Публікацыі супрацоўнікаў музея

Мярэжы, тэхналогія як магія

on .

Галіна НЯЧАЕВА

 

1, 2. Фрагменты кашулі. Веткаўскі раён. Пач. XXст.

Таямніца шва

Амаль у кожным тканым вырабе, ці, як кажуць на Веткаўшчыне, "здзеллі", ёсць месцы магічныя. Чым больш архаічнае месца шва ў старадаўнім кроі — тым болей шанцаў сустрэцца з таямніцаю.

Найбольш архаічнай тэхнікай у многіх выпадках з'яўляецца размярэжванне. Мы знайшлі яго на кашулях, абрусах, запінах, дзе-нідзе і ў ручніках, у фартухах.

Мярэжа як памяць пра архаічны крой

Кашулі з мярэжкамі — часцей за ўсё самыя архаічныя з абрадавых (вясельных і пахавальных). Мярэжкаю яднаюцца ў іх плячо і рукаў, на падоле пазначаюцца рубцы — нізы прадольных швоў паміж полкамі, з якіх шылася доўгая "чарэсная", без папярочных швоў кашуля (сарочка-сцэльніца).

Больш сціплыя мярэжкі сустракаюцца ў некаторых сарочках (яны яднаюць тканы рукаў і ягоны дашыты ніз).

У пэўных выпадках "тканнё" рыхтавалі загадзя, не ведаючы росту ды даўжыні рук той, з кім пасля зводзіў ткачыху лёс. Можа быць, мярэжка тут нагадвала пра тую самую сувязь лёсу. Бо калі са зменаю моды панёвы замяніліся на андаракі (а ў нашай неглюбскай традыцыі гэта адбылося… у сярэдзіне XX стагоддзя!) і жанчыны пачалі насіць сарочкі, "адразныя па таліі", дык гэты новы шоў не вылучаўся нічым, бо не быў уведзены ў абрад і не меў сакральнага сэнсу.

Такім чынам, асноўнымі месцамі мярэжак заставаліся плячо ды рубцы ўнізе. Яны пазначалі архаічны крой кашулі-тунікі — той, якую мы рабілі ў дзяцінстве сваім лялькам: перагіналі тканіну і выразалі дзірку для галавы. Калі да найпростай тунікі прышыць рукаў, плячо атрымаецца "спушчанае", гэта і ёсць месца мярэжкі, нават калі крой потым мяняецца.

Тэхналогія семантыкі ці семантыка тэхналогіі?

Мярэжкі значна ўскладняюць працэс паяднання частак. Полкі было б лягчэй проста сшыць.

Замест таго майстрыха падрублівала кожны з двух краёў спецыяльным дзіравым рубцом. Пасля з дапамогаю ўласных каленяў ("у каленцы") снавала паміж краямі новую аснову (часцей за ўсё з канапляных, са зрэбных, найбольш трывалых нітак). Адзначым, аднак, і вялікую рытуальную вядомасць канопляў.

Найбольш блізкі прыклад — удзел канопляў у снаванні панёвы. У архаічным паясным адзенні, якое сімвалізуе шлюбны перыяд у жыцці жанчыны, зводзяцца ўсе віды старажытных валокнаў: каноплі, лён, воўна. Варта нагадаць, што ніткі для ткання пралі з мужчынскіх раслін канапель.

Але вернемся да мярэжы на кашулі. Гэтую сетку робяць, папераменна аплятаючы канапляную "мікра-аснову", то адны, то другія пары нітак. Атрымліваецца ўзорная сетка. Дарэчы, сеткі, невад звалі даўней "мярэжамі". Мы не сустрэлі нідзе белай мярэжкі. Нават на бялізнавай неглюбскай кашулі мярэжкі — чырвона-белыя. Рыхтуючы матэрыял для артыкула, мы зноўку перагледзелі  калекцыю неглюбскіх бялізнавых сарочак. Некалькі з іх мелі толькі па адной чырвонай мярэжцы на рубцах унізе. Іншыя два швы былі шчыльназасцелены белымі ніткамі. Магчыма, не хапіла чырвоных нітак — забалаці. Але на адной сарочцы мы ўбачылі тры мярэжы на падоле:  адну чырвоную і дзве белыя. Калі прыгадаць, што кожнае шво — "уваход" у прастору кашулі і "выхад" за яе, дык наяўнасць чырвонага аздаблення толькі на адзіным з трох швоў наводзіць на думку пра той самы апошні шлях, без вяртання назад. 3 экспедыцыі ўздоўж Бесядзі мы прывезлі і некалькі чырвона-бела-чорных узорау,  пры тым жа белым астатнім дэкоры. Ці не можа і гэтая прыкмета быць уключанай у шэраг этнавызначальных?

