Публікацыі супрацоўнікаў музея

Сонца і зоркі — побач з намі

on .

Раманава Ларыса Дзмітрыеўна,
вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея
народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.

8 і 9 лютага 2012 г. у Хальчанскай базавай школе і Неглюбскай сярэдняй школе (на Гомельшчыне) адбыліся літаратурна-этнаграфічныя сустрэчы “Зоркі і Сонца”.

Падчас святочных сустрэч размова вялася аб сімволіцы зорак і Сонца ў паэзіі Ларысы Раманавай, Генадзя Лапаціна, у арнаменце неглюбскіх ручнікоў, у мясцовых абрадах і уяўленнях. Вучні, настаўнікі мелі магчымасць убачыць 19 тканых ручнікоў неглюбскай традыцыі ткацтва, узорныя тканіны (з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава), якія экспанаваліся ў школьных аўдыторыях. У іх ліку — ручнікі, вытканыя лепшымі ткачыхамі Неглюбкі: Дзеранок Таццянай Фёдараўнай, Халюковай Валянцінай Аляксандраўнай, Барсуковай Еўдакіяй Сцяпанаўнай, Хрушчовай Настассяй Ільінічнай, Барсуковай Еўдакіяй Іванаўнай, ды іншымі.

“Зорькі”, “кап’ё”(“калодзец”), “кацелкі”, “звёзды кучарявыя”, “звёзды”, “хрэшчыкі”, “хрэст у крывулі”, “хрэшчыкі абводжаныя”, “хрэст у лапе”, “расколкі”, “кучаряўкі” — гэтыя ды шматлікія іншыя “сонечныя” назвы давалі ткачыхі ўзорам на ручніках. Ручнік узоры на ім (каля абраза на Чырвоным Куце, у царкве, на аброчным крыжы, на іконе-“Свячы”) праграмуюць лёс і жыццё будучых пакаленняў. Адзін з любімых неглюбскіх тканых узораў — крыж у ромбе — архаічны сімвал агню (сонца) і насення, злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў знаходзіўся і знаходзіцца побач, у паўсядзённым жыцці неглюбцаў.

“Маё сонца”, “маё сонейка”, “зорачка” — даўней і цяпер гэтыя словы найбольш ужываюцца паміж блізкімі людзьмі. Чалавек, да якога так звяртаюцца, важны для суразмоўцы — усё роўна як сонца, без якога няма жыцця, сэнсу…, радасці.

Святло і цемра — заўсёды побач. Згадайма фрагмент самага першага індаеўрапейскага міфа — паядынак Грамавержца (Перуна) са Змеем. Паводле многіх беларускіх народных казак на месцы Перуна аказваецца Іван Удовін Сын. Казачны герой б’ецца са Змеем (Цмокам, Цудам-Юдам) не на жыццё, а на смерць на калінавым мосце, вяртае людзям Сонца і Месяц, украдзеныя Змеем.

На ўзорных канцах неглюбскіх ручнікоў, а таксама ручнікоў, вытканых у вёсках Верашчакі і Нясвоеўка Навазыбкаўскага раёна, Ялоўцы Краснагорскага раёна (Расія) аказваюцца побач “кацелкі”, “звёзды”, “павукі ў пагонах”, “жалуддзе”, інш. (агульная назва для ўсіх: “хрясты серядавыя” ) — узоры цэнтральнай, паласы побач з узорам наступнай, другой паласы — хвалістай “крывуляй”, увасабленнем Змея (вады). Іншы раз “крывуля вялікая” або “крывуля кучаравая” абірае сабе месца на “галоўнай”, цэнтральнай паласе.

Кожная ўзорная паласа на неглюбскім ручніку традыцыйна завецца “хрясты”. “Хрясты” — сімвалічная назва пераўтварэння: наш свет — свет прыгажосці, дабрыні, гармоніі вынікае з пачатковага шэрага, неўпарадкаванага, неасвечанага хаосу.

Пра тое, што у Чысты чацвер, перад заходам сонца, калі глядзець у неба, можна ўбачыць “як Сонца са Зьмяёй б’ецца “, расказала аднойчы Марыя Васільеўна Гутар. У в. Казацкія Балсуны, дзе яна жыве, людзі ведаюць, што трэба зрабіць, каб цэлы год не бачыць змей, вужоў, якія могуць быць небяспечнымі для чалавека.

