Публікацыі супрацоўнікаў музея

Абрад "Свячы" ва Усходнім Палессі

вкл. .

Г.І. Лапацін

“Свечамі” ў населеных пунктах Усходняга Палесся называюць як абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці. У весках Смаленшчыны, а таксама ў весках Хоцімскага раена Магілеўшчыны апошняе ўвасабляецца ў спецыяльна вырабленыя свечкі, а ў населеных пунктах Касцюковіцкага раёна Магілеўшчыны, Краснагорскага раена Браншчыны “Свечамі”  называюць абразы, якія шануюцца ўсімі жыхарамі вескі альбо яе асобнай часткі.  У весцы такіх абразоў магло быць некалькі. На Гомельшчыне (намі даследаваны вескі Веткаўскага, Добрушскага, Чачэрскага раенаў)  комплекс “Свячы” складаецца з шануемага абраза, а гэта можа быць самая любая выява Ісуса Хрыста, Маці Божай, таксама любога святога, і спецыяльна зробленай і апранутай у спецыяльна  пашытую для  яе вопратку свечкі. Згодна традыцыі, “Свяча” па чарзе знаходзіцца ў дамах усіх жыхароў вескі: год — у адным, год — у другім, і так пакуль не абойдзе ўсю веску. У некаторых вёсках па-за чаргой “Свячу” бралі ў дом, дзе быў нябожчык: калі мужчына — мужчынскую Свячу, калі жанчына — жаночую.  Перанасілася “Свяча” ў дзень памяці святога, якому яна прысвячалася. Варта адзначыць, што вынікі нашых даследаванняў адносна тэрыторыі распаўсюджвання абраду, практычна супадаюць з вынікамі  даследчыкаў к. ХІХ — п. ХХ. ст. ст. (1)

На наш погляд,   свечкі, што знаходзяцца пры абразах, з’яўляюцца хрысціянізіраваным рэліктам культу радавога агню — хатняга агменю. Яшчэ на пачатку дваццатага стагоддзя падабенства паміж імі было заўважана А. Дабравальскім, адным з першых публікатараў матэрыялаў па “Свячэ”. (2) “Свяча”, на нашу думку, пашырая кола далучаных да свяшчэннага агню. У ХV ст. на   Беларусі, а таксама на Ўкраіне (пераважна — левабярэжнае Палессе) ўзнікаюць “свечачныя брацтвы”, адной з традыцый  якіх быў выраб агульнай свечкі, воск для якіх звычайна збіралі ўсе ўдзельнікі. Раз на год гэтая свечка “пераходзіла” да новага гасападара.(3) Як рэлікт першапачатковай абасобленасці ў нашых вёсках час ад часу ўзнікаюць  “дваравыя” аброчныя абразы, якія існуюць адначасова з агульнымі “Свечамі”.

Дастаткова празрыста  сувязь Свячы і агменю  выяўляеца  ў меркаваннях   носьбітаў традыцыі, прынамсі: “Свяча гарыць… Еслі мы запалім свечку возьлі іконы, яна абазначае   сімвал любві к Богу. Как агнём яна гарыць, так душа наша далжна агнём к Богу гарэць. Мы далжны вассылаць к Богу. Наша душа далжна гарэць к Богу. Як еты аганёк вот гарыць малінькі — так должэн аганёк зажэчся ўнутрэ, і паслаць к Богу малітву. Для етага і свяча, запаліваем свячу, стаім возлі іконы і молімся Богу. Агню пакланяцца – ета асталась ужо ат язычнікаў. Асталась ат язычнікаў павер’яў очэнь многа”. (4)    

 Супадаюць і некаторыя асаблівасці рытуалаў, якія выконваліся вакол агменю і   вакол “Свячы”. Збіраючыся кала агменю, нашы продкі вырашалі самыя надзенныя для сябе пытанні, а у агонь, каб улагодзіць духа-апекуна Рода кідалі рэшткі ежы і зерне. У свечку, якая ўваходзіць у азначаны рытуал, згодна дадзеных, прыведзеных С. В. Максімавым, дадаюцца “жованыя соты”.  (5)

