Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

Відаць, няма ў свеце больш ні воднай кнігі, што выклікае столькі ж пачуццяў, спрэчак, тлумачэнняў. Ва ўсе часы яна магічна прыцягвала да сябе тысячы і тысячы чалавечых душаў, якія імкнуліся да спазнання ісціны. На кожным этапе свайго жыцця мы зноў і знаў вяртаемся да гэтых тэкстаў, імкнучыся зразумець філасофскую глыбіню, мудрасць, што змешчаныя ў алегарычннай мове. Кнігі евангелістаў напоўненыя прытчаў, афаразмаў, якія і сёння жывуць у нашых прамовах. Вось толькі некаторыя з іх: "няма нічога таямнічага, што не зрабілася б відавочным", "Тое што мае вушы чуць, ды пачуе", "Хто не супраць вас, той за вас", "Няма прарокаў у сваёй айчыне", "Не судзіце, да не судзімымі будзеце", "Многія будуць першыя апошнімі, і апошнія першымі", "Хто без граху, першы кінь камень", "Палюбі блізкага свайго, як самога сябе".

Мабыць можна сказаць, што Евангелле - гэта кніга аб Любові. Усе галоўныя запаветы былі дадзеныя чалавеку да прыходу Хрыста. Але Ён з’явіўся ў свет, каб прынесці новую, самую галоўную, да выканання якой бесперастанна заклікаў: "Да любіце адзін аднаго!" бо "любіць блізкага свайго, як самога сябе, ёсць болей усіх усяспальванняў і ахвяр". І "няма большай любові, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх". І калі вучні звярнуліся да Хрыста: "Госпадзі! Як мы пазнаем, што ты сярод нас?", Ён адказаў: "Па любові, якую будзеце маць паміж сабой". Мабыць, сапраўды, няма нічога вышэй і болей любові. Яна ўключае ў сябе ўсе астатнія дабрачыннасці: і гонар, і дабро, і самаахвяраванне, і міласэрднасць, і прабачэнне.

Ва ўсе часы да Евангелля звярталіся вялікія мастакі, паэты, пісьменнікі. Іх мастацкае атаясамленне тэкстаў, выяўленае ў вобразах, дапамагае нашаму пранікненню ў іх. Гэтую кнігу можна параўнаць з калодзежам. Чым глыбей апускаешся, чым з большай глыбіні зачэрпваеш ваду, тым яна чысцей, празрысцей і смачней.

Бясконцае перапісванне і перачытванне Евангелляў са старажытнасці да нашых часоў - адзін са складнікаў духоўнага шляху чалавека. І галоўная мэта, якую хацелася б рэалізаваць на выставе - даць хаця б невялікую магчымасць пабачыць бесперарыўнасць гэтага шляху.

Самыя першыя кнігі, якія перапісваліся на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны, пачынаючы з ХІ ст., былі Евангелля. На жаль, фонды Веткаўскага музея маюць рукапісныя Евангеллі, пачынаючы толькі з першай чвэрці ХVІ ст. Хоць, патрэбна заўважыць, што заснавальнік музея Фёдар Рыгоравіч Шкляраў у 1971 г. падарыў рукапіснае Евангелле 1-й паловы ХV ст. археаграфічнай экспедыцыі Маскоўскага ўніверсітэіта, якая працавала на тэрыторыі Веткаўска-Старадубскага рэгіёну ў 1971 - 1973 гг. Таму на выставе выкарыстаны факсімільныя выданні "Астрамірава Евангелля" 1056 - 1057 гг., "Тураўскага Евангелля" ХІ ст., "Луцкага Евангелля" ХІV ст. Апошняе з калекцыі графа М.П. Румянцава, аб чым сведчыць экслібрыс. Мікалай Пятровіч, быдучы вялікім аматарам старажытнасцей, збіраў на Гомельшчыне ў канцы ХVІІІ - п. ХІХ ст. вельмі рэдкія рукапісы і старадрукаваныя кнігі. Магчыма, гэта той самы рукапіс, аб якім ён паведамляў у 1822 г. аднаму са сваіх сяброў: "Сегодня в Гомеле приобрел любопытную книжицу 1340 года на пергаменте". ХV стагоддзе прадстаўлена факсімільным выданнем дзівоснага па багаццю і прыгажосці афармлення "Перасопніцкага Евангелля". Рукапіс быў створан на тэрыторыі Украіны ў 1556 - 1561 гг. На памежжы ХVІІ - ХVІІІ ст. яна належала гетману Мазепе. Сёння на ёй прысягаюць прэзідэнты Украіны.

Але перш за ўсё, прыцягваюць увагу, вядома ж, арыгіналы рукапісных і друкаваных рарытэтаў з фондаў Веткаўскага музея. Рукапіснае Евангелле, створанае на беларускай зямлі ў ХVІІ ст. уражвае глыбінёй арнаменту, звязанага з сімволікай Хрыста. Унікальнае Евангелле, перапісанае ў 1916 - 1918 гг. Пятром Тараканавым, які служыў у старабрадніцкай царкве ў слабадзе Тарасаўка (зараз в. Тарасаўка Веткаўскага р-на). Здавалася б, навошта гэта яму спатрэбілася, дык да гэтага ж часу былі ўжо сотні і сотні надрукаваных Евангелляў. Але, у гэты час "великого неустроения", як ён пісаў пасляслоўі да гэтага рукапісу, быўшы выкліканым на вайну, ён не ўзяў у рукі зброю забіваць сабе падобных. Ён выбраў іншы шлях і іншую зброю - Слова. Евангелле адрозніваецца цудоўнымі жывапіснымі мініяцюрамі, прыкладамі для якіх з’явіліся рукапісы ХV ст.

Сярод друкаваных Евангелляў ХVІ - п. ХІХ стст., зразумела ж, вылучаецца надрукаване Пятром Мсціслаўцам у Вільна ў 1575 г. Гэта першая самастойная праца беларускага майстра, у якой ён паўстае не толькі цудоўным шрыфтавіком, але і мастаком-графікам. Усе гравюры ў стылі маньерызму (прадвесніка заходняга барока) створаныя Пятром Мсціслаўцам.

І, нарэшце, у экспазіцыі можна пабачыць найцікавейшае сучаснае выданне Евангелля ад Марка, аформленае мастачкай з Пецярбурга Апалінарыяй Мішынай. Адчуваючы тую ж вялікую патрэбу, што і далёкія продкі, яна спачатку перапісала тэкст, практычна, вымалёўваючы кожную літару, затым праілюстравала яго. Але гэта нават не ілюстрацыі, а спроба спасціжэння найглыбейшага сэнсу праз вобраз, слова. Гэта кніга, у якой слова здабывае плоць, а плоць становіцца словам. І міжволі ўзгадваецца словы Евангелля: "На пачатку было Слова. І Слова было ў Бога. І Слова было Бог".

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 5 лютага (пятніца) 2016 года, 16:00

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.