Так ці інакш відаць, што тэхналагічна мярэжка цалкам лішняя (нават калі ўлічыць, што дзірачкі патрэбныя для паветра). Мы маем тут справу з іншым узроўнем выкарыстання тэхналогіі — з тэхналогіяй семантыкі або семантыкай тэхналогіі. Сённяшнія назвы, аднак, расчляняюць. У традыцыі ж гэты вобразна-тэхналагічны працэс — цэласны, а ў нашым выпадку і мэта ягоная — таксама ў дасягненні цэлага: паяднаць асобныя часткі (краі тканіны) праз стварэнне новай цэласці (мярэжкі). Цікавае нават тое, што край, рубец тканіны, завецца яшчэ і "пруг". Самая ж мярэжка мае чын: яе ствараюць як Свет (ці як рытуальны аб'ект), ад пачатку да завяршэння, не мінаючы аніводнага этапу. I кожны з іх мае сваё значэнне.

Культурны тэкст: размярэжванне

Паспрабуем угледзецца ў гэтае "новае" — цалкам культурны тэкст. Ён узнікае паміж краямі тканіны, над мяжою, праз якую зазірае спод і Той Свет. Мярэжка зводзіць краі, сцягвае іх — і гэта магічная дзея. Тэкст (параўнайце: тэкстыль) снуецца з дапамогаю найбольш прыбліжаных да стыхіі канапляных валокнаў, кручаных, прадзеных. "Аснова" — слова індаеўрапейскага кораня "sneh", які азначае: прасці, скручваць, звязваць, снаваць. Грэчаскае "неўрон" — нерв, беларускае "нерат" — тып сеткі для рыбнае лоўлі — усё з той жа глыбіні, дзе чалавека, як відаць, снавалі ды ткалі. I лёс ягоны — таксама можа быць родны рыбалоўнай лёсцы, якую спляталі, сукалі, ткалі з воласу — валакна. Iгэты сэнс зададзены магіяй. Параўнайце: "На Пинеге полагали, что для предотвращения дурного глаза и порчи есть обереж". Для яго выканання "нать (надо) от сети отрезать… иносить, поясать". (Запіс Г.Я.Сілінай у в.Нюхча на Пінезе з удзячнасцю прыводзіў М.І.Талстой1). Другая асаблівасць мярэжкі ў тым, што гэта не суцэльная тканіна. Яна захоўвае памяць пра сетку-мярэжку не толькі сваёй назваю, але прынцыпова: напрасвет гэта ячэістая сетка… з цёмнымі "рыбамі", якіх нагадваюць чырвоныя фігуры арнаменту. Яна — мера, унесеная ў невымерную плынь.

Але непадзельнасць, нібыта семя, жыве ў народным тэксце. У замове на ўтрыманне плода і пазней, у тэксце "на лёгкія роды", вобразы сеці ды рыб існуюць як жывыя. Дзеці, што павінны нарадзіцца, завуцца ці рыбінка, ці акунёк…

Пра семантыку рыбалоўнае сеці — мрэжы-мярэжы — у абрадах цудоўна напісаў Мікіта Ільіч Талстой, і сёння мы ўглядаемся ў сваю ўзорную мярэжу з дапамогаю яго даследавання. Так, "апаясванне сеткай у шлюбным абрадзе не толькі засцерагала тых, хто браў шлюб, ад сурокаў, але і паводле дахрысціянскіх вераванняў спрыяла дзетараджэнню, стымулявала цяжарнасць маладой"2.

Можа быць, мярэжка выконвала падобную ролю ў строі адзення?

Мярэжка ў вобразным чыне вяселля

Углядаючыся ва ўсё тканае вясельнае ўбранне, можна заўважыць мярэжкі на кашулі. Блізкае па тэхніцы поўнае вузельчыкаў шво паміж поламі панёвы. Мярэжкі ёсць на абрусах і нізе некаторых ручнікоў. "Выразаным" магло быць усё рукаво ў бялізнавай сарочцы вясельнага чыну. Сама тэхніка "выразання", як і "строчка-перавіць" (у нас больш вядомая як цяганне), пэўна, маладзейшая за мярэжанне. Яна ствараецца прарэджваннем сатканага ўжо палатна, прычым уласна вязанне (здаецца, напрамую магічнае, бо ўсё звязанае з вузельчыкаў) тут ігнаруецца, а бярэцца тканіна,  якая быццам вяртаецца да стану сеткі, што ізноў жа знакавая з'ява.