Рэлікт культа продкаў у абрадзе “Свячы” прасочваецца і праз стаўленне да “Свячы” як да “сямейніка”, і праз колькасць страў “свячным абедзе”, прынамсі, “як на похараны, штоб лішняе было”, і праз абавязковасць   “гарачых страў”, і праз рэпертуар тэкстаў, якія выконваюцца падчас  яе святкавання. У шэрагу вёсак ён часткова супадае з рэпертуарам, які, па вызначэнню носьбітаў традыцыі,  выконваецца, “калі начуюць каля нябожчыка”.

Яднаючая роля  “Свячы” на нашым матэрыяле найбольш празрыста прасочваецца ў звычае дадаваць у новую свечку кавалачак старай, што суадносіцца з пераносам агню са старай хаты ў новую. Уяўленні пра агульнасць  “сямейнасць” і “родавасць” “Свечаў” прасочваецца ў тых варыянтах, калі яны застаюцца агульнымі як для вёсак, так і для пасёлкаў, што ўзніклі пры рассяленні буйных населеных пунктаў. А таксама і вызначэнне Свячы як “сям‘яніна”.

Разам з тым, “Свяча” можа асэнсоўвацца і з новым членам сям’і, прынамсі,   “нявестай”, адсюль і яе знешні выгляд (“фата”, “намітка”), і “банкеты”, якія водзяць падчас пераносу.   

Непасрэдныя ўспаміны жыхароў азначанай намі тэрыторыі адносяць час узнікнення “Свечаў” да к. ХІХ — п. ХХ ст.  і вызначаюць яго як “да рэвалюцыі”, “да майго раждзенія”, “в начале нашего столетия”. Мясцовыя жыхары ў выпадках хвароб блізкіх, бязладдзя ў сям’і, хваробе хатняй жывелы, стыхійных бедстваў звярталіся да  “Свечаў”.   Дзеля гэтага “усем мірам” альбо хтось-ці спачатку для сябе набывалі альбо замаўлялі ў майстроў абраз. У тым выпадку, калі абраз, як лічылі мясцовыя жыхары, дапамог ім пераадоліць няўзгоду, яго пачыналі перадаваць з дом у дом.    Асабліва колькасць “Свечаў” узрастае ў   20-30 гады ХХ стагоддзя, калі ў нашых весках масава зачыняліся цэрквы. У гэтым выпадку “Свечамі” станавіліся абразы з цэркваў. У гады Вялікай Айчынай вайны такія абразы замаўлялі,  “каб веску не спалілі”, “каб родныя жывымі вярнуліся”.   

Абраз ставілі на Куце ў доме. Перад абразом была свечка, якую альбо ўтыркалі ў бохан хлеба, альбо ставілі ў падсвешніку, запоўненым зернем. Падсвешнік апраналі ў спецыяльна пашытае адзенне ў выгляде фартушкоў, сукенак, спадніц.   Знешне падсвешнікі са свечкамі выглядаюць дастаткова разнастайна. Яны нагадваюць самыя разнастайныя выявы людзей. Магчыма, гэта — рэлікт уяўленняў аб выявах старажытных апекуноў дома, сям’і, роду, а  таму яны выглядаюць: “як дзіценак”, “як дзеўка”, “дзед”, “жэншчына”, “мужчынская” і “жаночая” свечкі. Хрысціянскія матывы у выявах  “Свечах” прасочваюцца ў крыжыках накштлат “нацельных”, якімі ў лакальных варыянтах аздабляюцца антрапаморфныя  выявы, а таксама ў трох свечках у адным падсвечніку, якія могуць суаднасіцца з ўвасабленнем Троіцы; у “букетах кветак”, прысвечаных св. Міколу — апекуну раслінасці; у “прыстолах”, якія ў пэўнай ступені замянілі Храмы.       

