Публікацыі супрацоўнікаў музея

"Маленне аб дажджы"

вкл. .

Галіна Нячаева

Ручнік канца XIX ст. з "тэкстам" малення. Веткаўскі раён, в. Янова.

Ручнік пачатку XX ст. Веткаўскі раён, в. Лескі. Матыў: жаночая фігура ў позе малення ("аранта") у вадзяной і вогненнай сферы з выявамі чатырох сонечных (вогненных) колаў па кутах. Магчыма, гзта навальнічная калясніца. Унізе колы-"катушкі".

Гэты ручнік пачатку XX ст. з в. Янова Веткаўскага раёна — прыклад трох'яруснай "мадэлі" Сусвету. Дакладней, у яго пяць паскаў. Але ў двух крайніх "хрястах" (крыжах) элементы развіцця адведзены на перыферыю.

У цэнтры мы бачым дзеянне, што адбываецца паміж небам і зямлёю. У "падземным" ярусе — васьмірогі з патроенымі крыжамі, тыя ж, што і на ручніку з "дубам" з в. Барталамееўка (лік гэтых крыжыкаў у паласе — 3, 6, 9). Што гэта: Перуноў апладняльны агонь, які ўвайшоў у зямлю, ці малітва аб ім? Ніжэй за васьмірогі — "глухоўкі", маўклівы неабуджаны пачатак зямлі. Над "нябесным" ярусам — крыжы-"расколкі". Звычайна яны адпавядаюць нейкаму навальнічнаму расколванню суцэльнага жаночага знака. Падобнае можна сустрэць у пазіцыі "Благавешчання" ў каляндарным чытанні ручніковага арнаменту. У "нябесным" ярусе — вялікі рамбічны знак. У сярэднім — нейкія "самавары". У "самаварах" мы можам угледзець чалавечыя постаці (параўнайце іх з аналагічнымі непадвоенымі ў іншых кампазіцыях). Ромб — знак зямлі, а зігзагі паўзбоч "чалавечых" постацяў — знакі дажджу, імі якраз і вызначаецца зямны ярус. У 1989 годзе мы месцілі ручнік у музейнай вітрыне з назваю "Чалавек". Але ўзор абодвух канцоў маўчаў адносна таго, што ж дзеелася з гэтымі "чалавекамі".

"Васьмірог з вераб' ем".

"Расколка і вераб'і'

Ромбападобная фігура ("глухоўка") з выступамі дае "жабку" і ідзаграму "Ж".

На пытанне, а што адбываецца на гэтым ручніку, мы жартам адказвалі: "Гэта разгрузка лятаючых талерак" і паказвалі на "тэлевізар" з пультам кіравання ў чэраве кожнага "неапазнанага лятаючага аб'екта". I гэтаму верылі.

Але ж на ручніку ніколі не бывае аднае "карціны" ці "касмалагічнай мадэлі" ў статычным выглядзе. Ручнік заўсёды хавае ў сабе магічны тэкст, якім перадаецца тое дзеянне, якое павінна адбывацца, каб жаданая "касмалагічная мадэль" (г. зн. гармонія, якая чамусьці парушана), у рэшце рэшт узяла верх. Такім чынам, у кожным узоры заўсёды ёсць не толькі касмалагічная, але і рытуальная вось паводле якой мусіць скіроўвацца дзеянне-абрад. Ручнік заўсёды ўвасабляе два напрамкі дзеяння: актыўнае чалавечае (зварот да боства) і адказ Космасу на гэты зварот. У гэтым сэнсе ручнік, як і абраз, — "увасобленая малітва". Парадаксальнасць у тым, што чалавек звяртаецца да боства на знакавым узроўні, але адказу чакае на рэчаісным. Пры грубым матэрыялістычным успрыманні падобная кампазіцыя пазбаўленая сэнсу. Але ж на знакавым узроўні культуры — у гульні, у абрадзе, формастварэнні — ідзе засваенне экзістэнцыянальных сітуацый, у якія трапляе кожны чалавек на працягу жыцця — ад нараджэння да смерці. Незнаёмая, невядомая прастора замяняецца добразнаёмай, у якой ёсць свой парадак.

Ручнік — з'ява больш архаічная, чым абрад. Ва ўзорыстую тканіну кожная майстрыха заклада свой магічны тэкст. У малітве перад абразом — Выява (вобразатвор) і Слова (малітва) аддзяляюцца адно ад аднаго. А ў Сусвеце ручніка амаль усё залежыць ад "геаметрычных" (да-слоўных?) асноваў адчування гармоніі, гармоніі як асновы захавання экалогіі.

Вернемся, аднак, да канкрэтнага "зместу" яноўскага ручніка. Тое, што зямля-ромб размешчана ў нябесным ярусе, падкрэслівае яе боскую сутнасць. Дарэчы, зямлю ў небе нашыя продкі ўвасаблялі і райскім Садам-Градам, і "выраем", якія мы сёння шукаем на невядомых планетах. У арнаменце захаваўся і вобраз багіні пладароддзя, якая насіла імя Маць Сыра Зямля ці нейкае падобнае (на слоўным ментальным узроўні імя страчана).