Можна вобразна ўзнавіць колішні строй неглюбскага вяселля. Шытая беллю, кашуля з'яўляецца ў ім двойчы: у белую "чарэсную" (сцэльную) сарочку прыбіралі нявесту (мы маем толькі адно сведчанне таго, што "даўней у першы дзень надзявалі бялізнавую сцэльніцу"3. Бялізнавую ж кашулю, знарок дзеля таго падрыхтаваную, нявеста дарыла сваёй свякрусе. У гэтай белай, адмыслова аздобленай сарочцы старэйшая жанчына прыходзіла ў царкву на свята. У гэтай жа бялізнавай, чарэснай (суцэльнай, неадразанай) кашулі маці маладога наказвала сябе і пахаваць. Для гэтага яна выбірала адзенне самай любімай нявесткі.

Як можна зразумець, маці жаніха выходзіла з "краснага" (адзначанага чырвоным у адзенні) узросту і з таго перыяду жыцця, у які ўваходзіла маладая і які вызначаецца выразам "на крясу" (крэс, уваскрэсенне, серба-харвацкае криес — агонь на Купалле, крэсіва…).

Да гэтага чыну, што распаўсюджваецца, як бачна, на ўсё жыццё жанчыны, да шлюбнага і магічнага матыву сеткі-абярога, далучаецца і матыў смерці. Абедзве сеткі нібы апускаюцца ў плынь ракі з мэтаю рэгуляваць зносіны паміж Тым і Гэтым Светамі падчас іх узаемнай адкрытасці ў пераходныя моманты жыцця (вобраз перавозу — яшчэ адзін з гэтага чыну).

Падобна выкарыстоўваецца сапраўдная мярэжка: "На другім канцы славянскага свету, у кашубаў, распаўсюджана вераванне, што той, хто пахаваны з сеткай, павінен, перш чым вярнуцца на зямлю, спачатку развязаць усе вузлы на сетцы"4.

Мярэжкі як знак ініцыяцыі

Разглядаючы мярэжкі, якія злучаюць стан і рукаў, можна заўважыць, што ўзору прыбывае, нарастае ўздоўж пэўных восяў. Вертыкальныя, гарызантальныя, рамбічныя групы элементаў часам суправаджаюцца вышытымі ці тканымі сеткамі або іх мадыфікацыямі ў шчыльным вузельчыкавым шытве.

Некалькі кашуляў, сабраных намі ўздоўж верхняе Бесядзі, непасрэдна ўвасабляюць лоўлю арнаментальных сімвалаў узорнаю сеткаю.

Незалежна ад выгляду ўзору мярэжка як натуральная сетка з'яўляецца на асноўнай мяжы двух палотнішчаў. Яна сама — найбольш архаічнае ўвасабленне мяжы. Калі кашуля страчвае неабходнасць мяжы — шва паміж плячом і рукавом (суцэльны тканы рукаў можа ўшывацца ад гарлавіны), тады вобраз мяжы ўзнаўляецца арнаментальна: паласа ўзору вытыкаецца ці шыецца на месцы лініі былой мярэжкі. Узоры набіраюцца, прымнажаюцца абапал гэтай мяжы.

Які разрэз, раскол часу жыцця пазначае ды пераадольвае мярэжка? Чырвоная мяжа, магчыма, падзяляла ўзросты дзяўчынкі і дзяўчыны, якая расцвіла і ў біялагічным, і ў сацыяльным сэнсах.

Узор мярэжкі звычайна мае суцэльныя, нерасшчэпленыя фігуры. Такім ён застаецца і ў апошняй адзежыне чалавека — у бялізнавай смяротнай кашулі. Глухія і сляпыя ромбы мы згадваем як знакі закрытага стану жаночага пачатку. Усё гэтае датычыць сімволікі Таго Свету, які і праходзіць, працэджваецца праз ячэйкі сеткі мярэжы з адваротнага боку.