З цягам часу складаецца пэўны рытуал пераходу “Свячы”, які даходзіць да нас. Па-іншаму, на прынцыпах хрысціянскай маралі, абмяжоўваецца кола тых, чый дом варты прыняць свяшчэнны агонь. Так, “Свячу” не аддавалі  п’яніцам і забойцам. Такім жа чынам вылучаецца і рытуальная чысціня тых, хто мог пераносіць “Свячу”.  У лакальных варыянтах вызначаюцца “дзеўкі”, “муж” і “жонка”. Не маглі пераносіць “Свячу” “ўдовы” і “разжонцы” — практычна тыя ж самыя людзі, якім не давяраліся рытуальныя дзеянні, ўплыўныя на стан гаспадаркі і вынікі сельскагаспадарчай працы — першы зажон і першая дойка пасля ацелу. Некаторыя з жыхароў самі адмаўляліся ад Свячы па прычыне  атэістычнага светапогляду.

“Свячу”  нельга было пераносіць праз вуліцу, пакуль яна не дайшла да краю (вёскі, вуліцы). У лакальных варыянтах абрад пераносу “Свячы" прадугледжвае яе “абношанне” вакол усёй вёскі.

У большасці варыянтаў абрад адбываўся на працягу двух дзён. У першы дзень (звычайна гэта адбывалася ўвечары) ўсе збіраліся ў доме, дзе знаходзілася “Свяча”. Госці прыносілі з сабой ежу, ручнікі, іншыя тканіны, якія ахвяравалі на “Свячу”. Каля “Свячы” чыталі Біблію, спявалі акафісты, маліліся, пасля чаго гаспадары частавалі гасцей.

Наступнай раніцай “Свячу” пераносілі ў іншы дом. На ўсім шляху дарогу ўсцілалі саломай, палатном, галінками елак. Наперадзе неслі хлеб, соль, “свечку” і следам абраз. Хворыя людзі ў надзеі на выздараўленне праходзілі пад абразом. “Падлазілі” пад абраз і тыя, хто жадаў “змяніць лёс”.

У новым  доме гаспадыня ўпрыгожвала абраз новым рушніком і пераапранала свечку. Старое адзенне аддавалі жабракам, кідалі на ваду, аднак рушнікі маглі аднесці ў царкву.      

На шляху “Свячы” гаспадары асобных дамоў ставілі аброчныя сталы. Працэсія спынялася каля іх, яе ўдзельнікі частаваліся. У асобных выпадках, людзі, што неслі “Свячу” заходзілі ў дамы, дзе нешта было няладна, каб асвяціць іх. У лакальных варыянтах у дзень пераносу “Свячой” асвячалі палі, а у выпадку “падзяжу” са “Свячой” абыходзілі статак.

Уся атрыбутыка “Свячы” лічылася магічнай. Салому, кветкі, галінкі елак збіралі і выкарыстоўвалі ў лекавых абрадах. Лекавымі лічыліся і свечачныя недагаркі, і тканіны, якія пабывалі на “Свячы”. Зерне з падсвечнікаў дадавалі ў першы пасеў.  Лічылася, што “если Свеча в доме, несчастья обойдут этот дом”. Пэўны час, калі не дзейнічалі Храмы,  дамы, дзе захоўваліся “Свечы”, станавіліся месцам святкавання ўсіх вялікіх святаў.

З канца 1980-х гадоў “Свяча” па-ціху пачынае страчваць сваё месца ў мясцовай культуры. Па-першае, у вёсках сталі ўзнаўляцца храмы,  куды напрыканцы канцоў і трапляюць шануемыя абразы.  Па-другое, носьбіты традыцыі аказаліся матэрыяльна абмежаванымі, і элементарна не маюць сродкаў, каб выконваць абрад “па-старыннаму”. І, безумоўна, сваю лепту ўнесла і аварыя на ЧАЭС. “Свечы” асобных вёсак зніклі разам з вёскамі.

