Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

Галіна Нячаева

Ручнік-шлях

У аснове вобразнай структуры паласатага пераборнага ручніка, пра які пойдзе гаворка, ляжыць вобраз дарогі, шлях. У шматлікіх варыянтах арнаментацыі ручнікоў гэтага тыпу зберагаецца глыбінны "мужны” сэнс (падобны да таго, які закладзены ў абрадзе "пахавання стралы”). "Стралу" аплакваюць выключна жанчыны, якія выступаюць ад імя зямлі, што хавае свайго нябеснага грамавога мужа да наступнай вясны.

Ромб і крыж

Чаму мы лічым пераборныя і больш старыя "закладныя" ручнікі ручнікамі "мужнага тыпу"? Давайце параўнаем суадносіны паміж ромбам у вышэй названых ручніках і ручніках, выкананых у тэхніцы бранага ткацтва.

У браных "бяруць шлюб" ромб і касы крыж. Гэтую іх "сувязь" можна вывязаць ці нават станцаваць (у непаўторным руху змяінымі васьмёркамі вакол трох ці чатырох чалавек) (малюнкі 1, 2). Кола-ромб і касы крыж быццам бы нараджаюцца з аднаго крывога ромба (гэта называецца "заводзіць ключы", каб адамкнуць веснавую зямлю).

Малюнак 1. Ромб з касым крыжам ("глухоўкай" з "казлом" і "вераб'ямі") у браным ручніку.

 

Малюнак 2. Рух карагода (варыянт) у "Страле".

 

Ручнік "у дзевяцера хрястоў" зрабіла ў 1955 годзе ў неглюбскім пасёлку Расуха Настасся Мельнікава, 1925 г. н. (Са збору Веткаўскага музея народнай творчасці).

У пераборных жа ручніках ромб разбіты, расколаты. Прамы крыж не з'яўляецца адразу, спачатку мы бачым толькі след ад ягонага ўдару — у белых ромбах, якія сталі "расколкамі". Найбольш дакладны аналаг тут — разбіты на хрэсьбінах гаршчок, што ўвасабляе жаночае лона, у якім было зачатае, з якога нарадзілася новае жыццё. Дарэчы, гаршкі, разбітыя на ўскрайках першаславянскіх магіл, таксама падобныя на "расколкі" на краях ручніка (мал. 3). Ды і падчас "пахавання стралы" ў Стаўбуне карагоды водзяць менавіта "на крясах" вёскі (гл. таксама мал. 4).

Малюнак 3. Ромб-"расколка" ўпераборным ручніку.

 

Малюнак 4. Узор лабавой дошкі налічніка акна.Стрэлы (па канцах)— сімвалы ўзаранага поля і "перунова кола" (у цэнтры).

Праз увесь узор пераборнага ручніка праходзіць ідэя ахвярапрынашэння. Зрэшты, і сам шлюб можна таксама ўспрымаць як ахвяру.

3 неба — на качках і калясніцах

Пачатак нашага ручніка — "вуткі" (качкі). Менавіта вадаплаўныя птушкі перавозілі душы з "гэтага" на "той" свет. Здаецца, на падобным вазку (з лебедзямі) прыбыў і Апалон (мал. 5).

Малюнак 5. а) "вуткі" (качкі) на сучасным неглюбскім ручніку, б) "вуткі"-чаўны на хустцы. Веткаўскі раён, в.Казацкія Балсуны.

Далей паласа "чырвонага па беламу" (мал. 6). "Лускавая тэхналогія" сведчыць пра архаічнасць гэтага ўзору. Святланосныя (белыя) "васьмірогі" ўспрымаюцца тут як фонавыя фігуркі. Але, калі чытаць "чырвоны ўзор", можна ўбачыць васьміканцовыя прамяністыя крыжы з антрапаморфнымі рысамі і шчыльныя "катушкі". Такім чынам, узор быццам належьшь дзвюм прасторам — культурнай і стыхійнай. "Чырвонае чытанне" таксама двоіцца: ці тое нехта (нешта) едзе на колах-"катушках" па небе, ці гэты неразгаданы сімвал з'яўляецца перад навоямі-"катушкамі" як ідэя і задума неба?

Малюнак 6.

Па "краснай" зямлі

Фон завецца "зямлёю". Гэта "красная" (чырвоная), святая "зямля" захавалася ў тэрміналогіі ўсіх еўрапейскіх культур, ва ўсіх традыцыйных рамёствах.