3 гэтымі знакамі і агульнай якасцю сеткі — яе празрыстасцю паміж Тым і Гэтым Светамі — асацыюецца пераходны стан чалавека, стан рытуальнага памірання і новага нараджэння ў абрадзе ініцыяцыі. У ім часта актуалізуецца вобраз перавозу, пераплывання. Абрад звяртаецца да сіл нетутэйшых.

Узоры сляпыя ды відушчыя

Чаму большасць знакаў мярэжак глухія, сляпыя, невідушчыя? Ці таму толькі, што датычацца Таго Свету, які сляпы ды глухі адносна нас, як і мы адносна яго? Магчыма, і таму, што абрад ініцыяцыі суправаджае пераход са "сляпога", "глухога" стану дзяўчыны да "відушчага" стану жанчыны. Другі ж час ужывання рытуальнай, белай з чырвоным размярэжваннем кашулі, — выхад з "краснага" перыяду ў "белы", закрыты стан сталых кабет. Магчыма, белы, закрыты стан — гэта і цяжарнасць.

Спосабы  будовы  (выстройвання) рамбічных фігур у паласе мярэжы розныя. Сярод іх — яднанне ромбаў у непарыўны ланцужок. Ідэяю гэтага ўзоруможа быць утрымліванне. Утрымліванне рыбінак, акунцоў у мацярынскім чэраве адпавядае ўтрымліванню рыбы ў нераце, сетцы, невадзе.

Але сэнс утрымлівання, закрытага стану, можа датычыцца і самой апранутай, дзяўчыны ці старой кабеты, таму выказанае вышэй меркаванне спрэчнае.

Другая група ўзораў — чаргаванне глуховак (глухіх ромбаў) і касых крыжоў — казлоў. Гэты універсальны матыў у мярэжках набывае спецыфіку: казёл робіцца з крукаватымі і нават двухгалінкавымі рагамі і мае аленепадобныя рысы, у якіх, як вядома, ёсць вельмі архаічныя аналагі.

Браныя ручнікі маюць падобны ўзор на межавых палосах, пры ўваходзе ў асноўную "культурную прастору" ўсёй кампазіцыі.

Роля агароджы, ці… карагоду на ўскрайку вясны, ваджэнне казы ў пераходны час калядаў і спяванне пра казла ў пераходны час абраду "Страла" — усё гэтае архетыпава блізкае да мярэжкавых узораў.

Здаецца, у сацыяльным і полаўзроставым плане такі ўзор мог бы азначаць прыналежнасць да дзявочага калектыву, узросту нявест ды карагодаў.

Трэцяе, нешматлікае кола знакаў — відушчыя, тыя, што маюць у сабе, у сваім сімвалічным чэраве прасветы і ўнутраныя знакі, найчасцей кропкі ці крыжыкі. Такія знакі роднасныя відушчым знакам ручнікоў. Але сёння гэта — таямніца, у якую мы толькі зазірнулі.

Рубец як памяць пра рану тварэння5.

Сакральнае паходжанне ўзораў мярэжак адчуваецца ва ўсіх выпадках выкарыстання гэтай тэхнікі. Можна згадаць, што швы — гэта "ўваходы", "парэзы" нейкай міфалагічнай суцэльнай (ачышчанай?) прасторы. Па швах і межах можа патрапіць у яе зло. Таму гэтыя месцы агароджваюцца, перакрываюцца ўзорам (у самой назве "ўзор" хаваецца нешта схопленае позіркам, зрокам у процілегласць "сляпой" белай тканіне).

"Небяспечныя" месцы ўзмацняюцца і тым, што ўбязмежнае ўводзіцца галоўная культурная адзнака — мера.  Такім чынам,  культура сама парушае боскую цэласнасць, але робіць гэта "па вобразу і падабенству", узнаўляючы цэласнасць як чын на знакавым узроўні.

У выпадках з мярэжкаю можна лічыць,  што  раз-мера-насць (раз-мярэж-ванне) павялічваецца на некалькі парадкаў, і адным з узроўняў абароны з'яўляецца вялікая колькасць вузлоў ці то рэальнай сеці, ці сімвалічнай сеткі — узору. Іх — безліч: "Тады вораг сапсуе, калі развяжа ўсе ву-зельчыкі ў сетцы, што немагчыма"6. Такім чынам, бясконцасць бязмернага сіметрычна паўтараецца і пераадольваецца бясконцасцю меры. Месца ўзору на падоле кашулі перакрыжоўваецца з размярэжваннем або са шчыльным швом-узорам на рубцах — вертыкальных швах — зазвычай тройчы. Кожны з "хрястоў" можна суадносіць з "хрястамі" як назваю сапраўдных скрыжаванняў, дзе адбываліся рытуальныя ігрышчы. Вядома, што перакрыжаванні дарог &‐ вельмі небяспечныя месцы, бо тут падвоеная мачымасць з'яўлення нячыстай ды невядомай сілы з адваротнага боку, праз падвойны "парэз" суцэльнага (згадайма, што і слова "дарога" — ад "дзерці", "прадзіраць").