Касмалагічныя і рытуальныя восі гэтай кампазіцыі супадаюць, і таму верхні ярус можна ўспрымаць як пазначэнне сакрапьнай прасторы, а ромб з парасткамі (сімвал квітнеючай зямлі) як выяву ахвярніка-алтара. Цяпер можна зразумець і падваенне чалавечых постацей па вертыкалі. У аналагічных шаманскіх фігурах такім чынам (адна фігура на галаве другой) увасабляўся сыход шамана на Той Свет, на неба.

Аналізуючы формы абазначэння мужчынскага і жаночага пачаткаў у ткацтве і вышыўцы, мы заўважылі, што ў кожным антрапаморфным вобразе абавязкова ёсць тая геаметрычная фігура, за якой замацавана адпаведная "валентнасць". Прасцей кажучы, у вобразе мужчыны заўсёды ёсць крыж, у вобразе жанчыны — ромб (ці трохкутнік). Такім чынам, на абодвух канцах ручніка ўвасоблена рытуальнае шэсце жанчын да жаночага ахвярніка. Рамбічныя знакі (знакі вады, жанчыны, неабуджанага семені) ёсць і на збанах у іхніх руках.

Выканальніца абраду, або даўняя "валхвіня"

Успомнім, якія ж існуюць абрады з выкарыстаннем посуду. Іх шмат. Напрыклад: "Калі няма дажджу, трэба ўкрасці гарлач і тайна ўкінуць яго ў калодзеж…" (Лельчыцкі раён). На Палессі ў калодзеж часта сыпалі мак, кідапі грошы, лілі свянцоную ваду. Пра архаічнасць рытуалу малення аб дажджы нагадвае тое, што ўдзельнічаць у ім павінны часцей за ўсё ўдовы і дзевы (патрабаванне рытуальнай чысціні). Маленне аб дажджы прыцягвала ўвагу і тых, хто ў свой час змагаўся з язычніцтвам ("А друзіі к кладезям приходяще моляться и в воду мечют велеару жертву приносяще…").

А што, калі на ручніку якраз і ўвасоблены сам гэты абрад, дакладней, ягоны прататып — ахвярапрынашэнне? Звернем увагу на "тэлевізар" у цэнтры "талеркі". У самай сярэдзіне знак, які нагадвае калодзеж, які ўсе мы рабілі ў дзяцінстве з лучынак. Гэты знак сустракаецца на абшлагах рукавоў кашуляў, на сурвэтках, ручніках. Кітайцы, якія з цікавасцю слухалі наш расказ пра знакі на тканінах, пацвердзілі: "Так, гэта іерогліф "цзін", які азначае "калодзеж"".

I тады ручнік ажыў. Мы яго ўбачылі па-новаму. Вось, жрыцы, ці, як яшчэ ў нас кажуць, "валхвіні", у рытуальным шэсці падыходзяць да сакральнага месца і прыносяць ахвяру… калодзежу. Гэты наскрозь знакавы акт — адначасова і рух валхвінь у нябесны ярус, і іхні зварот са знакавай дзеяй да багіні. Тады зігзаг (па-неглюбску "крывуля") вытканы не толькі дзеля таго, каб абазначыць наш зямны ярус. Гэта адказ неба на маленне.

Такім чынам, узор замкнуўся ў адзіным цыкле і стаў сапраўдным "мікракосмам", ператварыўся ў цэласную выяву гарманічнага сусвету, які ажывае ў абрадавым дзеянні. Ручнік змяшчае ў сабе складаны тэкст са "шчаслівым канцом". Сусвет у традыцыйным успрыманні ёсць дзея па-буда-вання. I пытанне "на чым свет стаіць?" ёсць пытанне пра дзеянне ці шэраг паслядоўных дзеяў, якія і складаюць сутнасць быцця.

"Маленне аб дажджы"

(Спроба паэтычнага перакладу з мовы арнаменту)

Тут, праміж двух нябёсаў,
Наша ніва ссыхае…
Вось мы ідзем, нясем,
Чыстае слова мовім
I аб дажджы цябе молім.
Змілуйся, усплач над намі,
Маці з душой-калодзежам, —
Усякага ты напоіш,
Усякага ты абмыеш…

Вось мы ідзем, нясем,
Чыстыя, як і ноша
Наша святая… Божа,
Поўнае, як сасуды
Гэтыя, каб паўсюды
Нашае — адазвалася…
Дожджу!
Даждзем —
даждаліся!

Галіна Нячаева.

Галіна Рыгораўна Нячаева,
дырэктар Веткаўскага музея
 стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава.

Апублікавана: Мастацтва, 4’1997.



Паглядзіце нашу фотагалерэю