У ткацтве "зямля" — гэта чырвоны (цёмны) фон для знакаў святла. Але агульны "сакральны" сэнс бела-чырвоных ручнікоў ёсць "аповед" пра святую паверхню, зямлю Краснага Лета і Вясны, "калі Бог па зямлі хадзіў".

На зямлю (цэльны рамбічны знак) падае ўдар (злучэнне нябеснага святланоснага крыжа). Зямля расколваецца, адмыкаецца. Вакол з'яўляюцца маленькія знакі агню ці семені (калі параўноўваць арнамент з карагодам, гэтыя крыжыкі нагадваюць дзяцей). А можа, гэта зерне прачнулася і раскалолася ў веснавой зямлі?

Так будуецца традыцыйны Свет: канцэнтрычныя кругі ад зярнятка да космасу. Так пашыраецца прастора і так расце Дрэва (мал. 7). І на ўзроўні зерня адбываецца тая ж касмалагічная драма. "Да Дабравешчання зямля цяжарная", — казалі раней. Першая веснавая навальніца — гэта вяселле Неба і Зямлі, а можа, нараджэнне новага Свету… На адным са стараверскіх абразоў "Неабпальная купіна" і "Маці Федароўская" ўвасоблены разам. Адна "от молнии", другая "о трудном рождении жен". А на Поўначы цяжарныя шылі на роды спецыяльны ручнік: раскрыты, разведзены на бакі ромб (каб дзіця лёгка з лона выходзіла). Гэта ж так падобна на нашую "расколку". Вось і сустрэліся ў кругах-колах зерне, гаршчок, жанчына, зямля (мал. 8).

Малюнак 7. "Расколка". Зямля адмыкаецца.

 

Малюнак 8.

Узор быццам вызначае, што адбылося, дакладней, павінна адбыццца на Дабравешчанне. Таму што ручнік, як магічны тэкст, ствараецца не пасля, а да падзеі. Ткуць у канцы Вялікага посту, а вешаюць — на ўсю вясну — ад Вялікадня.

Іншае месца або іншы час?

Наступная паласа — гэта вынік папярэдняга ўзору. Буйныя кветкі-зоркі ўвасабляюць росквіт прыроды. У браным ручніку тут бывае "кучарявая лапа", якая сімвалізуе Вялесаву і дзявоцкую волю. І рост кветак "на волі" нічым не абмяжоўваецца (мал. 9).

Малюнак 9.

Калі імпульс прамога крыжа скіраваны "да зямлі", то ў фігурах "росквіту" перадаецца імпульс росту, які ўвасоблены ў касым крыжы, па восях якога у ткацтве і вышыуцы звычанна развіваюцца ўсе парасткі. Удар-зачацце прамога крыжа і ў адказ — удар-росквіт па восях касога, "растапыранага", "казлінага" крыжа, "куста" ці "елкі" (па-неглюбску) (мал. 10).

Малюнак 10.

Майстрыхі адчуваюць дынаміку. І гэтыя, для нас статычныя зоркі яны называюць "лісцем". "Раслінная моц на волі" — так мы зразумелі агульны сэнс паласы. Але гэта і сімвал свята, "уваходжання бога" ў расліну.

Гэтыя зоркі-лісце — не адзіны сімвал, які сустракаецца на "вольнай", "куставой" паласе падобных ручнікоў. Адна з фігур таго ж вобразнага комплексу — васьміканцовы крыж — дрэва. У нас ён змешчаны ў цэнтры, за чырвонай плынню "вялікай крывулі". Там усе знакі трапляюць у свяшчэнную прастору. Яна адзначана агароджай і крыжамі (па кутах). А васьмі- або шасціканцовы крыж — гэта старажытная руна "hagel" (і "бог", і… "куст"!) (мал. 11). На нашым ручніку аналагічны знак ёсць у цэнтры, але ён сустракаецца і ў "куставой" паласе (перад "крывуляй" і цэнтрам). На магічным крузе старажытнага календара-алфавіта рунаў такі знак стаіць таксама паблізу, але да летняга сонцастаяння.

Малюнак 11. Варыянты руны "hagel” ("бог" -"куст" — "крук" — магчымае значэнне кожнага сімвала).

Зазначым, што "нашыя" знакі "куставой" паласы можна лічыць сімваламі таго, што святкуецца падчас траецкіх, куставых абрадаў.