Узор падола — бы сцяна або іншая перашкода той невядомай сіле. Перакрыжаванні з гэтаю "сцяной" рубцоў — размярэжванні — пранікальныя для яе, але яны "фільтруюць" гэтае пранікненне, задаючы меру мярэжцы праз тэму яе ўзору.

Так засвойваюцца швы, якія наогул завуцца пругі і ў адным з магчымых сэнсаў маюць дачыненне да напругі, сілы.

Магічная моц шва — і ў тым, што з ягонаю дапамогаю ствараецца новая форма культурнай прасторы, што суправаджаецца не толькі ўвядзеннем новай інфармацыі, але і ўзвядзеннем яе на новы ўзровень. Калі ў абрус яднаюцца дзве полкі і зводзяць вобразы двух шляхоў-ручнікоў у прастору, якая здольная пакрыць, дык у кашулі полкі яднаюцца ў кола-ёмістасць (словы "кашуля" і "сарочка" якраз маюць у аснове тэму "мяшка", "каша"). Таму мярэжка — магчымы сігналізатар такой лагічна-магічнай аперацыі.

Тэхнікі ткацтва і шытва як спосабы ўзаемадзеяння з Тым Светам

Мярэжа проста гуляе з безданню.

На падоле часцей за ўсё з'яўляюцца стыхійныя лапы, крывулі. Яны вынырваюць на паверхню тканіны касматымі, валасатымі ды крывымі істотамі, якія, як і калісь, выконваюцца чырвонымі ніткамі (можа, невыпадкова — бавоўнаю?). Здаецца, іх (узоры) завуць сюды і прымаюць менавіта як прадстаўнікоў свету вольнай прыроды, хтанічнага царства і свету нябожчыкаў. Усе яны спрыяюць урадлівасці, што і зразумела: тое, што расце для нас, — расце адтуль. Знакі самі робяцца сімваламі і выявамі ўрадлівасці.

Урадлівасць нівы, і жаночая, і раслінная, і жывёльная зліваюцца ў агульным рытме; больш за тое, яны — праявы агульнага рытму. Таму і ўзаемна ўплываюць адно на адно, як узаемна ўплываюць вясновыя воды верхняга і ніжняга паходжання.

Падобнае робіць і мярэжка. Але яна "працуе" з во-разам вады, а не зямной цвердзі. Узоры быццам вылоўліваюцца непасрэдна з глыбіні, яны аказваюцца ў сетцы, і яна — адзіная цвёрдая "матэрыя" паміж узорам і ўздыхам. Цудоўны эфект узнаўляецца тады, калі вы мыеце кашулю з такім узорам у вадзе: сетка-мярэжка вяртае сабе якасці сапраўднай рыбалоўнай мярэжы.

Геаметрыя: узор і абрадавая практыка

I тут можна заўважыць аналогію з абрадавай практыкай, а менавіта з выкліканнем дажджу. Бранае ткацтва і размярэжванне нечым падобныя да двух спосабаў магічных дзеяў падчас засухі. Гэта аранне (баранаванне) цвёрдай дарогі ды аранне (баранаванне) ракі7. Абодва рытуалы вядомыя ў нашых мясцінах. Яны выконваюцца пераважна ўдовамі або цнатлівымі дзяўчатамі як найбольш чыстымі. I тыя і другія маглі насіць кашулі з мярэжкаю.

Асабліва цікавыя ўспаміны старых жанчын пра тое, што дарогу "аралі на пярэхрястах" ці "рэчку аралі, дзе пераход (дзе брод)". Iяшчэ: "Там, дзе нашая рэчка ў Бесядзь упадае…"8.

З.Так аралі, дзе пераход.

Калі разглядаць рукаў як тапаграфічную карту нейкай абрадавай прасторы, дык знойдзем і "пярэхрясты" ўзорных браных палос, і "пераход, дзе брод…", — перакрыжаванне браніны з мярэжкаю, і ўпадзенне адной мярэжкі ў другую.

