Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

Г.Р. Нячаева

3.8. АБ БЕЛАФОНАВЫХ УЗОРАХ. НЯБЕСНЫЯ ПЕРАВОЗЫ

У 1985 годзе, адкрыўшы для сябе дзве ткацкія традыцыі — знакамітую неглюбскую і суседнюю невядомую баўсунскую, мы паспрабавалі высветліць, па якіх законах будуецца іх арнамент. Сто ручнікоў запар апісалі. Атрымалася каля пяці тысяч запісаў у асобных унітэрмкартах ды іншых. Сярод запісаў была адна каляровая схема. На ей мы "выклалі" адзін побач другога, бы "лукавыя" палачкі, узоры ручнікоў, падраўняўшы іх па цэнтру кампазіцыі, бо абедзьве традыцыі маюць адзіны па строю паласаты арнамент з люстэркавай сіметрыяй адносна цэнтральнай паласы. Атрымалася "змяя" паслядоўнасці з цёмнай паласою па цэнтру спіны, таму што фон цэнтравых палос у большасці быў цёмны — чырвоны. Па абодвух жа баках гэтае цёмнае хрыбецінкі ўзнікалі белыя палосы-дарожкі, таму што ў многіх ручніках па баках цэнтра першымі ішлі белыя ўзорныя палосы, нібы аддзяляўшыя цэнтр ад усяго астатняга. Далей зноў былі цёмныя зоны. Другі раз белы фон узнікаў у выглядзе пункціра па баках спінкі "змяі". У Неглюбцы ён завяршаў узорную кампазіцыю, быў у апошніх палосах узору. У Баўсунах жа часцей свяціўся ў перадапошніх палосах, таксама па абодва бакі, сіметрычна.

Гэтыя незвычайныя белыя палосы мелі, як аказалася, іншую тэхніку выканання. Усе наступныя гады мы працягвалі свой дыялог з ручніковай традыцыяй. Адною з тэм размовы быў сэнс белых і цёмных палос узору.

Магчыма, апазіцыя ўзнікла з узаемадзеяння двух розных па фону ручніковых традыцый. Сапраўды, суседзілі з намі і цалкам чырвоныя і цалкам белыя ручнікі. Але былі і іншыя тэндэнцыі. Напрыклад, некаторыя традыцыі давалі папярэчна-паласаты ўзор, дзе запаўняліся белыя палосы, а шырокія цёмныя падзялялі іх, быццам нейкія паземы ў клеймах ікон, чаму мы і называлі іх "паземамі" ("бабіцкія" ручнікі з Чачэрскага раёна пераклікаліся ў гэтым з тымі, што нараджаліся ўверх па Дняпру, у Рагачоўскім раёне).

А ці не былі белыя палосы дэкаратыўным сродкам палегчыць цёмнафонавы арнамент, накшталт карункавых прошваў? Узяліся за арнаментальныя матывы карункаў. Наткнуліся на фантастычную заканамернасць. Падобна было на тое, што заўсёды на карункавых прошвах і на палосах "цягання" утвараўся незямны свет — нябесны ці Той Свет. I толькі ў XVIII ст. дваранскія і манастырскія майстэрні развілі ў ім тэму свецкага сюжэту — гарадскіх прагулак, але з перавагаю, з павышанаю ўвагаю да караблёў.

У Баўсунах і акрузе, на шчасце, захоўвалася цэлая традыцыя белага "цягання" — шыцця па сетцы, якую атрымоўвалі з разрэджанай саматканай палатніны. Некалькі белых ручнікоў і цэлая калекцыя "накутнікаў" — фіранак-падзораў пад іконы вялі да матываў старажытнарускіх "воздухоў', "пелен" пад іконамі і да падзораў ва ўборы пасцелі. Знаёмства з абедзвюма дэкаратыўнымі лініямі давяло да малявання ўсіх узораў пад сюжэтным ярусам роспісу храма Раства Багародзіцы ў Ферапонтавым манастыры, дзе працаваў вялікі Дыянісій. А таксама да разглядвання геаметрычнага стылю роспісу антычнай керамікі, з якой асабліва "знаёмай" аказалася крытская. Больш блізкаю па матэрыялу была канешне традыцыя аздаблення падзораў  вясельных пасцеляў.

Але ўсе яны ў белых фонах мелі ўзоры незямныя. I цяпер, аналізуючы той вопыт, ясна бачыш гэтыя "дэкаратыўныя" заканамернасці. Яны былі паветранага паходжання. А таксама мелі матывы вады і плавания, альбо агню і колаў, фантастычныя фігуры, птушкі, хвалі-крывулі, зоркі, промністыя постаці. 3 раслінных матываў там панавалі любімыя ўсімі завіток, вінаград, хмель… Белае дрэва, калі яно і было, мела вакол сябе толькі птушак. Тэма вазона з птушкамі ўзыходзіла да раннехрысціянскага матыву птушак-душ, якія ляцелі піць з боскае чашы бяссмерця. А таксама да матыва паўлінаў, якія былі птахамі бессмяротнасці таго ж рубяжа нашае эры.

Штосьці блізкае было і ў тым, як аздаблялі падалы рубах і нізы фартухоў у розных традыцыях. Тэма дарогі, воза, колаў, коней і вады ў яе розных дэкаратыўных праявах зноў і зноў узнікала перад намі.