1. У дадзеным выпадку мы грунтуемся на высновах, зробленых С. В. Максімавым (Максимов С. В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1903. Прыводзіцца па выданню: Максимов С. В. Литературныя путешествия. М., 1986. С. 371). Да такі ж вынікаў прыходзіць і У. І. Даль. У фактычна дыялектным слоўніку ён прывдзіць слова “свеча” менавіта з такім значэннем, вылучаючы яго як западна-смаленскае. (Даль В. И. Толковый словарь живого великорусского языка. М. 1993. Т. IV. C. 15) Такія ж вынікі дала і экспедыцыя Веткаўскага музея народнай творчасці, якая у 1998 годзе прайшла ўздоўж ракі Бесядзь праз населеныя пункты Ершычскага раёну Смаленскай вобласці, Хоцімскага і Касцюковіцкага раёнаў Магілеўскай вобласці, Краснагорскага раёну Бранскай воблаці і Веткаўскага раёну Гомельскай вобласці. Асобныя звесткі пра “Свячу” прыводзяцца ў наступных публікацыях:   Опытъ описания Могилевской губернии в трехъ книгахъ. Составленъ по прогрмме и под редакціею А. С. Дембовецкого. Книга 1. Могилевъ на Днепре. 1882. С. 494, 520, 630, 634; Добровольскій В. Значение народного праздника “Свечи” // Этнографкое обозрение. 1900. №4. с. 35-51. Жудро Ф. Свеча — белорусский церковно-бытовой праздник. — Могилевские епархиальные ведомости. 1893. № 13. С. 232—236. У сярэдзіне 1990-х гадоу на гэтую з'яву звярнулі ўвагу супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці.   Апісанне абраду “Свячы” прыводзіцца  імі у наступных публікацыях:   Лабацкая Г. А. “Свяча” — народнае свята.  // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага р-на. У 2-х  //  Paleoslavica. Cambridge. 2006. ХІV.  Тэксты №№ 47-53.  Лопатин Г. И. “Легенды и предания деревни Верхличи”. // Живая  старина, 2003. № 4. Текст 2. Раманава Л. Д. “Ахвяра як аснова стварэння новага часу. Ахвярапрынашэнні ў абрадах “Свяча”, “Ваджэнне і Пахаванне “Стралы”. // Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Палесся, Гомель, 2004. С. 183-192. Раманава Л. Д. “Свяча ці народам, ці Богам суджана” // Роднае слова, 2004, 3. С. 104-106.

2. Добровольский В. Значение народного праздника “Свечи” // Этнографическое обозрение 1900. № 4. С. 35-51.

3.  Зеленин Д. К. Восточнославянская этнография. М., 1991. С. 386.   Украïнська мінувшіна: Ілстрований етнографічний довіднік. Киïв., 1994. С. 162.

4. Ад ж-кі в. Пакалюбічы Гомельскага р.   Літвінавай Тамары Васіллеўны, 1938 г. н., зап. Раманава Л. Д. 26 снежня 2006 г. Сш. 98. Ар. 56

5. Максимов С. В.   С. 371.

Генадзь Ісакавіч Лапацін,
вядучы навуковы супрауоўнік Веткаўскагя музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава.

Апублікавана: Лапацін Г. І., Абрад свячы ва Усходнім Палессі [Тэкст] / Г. І. Лапацін // Аўтэнтычны фальклор: праблемы бытавння, выхавання, пераймання: матэрыялы навук. – метад. канф. (15-16 сакавіка 2007 г.) Рэдак. кал. М. Л. Кузьмініч (адк. рэд.) [і інш.] Мінск: Бел. Дзярж. ун-т культуры і мастацтваў, 2007. — С. 84-89.



Паглядзіце нашу фотагалерэю