Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

Веткаўскаму музею з надвор’ем пашанцавала больш, чым тым, хто ладзіў 17 мая ў Гомелі акцыю “Ноч музеяў”. 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, навальніца хоць і пагражала грымнуць, але абышла бокам. Але падзякаваць трэба не толькі надвор’ю, але і загадчыку філіяла Пятру Цалку – арганізатару свята. Бо з такім размахам, бадай, гэты дзень яшчэ ніколі ў нас не святкаваўся.

Праграма “Як пушчу Стралу…” (назву праграме даў пачатак песні, што пяецца падчас абраду пахавання Стралы) ўвабрала ў сябе дзённы і вечаровы блокі. Яшчэ ў першай палове дня замест вокнаў філіяла на мінакоў пазіралі ўдзельніцы пахавання Стралы розных вёсак Веткаўшчыны. Гэта павялічаныя фотаздымкі гомельскага фатографа Алега Белавусава, зробленыя непасрэдна ў час абрадаў.

Пазней разгортваецца і рамесніцкая пляцоўка. Гэта рэзчык па дрэве Барыс Васількоў, які не так даўно выстаўляў свае работы ў філіяле Веткаўскага музея. А таксама клуб “Параскева”, што дзейнічае пры музеі. Арганірзуюць сваю выставу-продаж  і  майстры-рамеснікі з гомельскага клуба “Чароўныя падарункі”.

Як вядома, кожная вёска “хавала Стралу” па-свойму: са сваімі спецыфічнымі спевамі, сваімі карагодамі, пэўнымі абрадавымі дзеяннямі. Менавіта для таго, каб прадэманстраваць сваю песенна-карагодную ўнікальнасць, прыехалі да нас калектывы з вёсак Маркавічы (Гомельскі р-н), Валосавічы (Чачэрскі р-н), Старое Сяло і Стаўбун (Веткаўскі р-н). Гэткага ў Гомелі яшчэ ніхто не бачыў. Выпадковыя людзі затрымліваліся, назіралі за кавалкамі абрадавых дзеянняў з цікаўнасцю і здымалі ўсё гэта на лічбавыя прылады.

А далей гасцей свята чакала канцэртная праграма ад вясковых калектываў “Рэчанька” (в. Старое сяло), “Ажына” (в. Валосавічы) і “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун), якая скончылася агульнымі скокамі пад гармонь.

Вечаровая праграма прадугледжвала выступы моладзевых фолк-калектываў. Распачаў вечаровую праграму праект “Ягорава Гара” з акустычнай праграмай. Наступным выступіў гурт “Млын Сонца”, на гэты раз – з амаль што цалкам песеннай праграмай. Са старымі кампазіцыямі, але пасля зменаў у складзе ў крыху новым гучанні выступіў акустык-этна-рок-джаз-гурт “BiFolk”. А потым – зноў “Ягорава Гара”, але з песнямі ў электроннай апрацоўцы. А скончылася ўсё выступам тэатра агню "Atesh".

Музей паўтарыў мінулагоднюю акцыю. На працягу ўсяго дня кожны жадаючы мог пазнаёміцца з экспазіцыямі музея, самастойна вырашаючы на выхадзе, ці варта аплочваць сваё наведванне і ў якім памеры.

Акрамя нашага генеральнага і ўжо пастаяннага спонсара ЧСУП “Линия сноса”, да дапамогі ў правядзенні свята сёлета далучыўся і Becker Bar.

Вось так быў адсвяткаваны Міжнароды дзень музеяў у філіяле Веткаўскага музея. Праграма расцягнулася на цэлы дзень, і ніхто з выпадковых гледачоў не мог застацца да яе абыякавым: ні мамы з маленькімі дзецьмі ў калясках, ні людзі сталага ўзросту, ні маладыя парачкі, што прагульваліся па парку ўвечары.

Калектыў "Рэчанька" з в. Старое Сяло Веткаўскага р-на паказвае карагодныя элементы абраду "Сена" (менавіта так у Старым Сяле завецца абрад і мае свае адметнасці не толькі ў песнях і карагодах, але і ў атрыбутах)

Калектыў "Ажына" з в. Валосавічы Чачэрскага р-на і іх "Страла"

Калектыў "Чарнабрыўцы" з в. Маркавічы Гомельскага р-на. Абрад тут носіць назву "Сула"

Калектыў "Стаўбунскія вячоркі" са сваёй "Стралой"

Яшчэ больш фота з дня музеяў з'явіцца ў хуткім часе ў нашай фотагалерэі.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.