўпрыгожана выстава.

- Ведаеце, што такое творчасць? – пытае напрыканцы адкрыцця дырэктар музея Галіна Нячаева. – Гэта той лішак, які кажа аб тым, колькі ў нас свабоды над планкай. Таму што некаторы вісяць над планкай, некаторыя спрабуюць пад яе падлезці, некаторыя абысці. А некаторыя займаюцца творчасцю: як могуць, ад душы. І вось гэта і ёсць наша свабода і запас аэнэргіі. Для любога творцы, хто б ён ні быў: ці Барыс Міхайлавіч, які сваім розумам усё спасцігае, ці тыя, хто акадэміі пасканчалі. Усе ў гэтым сэнсе аднолькавыя.

Паводле прызнання загадчыка філіяла Пятра Цалкі, выстава была зроблена ўсяго дзень таму, але ўжо займела поспех у школьнікаў. Спадзяемся, што і дарослых яна не пакіне абыякавымі.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.