Адзіныя высновы ўсіх розных з'яў дэкаратыўнага мыслення ў яго "белым чыне" паўсталі перад намі велічна і пераканаўча. Дыянісіявыя ўзорыстыя кругі пасярод намаляваных пелен-накутнікаў сценапісу зараз ясна бачацца коламі, якія можна ўбачыць і на сапраўдных тканінах, у тых жа Баўсунах і Неглюбцы.

Тады ж абагульніць вопыт успрымання здавалася не простым — вельмі розныя культуры былі перад намі. Вялікія імёны і назвы побач з безымяннымі вырабамі вясковых дзяўчат і жанок палохалі глыбінным адзінствам. I ўсё ж аналіз арнаментальных заканамернасцяў у неглюбскіх і баўсунскіх ручніках вёў да аднаго і таго ж: існавалі законы змяшчэння белафонавых палос у двух месцах кампазіцыі і дакладная прыналежнасць асобных спіскаў узораў да таго ці іншага месца. У спіс першага кола ўзораў папалі ўзоры цэнтра, калі ён быў белы, ці прыцэнтравых палос. "Калессе" і "вялікая крывуля", а таксама зоркі-васьмірогі ("кап'е") і колы -"кацелкі" — усе з выявамі светлападобнай прыроды — у Неглюбцы. Падобныя тэмы, але ў больш стрыманай і архаічнай распрацоўцы былі ў Баўсунах. Менавіта неглюбскія ўзоры "загаварылі" першымі. I ўзор з падвоенымі ромбамі, якія мелі крыжы ў сабе — "калессе", знайшоў падобны ж у спражках карпацкіх паясоў, дзе яны таксама лічыліся "калесамі" і нават сонечнымі коламі.

Другі ўзор белафонавых палос — адзінкавыя промністыя чырвоныя ромбы і з светлавым крыжом у сярэдзіне, плялі часцей за ўсё па чатыры, ахінаючы "цёмную чырвоную зямлю" Цэнтра. Паступова першае ўражанне (сонейкі !) атрымлівала матэрыяльную базу. Сапраўды, падобныя узоры заўсёды датычыліся цэнтра і верху. У касцюме падобныя сустракаліся на платках і рукавах кашуль. Самі назвы ("кацелкі", "куксы", "хрясты кучаравыя") змяшчалі ў сабе адзінкі значэння, якія вылучаліся ў моўным, фальклорным матэрыяле ў дачыненні да сонца. Лікавыя заканамернасці (тры і чатыры) таксама мелі ўстойлівы "сонечны" вопыт. Аналізуючы старажытныя аналагі, мы дабраліся і да індаеўрапейскіх вытокаў магчымага вобразнага разумения. Пульсуючая чырвоная хваля ў трэцім узоры прыцэнтравых палос звалася "вялікаю крывуляю". У адрозненне ад тэмы колаў, яна несла ў сябе вобразную ідэю нястрыманай плыні, водна-вогненага характару. Культурныя асацыяцыі аказаліся надзвычай моцнымі — аж да вогненага кола ў пахавальным абра-дзе радзімічаў і да вобраза пераезду ў вясельнай славянскай абраднасці. Гэты знак меў пару, якая ўжывалася не пры цэнтры, а толькі на краі ўсёй кампазіцыі. "Вялікая крывуля" пераклікалася з "крывулькай", "малой крывулькаю". Адрозненне, здаецца, было не толькі ў памерах, але і ў з'яднанні матываў вады і агню. У прыцэнтравай паласе ў "вялікай крывулі" крыжыкі — агонь "у вадзе-плыні" быў, а ў краявой — "малой крывульцы" агню не было. I яшчэ адна тады асэнсаваная акалічнасць пераканала нас у глыбінным семантычным паходжанні дэкаратыўных прыёмаў. Нават і ў магчымасці расшыфровак узораў у іх сучасным стане. Гэта "стыхійны", "ласкутавы" незямны характар самой тэхналогіі выканання "незямных" узораў. Так, для белафонавых узораў выбіраліся тыпы ткацтва, якія дакладна адрознівалі іх ад узораў цёмных фонаў. У апошнім выпадку падкрэслівалася структурнасць узораў не толькі ў іх складанасці і развіцці матываў з паласы на паласу. Усе арнаментальныя элементы былі нібы пабітыя на слупкі і цаглінкі самою тэхнікаю ткацтва — аднабаковым пераборам. Такім чынам, і тэхніка ткацтва ці вышыўкі ўдзельнічала ў стварэнні вобраза. Усё гэта вяло да думкі аб сапраўды архаічным паходжанні даследаваных белафонавых узораў у іх апазіцыі да зямнога характару чырвонафонавых палос. А таксама аб сродках утрымлівання архаічнай інфармацыі ў дэкаратыўных формах. Баўсунская традыцыя заставалася больш маўкліваю, бо ткаць узоры на ручніках перасталі ў пач. XX стагоддзя. "Калесы", "васьмірогі", "кацелкі" у Баўсунах былі, замест "крывуль" яны давалі "чаўны".

Але ў апошнія гады паступілі новыя матэрыялы. I тэма "двух перавозаў" у' неглюбска-баўсунскай ручніковай "ізаглосе" атрымлівае новыя словы. Што ж то за "перавозы" — застаецца толькі здагадвацца. Бачна толькі, што адзін —• краявы-водны — "са стыхіі ў культурную прастору". Другі — ля самага сакральнага Цэнтру. I ўвесь узор — пэўная Мадэль Сусвету. Але сёння мы толькі кранаемся тэмы белых фонаў.

Галіна Рыгораўна Нячаева,
 дырэктар Веткаўскага музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.