"Вялікая крывуля" як "смутак"

"Вялікая крывуля" — гэта неглюбская назва ўзору наступнай паласы, белафонавай, незямной і лускаватай. Назва цудоўная (корань "крыў-" адзін з самых распаўсюджаных). "Смутак" — назва старажытнагерманскай руны "nud", якая стаіць на адпаведным месцы, пасля "куста", перад сімвалам летняга сонцастаяння (такая ж, але люстэркава сіметрычная руна (з іншай назвай) ёсць і пасля сімвала вяршыні года).

А цяпер вернемся да сваёй прыцэнтравай паласы, якая ахінае сярэдзіну ўзору. Яна таксама сіметрычна паўтораная з двух бакоў. Усе яе ўзоры — гэта праявы непадзельнай стыхіі. Злітыя, "вадкія" знакі (вада, агонь), паветра, нябесны шлях сонца і вогненныя "херувімскія" вартавыя — "васьмірогі"… Але ж маткаю ўсіх сімвалаў з'яўляецца вогненная пульсуючая плынь "вялікай крывулі" (падобна да таго, як у "Рыгведзе" матка буйных паветраных сыноў — неспасцігальная Адзіці ("непадзельная"); (мал. 12).

Малюнак 12. а)  "малая крывулька" бывае і з краю ўзора,б)  тыпы "вялікіх крывуль". Яны бываюць толькі абапал цэнтра ўзора.

Тут можна згадаць і "вогненную раку" (стараверская касмалогія), і "сіняе мора" (з народных песень).

Воз — рай — вырай…

Агнявая плынь аддзяліла бераг з веснавым кустом і дзявоцкай "красатой" і "воляю" ад шлюбнаі пары ў цэнтры (мал. 13). Два тыя самыя васьмігалінкавыя крыжы (куст — Бог), якія ўвасабляюць Сусветнае Дрэва. Пара ўступала ў іншую зямлю, у нябесны сад-агарод ці ступала на сакральны востраў. Рытуал старажытных пахаванняў (з "вогненным колам" вакол магілы) у радзімічаў пераклікаецца з вобразам вяселля-смерці ў фальклоры. Пара ў раі, выраі…

Малюнак 13.

Але чулі мы і пра тое, што ўзор гэты — сімвал воза, калёсаў. Чатырохкутнік — "стан" воза. Ромбы з крыжамі — самі колы (сонечнае вяселле і сонечная калясніца).

Такім чынам, пара ў цэнтры ручніка рухаецца па іншай, нябеснай, але зямлі. На колах яе вазка рухаецца ўвесь на-ва-коль-ны свет. А на кожнай восі — два сонцы (мал. 14).

Малюнак 14. Узор "калёсы", "воз" (частка і старадаўнія ідэаграмы калясніц).

Праз дзве ракі смутку

Вернемся, аднак, да тэмы перавозу ў самім арнаменце. Гэты ручнік зводзіць вогненныя колы і вогненную раку. Пераедуць яе толькі тыя двое, што на сонечным вазку. Астатнім тканіна прапануе застацца на тым бсразе або плысці. Плаванне ж, плынь заўжды звязаныя з развітаннем і смуткам…

Старажытная руна паміж "кустом" і летнім сонцазваротам звалася "смуткам". Але ж у каляндарным хрысціянскім адчуванні часу паміж Тройцай і Пятром ёсць Пятроўскі пост, а пасля паловы года— Успенскі. Яны ахінаюць гэтую вяршыню, бы востраў. Час — сіметрычны!

І дзве Вялікія Крывулі — сімвал усяго гэтага? "Nud", нудзіцца — гэта не свая воля: "Вам, дзеванькі, свая воля, маладзіцам волі нет…" — з купальскае песні.

І што ж, плаванне — расплятанне папярэдніх узораў аказваецца не разбурэннем, а новым нараджэннем! Так расплятаюць і складаюць у новы, падвоены ўзор касу дзяўчыне на вяселлі. Пераехаўшы раку, сімвалы-істоты аказваюцца ў сакральнай прасторы. Скончыўшы пост, чакаюць Свята. Сонечныя колы сталі сімвалам Купальскага свята.

