Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь
  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я годы XX стагоддзя, а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

    Даведацца больш

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх "адзінаверцаў" на тэрыторыі Расіі

    Даведацца больш

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

    Даведацца больш

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

    Даведацца больш

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак - упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

    Даведацца больш

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

    Даведацца больш

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

    Даведацца больш

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва "тчэцца" чаканамі, гравіруецца і "чарніцца", узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

    Даведацца больш

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

    Даведацца больш

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-"ляўкасам". Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным "зеллем" (сокам) - у лыжках або ракавінах

    Даведацца больш

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты "генны фонд" нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні "банк дадзеных" архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

    Даведацца больш

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб'яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-"садоў" на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

    Даведацца больш

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я - 30-я гады XX стагоддзя

Раманава Ларыса Дзмітрыеўна
Пічуха Алена Васільеўна
г. Ветка, Гомельская вобласць, Беларусь
Канспект музейна-педагагічнага занятка (па патрыятычным выхаванні) "Птушкі - нашы сябры... Вітаем птушак!"

Узрост дзяцей

5-6 гадоў

Выхаваўчая (-ыя) прастора (-ы)

Пазнаваўчае развіццё

Мэта

Пазнаёміць выхаванцаў з беларускімі традыцыямі сустрэчы вясны

Праграмны змест (задачы)

1. Фарміраваць уяўленні пра птушак, якія жывуць у Беларусі

2. Пазнаёміць з асаблівасцямі свята сустрэчы вясны, з народнымі абрадамі, якія існавалі ў сялянскі сем’ях

3. Выхоўваць любоў да беларускіх традыцый, беражлівыя адносіны да прыроды

Абсталяванне і матэрыялы

Саламяная птушка, два тканыя "платкі", выявы птушак, рэшата з яйкамі, пакет з просам, цацкі-свістулькі ў выглядзе птушак, фанаграма песень музычнага гурта "Стары Ольса"

Арганізацыйная частка

Гучыць адна з музычных кампазіцый ( "Шлях дадому" ) гурта "Стары Ольса".

Выхавацель: З даўняга часу нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі стараліся як можна лепш сустрэць прыход вясны. Вясной пачынаецца сяўба. Людзі засяваюць зямлю зернем пшаніцы, жыта, проса, аўса... У садзе ранняй вясной садзяць пладовыя дрэвы. А калі зямля добра прагрэецца, мы садзім кветкі ў палісадніках, а таксама - у вазонах у доме. А якія прыкметы прыходу вясны вы ведаеце?

Адказы дзяцей.

Выхавацель: Так, пачынаюць спяваць птушкі - жаўрукі,шпакі,сінічкі... Абуджаецца прырода. Адкуль прылятаюць птушкі?

Адказы дзяцей.

Асноўная частка

Выхавацель: Так, сапраўды, яны прылятаюць з цёплых краін, дзе не бывае зімы. Птушкі вяртаюцца з Выраю, куды вялікімі чародамі адлятаюць увосень.

Выхавацель дэманструе тканы чырвона-белы тканы "платок" (хустку).(Знаёмства з узорамі, якія ёсць на "платку").

Выхавацель: Такімі "платкамі", як гэты, у вёсцы Іпалітаўка Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці жанчыны ахіналі дзіця, калі неслі яго хрысціць або прычашчаць у царкву. Яго называлі "крыласьцікам": "Платкі - ета "крыласьцікі"... З "крыласьцікамі" хадзілі ў трыццаць пятых гадах, у саракавых. Перад вайной усё было, і посьлі вайны... Вот ідуць у цэркаў дзіцёнка прычашчаць. Ці хрысьціць нясуць... Яшчэ сама хрысьціла, дак мне кума давала абкрыць дзіцёнка етага... Тады ж ні было ні калясак, нічога... "Крыласьцікі" - ета тканыя кусочкі былі: планачкі, а тады - "зорачкі". "Крыласьцікі" з махрамі былі. (Паводле Алены Іванаўны Атрашковай, 1927 г.н., в. Іпалітаўка, Чачэрскі раён). На "крыласьцікі" падобны і тканыя "платкі" з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна: і на тых, і на гэтых па абодвум краям ёсць шырокія ўзорныя поласы. А на сярэдзіне "платка" мы бачым мноства вузенькіх чырвоных і белых палосачак. На белых палосах вытканы маленькія чырвоныя крыжыкі.Ткачыхі прыдумалі ім назвы: "вуткі", "цярэшкі", "верябей"... Скажыце, калі ласка, што вам нагадваюць гэтыя доўгія палосачкі? Чаму ткачыхі іх так называюць?(Выхавацель дапамагае "праляцець" саламянай птушцы над адной з палос на вертыкальна замацаваным "платку").