Звернемся да малюнкаў-схемаў гэтага абраду, якія жанчыны крэслілі сваімі рукамі ў нашых экспедыцыйных сшытках. Убачым зноўку некалькі дзіўных супадзенняў арнаменту і гэтых схемаў.

Тры крыжовыя фігуры (касыя крыжы) — так "пахалі", аралі шлях: тройчы крыж-накрыж9. Яны нагадваюць паласу ўзору на ручніку, а таксама мярэжку з узорам "козлік". Блізкі да іх — той жа падол кашулі з трыма чырвонымі перакрыжаваннямі мярэжак і ўзорыстай абгонкі.

4. Фрагменты кашулі. Веткаўскі раён. Пач. XXст.

а) Узор "дзіравы рубец";

б)  "размярэжванне";

в) браны ўзор.

Рукавы кашуляў маюць на месцы плечавога шва то мярэжку-сетку, то палоску вышыўкі або бранага тканага арнаменту. Ёсць адказы, што завецца такая палоска дарожкаю10. Гэтая сімвалічная мяжа-дарожка захоўваецца, як бы ні змяняўся сам рукаў і арнамент на ім.

5. Малюнкі шляху, дарогі.

Мярэжка ў абрусе: аб'яднанне двух родаў?

Сярод геаметрычных фігур, якія сустракаюцца ў абрадах, ёсць і шасціканцовыя крыжы з двума перакладзінамі. Іх таксама намалявалі ў адной з вёсак як схему арання дарогі падчас абраду выклікання дажджу. Аналогія з формаю крыжа на могілках дапоўнілася, аднак, іншай асацыяцыяй.

6. Так "баранілі дарогу".

7. Знакі рытуальнага арання "на крыжах".

Так выглядае ўзор абруса: чырвоная мярэжка яднае дзве ягоныя палы ўздоўж. Сама ж яна двойчы перакрыжоўваецца па канцах абруса чырвонымі палосамі браніны з абярожнымі знакамі.

Вясельнае, пахавальнае ды радунічнае выкарыстанне абруса — яшчэ жывая з'ява.

Мярэжка ў абрусе знаходзіцца на мяжы дзвюх полак. Яна аб'ядноўвае гэтыя дзве падобныя на ручнікі палатніны11.

Калі мярэжка ў кашулі яднае стан з рукавом, нібыта Род і ягоны парастак, зменлівы па ўзросту, дык што ж яднае ўзор-сетка паміж палотнамі-ручнікамі, якія зрастаюцца ў абрус? Можа два Роды? Вясельная ды пахавальная сімволіка не пярэчаць паяднальнай семантыцы абруса.

Мярэжа-сетка наогул "дыктуе" своеасаблівы тып яднання. Яна адначасова звяртаецца як да левага і правага бакоў, так і да верху і нізу. Яна як бы "прарэха" ў два Тыя Светы — верхні ды ніжні (праз адтуліну паміж тканінамі — паверхнямі быцця). Магчыма, гэта зварот і да аўтарытэту продкаў, ніжніх і верхніх. Але ж усё гэтае нельга аддзяліць і ад звароту-малення пра багацце ды ўрадлівасць. Сэнс мярэжкі стасуецца з семантыкай абруса, разлічанага выключна на абрадавую трапезу. У яе ж уваходзіць абавязковы зварот да продкаў. Магічная роля абруса, здаецца, узмацняецца пранікальнасцю, празрыстасцю скразнога шва. Праз яго амаль што фізічна праглядаюць і праходзяць і сена, пакладзенае пад абрус у каляднай варажбе, і старая "скацерка" свякрухі, што накрывалася нявесцінай на вяселлі, і трава роднай магілкі на Радаўніцу — амаль як у рублёўскай "Тройцы", дзе абрусам дзеля святой трапезы накрытая дамавіна, труна — сімвал смерці і ўваскрэсення Хрыста.