Парныя колы — самая старажытная выява калясніцы. Іх малявалі амаль так, як і сёння ўвасабляюць на ручніках. На колах, дарэчы, звозілі і снапы збожжа. Падобны знак (вось з двума крутамі-коламі) у рунічным календары сімвалізуе паварот да зімы.

Ручнік як каляндар. Ці рэальная сіметрыя часу?

Пасля цэнтра кожная паласа ўяўляе сабою паўтор адпаведнага ўзору першай паловы. Самае загадкавае ў люстэркавай сіметрыі тое, што прамежак часу (у прасторы) паміж аднолькавымі знакамі (і дзеямі) усё павялічваецца і павялічваецца. Адпаведныя паўторы ахопліваюць усё большыя перыяды (бы кругі ў ствале дрэва ці на вадзе)…

А што калі прачытаць гэты арнамент як гадавое кола, каляндарны год… Усё вяртаецца "на кругі свае…"

Геаметрызаваныя кветкі, што "вырастаюць" са старажытных элементаў, вянкі, "шлюбная гісторыя" ромба, "сталенне" крыжа… Яшчэ адзін улюбёны сюжэт — "жыццё васьмірога". Пасля другой "вялікай крывулі" (можа, Успенскага посту?) гэты "рагаты" знак зноў з'яўляецца перад намі (мал. 9).

Варта адзначьшь мужчынскі, заранкавы характар вобраза гэтай паласы. Сам васьмірог паводле балцкай традыцыі звязваюць з Аўсеклісам, боствам ранішняй зоркі. На "нябесных" палосах узораў ён бывае ў "ваяўнічым" і "вартавым" выглядзе, выступае як парны да жаноцкіх сімвалаў. На "зямной" паласе яму таксама спадарожнічаюць крыжыкі-"агеньчыкі". Іх можна бачыць і ў сэрцы кветкі-зоркі, і вакол яе, яны нават, здаецца, гатовыя ўвайсці ў сярэдзіну (праз шчыліны-адтуліны). Сама зорка адкрытая, "адчыненая" і для прамога крыжа. Можа, гэта, як і ў суседняй "расколкі", — след ці знак нябачнага прыходу Яго? "Ніхто жа не ўвойдзе, акрамя цябе, Божа…" Маленькія "хрэшчыкі" ў Неглюбцы завуць "вераб'ямі" і "куранятамі". Яны могуць сімвалізаваць агонь апладнення (параўнай —  "вераб'іныя ночы").

На парастках-дыяганалях — кветкі ў фазе "расколак". След ці знак прамога крыжа, злучэння нябеснага і зямнога. А можа гэта сімвал Свята, калі нябесны агонь (касмічная вогненная моц) уваходзіць у той ці іншы зямны аб'ект? Словы "свята", "цветь", "кветка" і "святло" ў індаеўрапейскай традыцыі зберагаюць у сабе адзіны сэнс.

Перуноў "зараў"

Семантычнае поле восеньскага сімвала павінна таксама мець у сабе "вогненныя" вобразы. Збожжа даспявае ў "вераб'іныя", "арабінавыя" навальнічныя ночы. Зялёнае становіцца залатым, прымаючы царскі чын. Плады і агародніну таксама "да-зары-ваюць", "даспяляюць". Багаты на зарніцы і зоркі жнівень у народзе называлі "зараў", "зарнічнік". Згадайце, што якраз у гэтую пару ў полі было мноства снапоў і "бабак".

"Тэма" надыходу навальнічнай сілы робіцца асноўнаю ў гэты каляндарны перыяд. Вяршыня года (Іван, Пятро) — сонечная, "замкнёная" ад дажджу, а "вялікія крывулі" ўтрымліваюць у сабе вогненна-водную стыхію. "Навальнічныя" святы пачынаюцца з жаночых: Казанская (21 ліпеня) — дажыналі жыта, Яўхімія-Стажарніца (24 ліпеня) — гадалі па навальніцы пра будучыню. Потым ідуць мужчынскія, грамавыя святы: Ілля (2 жніўня), Барыс і Глеб "Палікапна" — палілі копы (6 жніўня), Панцеляймон "Палій" (9 жніўня). Казалі, калі хто будзе рабіць у гэтыя дні — у яго папаліць хлеб ці двор, або самога яго заб'е громам. Калі час Успенскага посту суаднесці з узорам "вялікай крывулі", то святы выцякання нябеснага агню, вады таксама мусяць быць увасобленыя недзе побач.