Адказы дзяцей.

Выхавацель: Так, яны сапраўды нагадваюць нябёсныя сцяжынкі для птушак. А яшчэ можна пачуць словы: "крылатая душа", - так кажуць пра стан чалавека, калі ў яго з’яўляецца натхненне, радасць творчасці.

Як вы думаеце, ці лёгка птушкам у небе знайсці такую сцежку, каб па ёй вярнуцца на Радзіму?

Адказы дзяцей.

Выхавацель: Многія птушкі не далятаюць, гінуць у дарозе. Самыя моцныя прылятаюць, каб тут, у родных мясцінах, звіць гняздо і вырасціць птушанят. Хочацца прыляцець усім птушкам. Ды, калі людзі ў нашых вёсках узорамі, якія ёсць на хустках-"крыласьціках", паказваюць ім дарогу, ці вернуцца птушкі на Беларусь? Як вы лічаце?

Адказы дзяцей.

Выхавацель: Вернуцца! Вядома, вернуцца, таму што мы іх тут чакаем. Чаму чакаем?

Адказы дзяцей.

Выхавацель: Птушкі дораць нам радасць, і не толькі. Давайце іх паклічам, мы ж таксама умеем спяваць песні.

Выхавацель раздае дзецям некалькі гліняных птушак-свістулек, на адной з іх паказвае, як трэба свісцець.(Дзеці мелодыямі свістулек клічуць птушак). Відаць, птушкі нас пачулі. Давайце іх яшчэ раз паклічам песняй, пагукаем. (Дзеці выконваюць "вяснянку" - беларускую народную песню "Жавароначкі, прыляціце!..")

Жавароначкі, прыляціце!

Цёпла лецечка прынясіце!

А зімачку прыбярыце!

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

Жавароначкі, прыляціце!

Зямлю-матухну абудзіце!

І дожджыкам напаіце,

Каб травачкі парасьцілі,

Каб волікаў накармілі.

Зіма з лецечкам сустракалася, у-у-у!

Зіма ў лецечка дый пыталася, у-у-у!

Пыталася, чаго рана на вулку не выходзіць, у-у-у!

- Мяне мамачка не пускае, у-у-у!

Шчэ й у каморачку замыкае, у-у-у!

А вось і птушкі да нас ляцяць!

Выбягаюць дзеці з выявамі птушак у руках (бусел, жаўрук, шпак, сініца, плісіца, жораў, гусь). Нехта з "Птушак": Сябры! Дзякуй вам за тое, што нас паклікалі. Нам так не хапала роднай зямлі...

Бусел: Я - бусел, сімвал Беларусі. Сёння - маё свята. Якраз на Благавешчанне (ці на Звеставанне) прылятаюць буслы. Там, дзе я жыву, людзі жывуць мірна і спакойна. Кажуць, што я прыношу шчасце ў дом. Бацькі-буслы, калі ўзгадуюць буслянят, любяць падымацца з імі высока-высока ў неба. Яны кружаць там у выглядзе кола, шырока раскрыўшы свае моцныя крылы. Такі ў іх нябёсны танец.

Выхавацель: Даўней казалі: "Маленькіх дзяцей у сям’ю бусел прыносіць".

Бусел: Калі ж нехта разбурыць буслінае гняздо, то гэтая птушка можа адпомсціць: прынясе ў дзюбе галаўню - тлеючы кавалак дрэва і кіне на дом злога чалавека. Птушак, увогуле - усіх птушак, нельга крыўдзіць. У Веткаўскім раёне існавала вёска Гарысты (слова складаецца з дзвюх частак: "гарэць" і "аисты" (руск.). Расказваюць, што калісьці такая бяда здарылася ў гэтай вёсцы.

Жаўрук: Я - маленькая, шэрая, непрыкметная птушачка. Раблю гняздо не на дрэве, а ў полі, на зямлі. А песні мае - такія вясёлыя і звонкія, нібы мелодыі чароўнага званочка. Я - майстар палету. Магу падняцца высока ў неба, завіснуць на адным месцы ды яшчэ й спяваць у гэты момант. Вы можаце мяне й не ўбачыць у гэты момант, але пачуеце маю шчаслівую песню, якую спяваю і тады, калі на жытнім полі яшчэ ляжыць снег. Бывае вельмі халодна, але песня й палёт сагравае мяне…

Шпак: Я - шпак, вялікі памочнік чалавеку. Збіраю ды з'ядаю шкодных гусеніц, якія водзяцца на лісці пладовых дрэў. А песні я спяваю, калі сяджу разам са сваімі сябрамі на вершаліне высокага дрэва раніцай ці позна ўвечары, калі зраблю ўсе справы. Усе, хто чуе мой спеў, радуюцца разам са мной.