Нарэшце, зычанне міру паміж родамі (як у выпадку з абрусам) таксама звязана з унясеннем меры, рэгулявання, магічнага чыну (магічна-мэтазгоднага чыну). Яны ж паходзяць з божай меры ў першавобразе, у самім вылоўліванні першай шчыльнай матэрыі з глыбіняў12. Параўнанне "качкі" і "ўтка" як тых, што "ўтыкаюцца" (ткуць), ныраюць і дастаюць з Таго Боку (Свету) на паверхню тканіны ўзоры, здаецца нам лагічным. У тэрміналогіі ткацтва ніткі для ўзору (звычайна чырвоныя) завуцца гарынь, горнь, гуріна — што звязана з маты-вам гары як "верху" і працэсам "узняцця" (той жа зямлі). Датычыцца гэтае й тэмы "ўз-нікнення" і "вы-нікаў" ніткі з нізу на гэты бок. Такім чынам, шво аказваецца найбольш знакавай "зонаю" разгледжаных рэчаў. Узвышаецца і роля саміх "полак", што аб'ядноўваюцца.

Намітка ўскладзе рукава — узвышэнне сакральнасці?

Падчас экспедыцыі 1998 г. мы заўважылі, што ў некаторых мясцінах, дзе намітка дажыла амаль да нашых дзён, полы і рукавы кашуляў часам шылі з намітак. Што гэта, "посттрадыцыйнае" выкарыстанне адмысловай ільняной тканіны (наміткі перасталі ўжо насіць, але дарылі — на вяселле, на радзіны)? Аднак у той час наміткі былі яшчэ патрэбныя ў пахавальным абрадзе, гэтую функцыю яны выконвалі даўжэй за ўсё.

Некаторыя часткі рытуальнага адзення маглі выконвацца з гатовых ужо намітак і таму, што намітку ўспрымалі як наскрозь магічную. Тым больш, што часта на рукавы, якія рабіліся зусім не з намітак, ніжэй, чым увесь узор, але вышэй за абшлаг наносілася такая ж, як у намітках, папярочная чырвоная палоска — пруток, нібыта памяць пра рукаў з наміткі (ці пра агульны семантычны чын).

Размярэжванне як расстанне?

Што ж з'яўляецца альтэрнатывай гэтаму скразному шву? "Зубілі, зубленне рабілі — пазубяць і сшываюць краі: палік з рукавом і з падрукаўем (зарукаўем)", — пералічвае ўсе часткі краснага рукава неглюбская майстрыха13. Мы ўжо некалькі разоў згадвалі пра шчыльнае шво. Але яно сплятае зубленыя краі паміж сабою ўстык — не накладаючы палатна на палатно. Гэта вузельчыкавае шво, і колькасць вузельчыкаў у ім часам павялічваецца да двух і больш радоў.

Комплексы "белы рукаў — размярэжванне" і "чырвоны рукаў — зубленне", здаецца, проціпастаўляюцца ў неглюбскай традыцыі настолькі заканамерна, што могуць несці на сабе сляды вялікай семантычнай апазіцыі.

Такім шчыльным швом яднаюцца і полы панёвы. Мноства вузельчыкаў нібыта доўжаць магію аховы абярога. Шчыльнае паяднанне частак супрацьстаіць скразному як нейкі сімвал новага тыпу адносін паміж поламі (і, магчыма, паламі!). Падаецца важным, што такім швом яднаецца з астатнімі часткамі ўзорны тканы рукаў, які й завецца ўласна рукавом, у цэласным зборы палік — рукаў — пад-(за)-рукаўе. Ёсць успаміны, што некаторыя тканыя рукавы насілі толькі малодкі (не дзеўкі). (Тканыя рукавы дарылі залоўкам на вяселлі). У рукаве з тканым узорам узнікае новая ўзорная "зона" — вышыванае за-рукаўе. Яно ўзмацняе новую мяжу нейкім абарончым па энергіі ўзорам.

Ці не ёсць гэта прыкмета новага стану? Ці не выступае тут і ткацтва іншым тыпам мадэлявання сусвету ў параўнанні з вышываннем, больш вядомым як дзявочы занятак? Дзяўчына, паводле ўспамінаў, насіла дзве нясшытыя полкі панёвы — калышкі (панёву ў Неглюбцы апраналі на вяселлі). Дзве палы гэтай тканіны-адзення, архаічнага паводле тэхнікі, матэрыялу, колеру і ўзору, зашываліся шчыльным швом толькі да паловы ўсёй даўжыні. Тэма паяднання ў такой рэчы нібыта даецца ў працэсе і ў сувязі з вобразам уваходу. Ткацтва як рамяство насычана вобразамі шлюбнымі ды эратычнымі, і тут мы можам звярнуцца да тэмы арання зямлі, так шырока прадстаўленай у той частцы вяселля, што завецца "камора". Кола вобразаў завяршаецца. Пачыналі мы з арання рытуальнага.