Другі раз, цяпер пасля летняга сонцавароту, свяшчэнны агонь уваходзіць у расліны. Гэта можна было б параўнаць з вядомым нам асвячэннем кветак, мёду і пладоў, з трыма Спасамі.

І можа, апошні, Арэхавы Спас ("Нерукатворны вобраз Хрыста") і Успенне (28, 29 жніўня) завяршаюць святы ўраджаю.

Пара (мужчынскі і жаночы вобразы) ёсць касмалагічная цэласнасць.

Да восеньскай сяўбы і сонцастаяння

"Расколкі" на зямным фоне, на чырвонай восеньскай зямлі, сіметрычныя веснавому ворыву і сяўбе. Гэта час да Ражаства Багародзіцы, калі сеюць жыта, "рожь" (абедзве назвы звязаныя з жыццём і "рудой" — крывёй) (мал. 7).

Такім чынам, у веснавой і восеньскай пазіцыях актуалізуецца сэнс усяго года (чатыры сонцавароты, прамы крыж). "Расколкі" адпавядаюць гэтаму сэнсу паводле самой сваёй геаметрыі. Восі прамога крыжа найчасцей выступаюць у нашых знаках як ад-туліны ("сляды ўдару крыжа"). Гэта скразныя хады праз сімвал усяго года (кожны знак — цэласны сімвал года ў яго наступным павароце). Святло "свята" пра-нікае ў расчынены знак "праздника" (праз-дзень). Можна думаць, здагадвацца пра супрацьлеглы час, які відаць праз увесь год. Зразумелая і магчымасць адмыкаць і замыкаць зямлю, якая ад-верза-ецца ў дні сонцастаянняў, калі актывізуецца нячыстая сіла, якая можа праз адтуліну трапіць з "таго" свету на "гэты" (мал. 8 з "ключамі"). Больш непасрэднымі робяцца ў гэтыя дні і адносіны з продкамі.

Можна нагадаць і пра тое, што перакрыжаванні вясковай вуліцы і прагонаў для жывёлы (у рачным варыянце забудовы) архетыпічна супадаюць з напрамкамі свету (прагон: усход — захад). А першы выган жывёлы і заканчэнне выпасу адбываюцца, як правіла, у сонцазваротныя дні. Па гэтаму скразному крыжу рухаецца і рытуальнае шэсце.

Вандраванне агню

Такім чынам, прапануем наступнае тлумачэнне паслядоўнасці змены ўзораў на ручніку.

1.  Спачатку "вуткі" (качкі) адзначаюць бераг культурнай прасторы.

2.  Прамяністы бог (агонь) на колах-"катушках" едзе аднекуль з неба.

3.  Ён уваходзіць у зямлю (бог на зямлі).

4.  Падымаецца па раслінах (бог у раслінах).

5.  Адбываецца вогненнае ўзыходжанне бога на неба.

6.  Бог знаходзіцца на небе, але кожны, хто ўдзельнічае ў купальскім свяце,— пры-лучаецца:

Ой, хто не выйдзе на Купальню,

Ой, той будзе пень-калода,

А хто пойдзець на Купальню,

А той будзе бел-бяроза!

7.  Далей агонь праз навальнічную стыхію сыходзіць на зямныя кругі.

8.  Агонь асвячае зямныя плады (другое сыходжанне на расліны).

9. Сіла бога дасягае самой зямлі, адчыняе яе (вяртанне зерня ў раллю, статка ў вёску, агню ў хатні агмень).

10. У белафонавай светлавой апошняй паласе на колах-"катушках" прамяністыя фігуры ад'язджаюць ад зямлі ў белую прастору ручніка (у белы свет) ці па той бок, у іншую прастору свайго існавання, дзе ўжо нішто не чытаецца намі (параўнайце з рытуальным шыццём і тканнем "белым па белым").

11.  Ён (бог) едзе там (ці не на качках-"вутках"). А што калі гэтыя вестуны плывуць праз нябачнасць, праз вобраз бога на абразе, каб потым з'явіцца на другім, правым канцы ручніка?

Тады на кожнае пытанне-мальбу левага канца ручніка правы канец (праз бога і неба) дае адказ. Значыць, у ручніка два канцы? А пачатак? У ся-рэдзіне!

Галіна Рыгораўна Нячаева,

  дырэктар Веткаўскага музея

стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава.

  Апублікавана: Мастацтва, 2’1998.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.