Сініца: Сінічка - вельмі прыгожая птушка. Ёсць у мяне пёркі шэрыя і чорныя, а таксама жоўтыя і зялёныя. Я таксама маленькая, як жаўрук ці верабей, але не стамляюся раз за разам прыносіць камароў і мошак для маіх птушанят.

Жораў: Жораў - вялікі танцор. Многія птушкі любяць танцаваць вясной. Мы, жоравы, збіраемся разам у кружок, высока падскокваем на сваіх доўгіх, цыбатых нагах. Праўда, рэдка хто бачыць нашы танцы. Мы жывём пасярод лугоў і балот, куды цяжка прайсці чалавеку.

Гусь: Учора і сёння над Веткай праляталі чароды дзікіх гусей. Яны ляцелі з выраю. Гэта - мае браты. А я - гусь дамашні. Я люблю хадзіць да ракі Сож і купацца ў вадзе, лятаць над ёй, ледзь дакранаючыся крыламі.

Выхавацель: Як і ўсе птушкі, гусі цяпер пачынаюць несці яйкі ды звіваць гнёзды з сухой травы і цёплага пуху. Калі выведуцца маленькія жоўтыя гусяняткі, бацька-гусак так радуецца свайму сямейству, што аж скача ад радасці: стаіць на адным месцы і хутка-хутка перабірае лапкамі.

Плісіца: У плісіцы - тонкі доўгі хвосцік. Я такая ж маленькая і шэрая, як верабей, жаўрук і салавей. Але ўбачыць мяне можна здалёк на вясковай дарозе. Калі я іду па зямлі, то хутка-хутка то падыму, то апушчу свой хвосцік. Тамму і завуць мяне іншы раз па-другому: трясогузка (на рускай мове). Людзі кажуць: "Вясной плісіцу ўбачыш - лён сей". (Дзеці выконваюць беларускі народны танец "Расчосачка"). Гучыць музычная кампазіцыя гурта "Стары Ольса".

Выхавацель: Дзякуй птушкам за тое, што яны да нас прыляцелі і так цікава расказалі пра сваё жыццё. Дзеці, да нас трапіла яечка, відаць, гэта курка знесла яго для свайго гнязда. Калісьці даўней у нашых вёсках быў звычай: гаспадар дома, калі ішоў сеяць на поле жыта, ячмень, лён ці нешта іншае, клаў да зернят у сявалку два курыныя яйкі. Прыходзіў на поле - клаў яйка паўз мяжу, адкуль пачынаў сеяць. Яйка - сімвал новага жыцця. На полі, каля якога было пакладзена яйка, жыта вырасце ураджайным. Так лічылі нашы продкі. Да нас у госці завіталі… А хто ж гэта? З беларускай народнай казкі "Разумная дачка" да нас прыйшлі пан, бацька разумнай дачкі і яна сама.

Выхаванцы выконваюць інсцэніроўку сюжэта казкі. Пан загадвае дзяўчынцы вывесці з яек за суткі куранят, згатаваць іх на сняданак, дае пры гэтым рэшата з яйкамі. Дзяўчынка аддае яйкі бацьку, пану ж дае пустое рэшата і пакунак з просам, просіць пана пасеяць проса і за суткі вырасціць з яго ўраджай, каб было чым накарміць куранят.

Выхавацель: Дзякуй усім нашым сябрам! Давайце разам паводзім карагод, каб усе птушкі ўбачылі, што мы рады прыходу вясны, якую яны да нас прынеслі! (Дзеці водзяць карагод пад мелодыі песень і музыкі гурта "Стары Ольса").

Метадычныя рэкамендацыі аўтара:(дакладныя і кароткія інструкцыі або парады аўтара тым, хто будзе рэалізоўваць дадзеную метадычную распрацоўку)

1. Для паспяховага правядзення занятка трэба разгледзець кнігі, у якіх ёсць выявы птушак, якія жывуць у дадзенай мясцовасці

2. Пры выбары нагляднасці выкарыстоўваць характэрныя для дадзенай мясцовасці прадметы народнага касцюма

3. Арганізаваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі краязнаўчага музея

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012-2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.