А можа з такога глыбіннага слоя вобразаў усходзіць і апазіцыя: размярэжванне — шчыльнае зубленне?

Хацелася б, каб і гэты тэкст паслужыў своеасаблівай "мярэжкаю" паміж тым, адыходзячым светам, і нашым. З'яднаць іх і перадаць нейкі "культурны" чын нашых магчымых узаемаадносін — мэта гэтай нашай мярэжкі-артыкула. Вядома ж, магічная мэта.

________________

1  Толстой Н.Н. Язык и вародная культура. М., 1995. С. 237.

2  Там сама. С. 236.

3Зап. аўтарам ад Таццяны Фёдараўны Дзеранок (1920—1996) у в. Неглюбка Веткаўскага раёна.

4  Толстой Н.Н. Язык н народная культура. С. 237. Параўнайце старажытнаіндыйскі рытуал развязвання вузлоў падчас разборкі будана й перадачы яго іншаму гаспадару: "… разборку н передачу хижины (ритуал разборки и передачи дома другому лицу)".

2. Что у тебя связано, о ты, в которой все лучшее,

Какая петля и узел сделаны,

С помощью заклинания я заставлю это распасться…

8. Тысячеглазую сеть —

Косу, стянутую на макушке,

Подвязанную (и) уложенную,

Мы развязываем с молитвой.

   (Ахтарваведа. IX.3)

Цыт. па: История и культура Древней Индии. Тексты. М., 1990. С. 43 — 44.

5  Акт тварэння можна разглядаць (з міфалагічнага пункту гледжання) як нанясенне "раны" на жывое цела першаадзінства з наступнымі рэакцыямі на гэтае парушэнне, якія маюць на мэце яго аднаўленне, што вызначае драматызм многіх міфалагічных касмагоній. — Евзлин М. Космогония и ритуал. М., 1993. С. 78.

вАдказ арлоўскіх сялян на пачатку XXст. — Толстой Н.Н. Язык и народная культура. С. 237.

7Архаічнасць абраду выяўляецца і ў сродках, і ў часе ягонага выканання: "пахалі рэчку — толькі пасля ўшэсця, да ўшэсця — з іконаю хадзілі…". — в. Баханы Касцюковіцкага раёна. — ЭМ ВМНТ (Этнаграфічныя матэрыялы Веткаўскага музея народнай творчасці) т. 77, арк. 9 адв.

8"… Аралі на пярёхрястах (в. Малунаўка — ЭМ ВМНТ, т. 80, арк. 4), дзе пераход (в. Белая Дуброва — ЭМ ВМНТ, т. 78), креставыя дарогі перапахвалі" (в. Ціхань — ЭМ ВМНТ, т. 79, арк. 4 адв.).

9Уздоўж Бесядзі — вёскі Белы Камень, Клеявічы, Рудня Палужская. ЭМ ВМНТ, т. 78, арк. 6 адв., арк. 9 адв.

10В. Ціхань — ЭМ ВМНТ, т. 80, арк. 2.

11  Месцы яднання полак у абрусах маркіруюцца або чырвонаю ніткаю, або плеценымі ніцямі, што, па сутнасці, з'яўляецца рэмінісцэнцыяй пояса (ягоная рытуальная функцыя — аб'ядноўваць культурнае і стыхійнае, а таксама фіксаваць межы засвоенай прасторы). Абрусы, гэтак зробленыя, лічацца адносна позняю з'яваю ў культуры XIX‐ ст., тым не менш на інтуітыўным узроўні іхняе канструяванне захавала універсальны прынцып архаічных тэхналогій. Гл.: Ткань. Ритуал. Человек. СПб., 1992. С. 17.

12  Матыў качкі, што нырнула на дно і дастала камячок зямлі, з якога ўзнікла зямля і ўсё жывое. Гл.: Афанасьев В. Поэтические воззрення славян на природу. Т. 1. СПб., 1865. С. 535—536.

13ЭМ ВМНТ, т. 85, арк. 25.

Малюнкі Наталлі Грамыкі.

Галіна Рыгораўна Нячаева,

дырэктар Веткаўскага музея

 стараабрадніцтва і беларускіх традыцый  ім. Ф.Р. Шклярава.

Апублікавана: Мастацтва, 4’2000.



Паглядзіце нашу фотагалерэю