Аб сваім улюбёным занятку — ткацтве падчас свята ў Неглюбскай сярэдняй школе расказала Таццяна Паўлаўна Суглоб. Ручнікі, якія яна тчэ (найбольш — бела-чырвоныя), яркія і лёгкія, нібы зоркі-сняжынкі, што ўпалі на снег, экспанаваліся тут жа, у школьнай аўдыторыі. На сустрэчу з вучнямі прыйшлі Еўфрасіння Іванаўна Дзямчыхіна, Людміла Васільеўна Кавалёва, Соф’я Міхайлаўна Астапенка — таленавітыя неглюбскія ткачыхі. На адным са сваіх ручнікоў Еўфрасіння Іванаўна паказала і назвала мясцовыя назвы колераў: “гаряшчы” — ярка-аранжавы, “галны” — малінава-ружовы, “кураняткамі” — светла-жоўты, зеленкаваценькі (светла-зялёны).

Падчас свята ў Неглюбскай школе была наладжана выстаўка сурвэтак, ручнікоў, вытканых на ўроках працы вучнямі 5-9 класаў гэтай школы. Ткуць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. Вольга Гаўрыленка, вучаніца 11 класа, Юля Суглоб, Ліза Шанёнак — вучаніцы 8 класа прадэманстравалі неглюбскі строй (дзявочы і жаночы касцюмы). Кожнай з іх хацелася, каб на галаве быў прыгожы “кубак” з лентамі-“строчкамі”, які, на самой справе, насілі толькі дзяўчаты на вясковых “ігрышчах”. Дзяўчаты нагадалі аб назвах прадметаў адзення, упрыгожванняў.

Ніна Іванаўна Лямцава, якая на працягу многіх гадоў працавала дырэктарам Неглюбскай сярэдняй школы, расказала пра тыя шматлікія намаганні, якія рабіліся кіраўніцтвам школы дзеля таго, каб у неглюбскіх дзяцей была магчымасць навучыцца ткаць на кроснах, каб дзеці палюбілі гэты занятак, каб адметнае неглюбскае ткацтва не сышло ў нябыт.

Настасся Рыгораўна Каўтунова на ўроках працы, а таксама падчас заняткаў гуртка “Юныя ткачыхі” вучыць дзяцей распазнаваць і ведаць назвы ўзораў на ручніках, ставіць аснову, здымаць яе з рамы, выконваць кампазіцыйныя экскізы ды шмат чаму іншаму. У свой час яна вучылася ткаць у Таццяны Фёдараўны Дзеранок, якая была заснавальнікам і першым кіраўніком школьнага гуртка (гурток пачаў працаваць з 1985 г.). Больш падрабязна пра тое, як адбываюцца ўрокі працы ў Неглюбскай школе, гл. артыкул : Ігар Грэчка. “Веткаўскія ліштвы, неглюбскі ручнік”. “ Настаўніцкая газета”, 28 студзеня 2012 г.

Падчас сустрэч “Зоркі і Сонца” вучні і настаўнікі адказвалі на пытанні літаратурна-этнаграфічнай віктарыны, расказвалі добра ўсім знаёмыя вершы Максіма Багдановіча (у якіх сустракаюцца словы “зоркі” і “сонца”). Аднаго разу вучні Неглюбскай школы ездзілі ў Ялту, каб пабачыць месца пахавання Паэта.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Віктараўна Шавялёва прачытала свае вершы, прысвечаныя Неглюбцы, неглюбскім ткачыхам.

Побач з выставай ручнікоў у Хальчанскай і Неглюбскай школах была наладжана фотавыстава “Ручнікі Неглюбкі”, абрадавыя комплексы “Неглюбская “Свяча”, “сонца”.

Вядучыя навуковыя супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Ларыса Раманава, Генадзь Лапацін прэзентавалі удзельнікам святаў свае кнігі паэзіі: “Птушкі і рыбы”(Л. Раманава), “Убачыць дрэва” (Г. Лапацін), а таксама — кнігу паэзіі “Свабода вады” Галіны Нячаевай, навуковыя выданні музея: “Арнаменты Падняпроўя”, “Навуковыя запіскі Веткаўскага музея”, “Галасы адышоўшых вёсак”, набор паштовак “Муж. Мужчына. Воін”, 10 адметных паштовак, на якіх — фрагменты абразоў Веткаўскай і Бабіцкай школ іканапісу, ручнікі з архаічнымі арнаментамі, фрагменты вышытых ручнікоў.

Вучні і настаўнікі школ, госці святочных сустрэч атрымалі ў падарунак ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, у межах якой ладзіліся святочныя сустрэчы “Зоркі і Сонца”, наборы паштовак, розныя сувеніры, кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Ніжэйнадрукаваны артыкул быў апублікаваны 22 лютага 2012 г.
у раённай газеце “Голас Веткаўшчыны”.



Паглядзіце нашу фотагалерэю