Выстава "Казка ў дрэве"

on .

Дрэва – адзін з самых архаічных сімвалаў у традыцыйнай культуры. Гэта і Сусветнае Дрэва, і дрэва-мяжа, і дрэва-лекар… У народзе вельмі шчыльна распрацавана размежаванне добрых і нядобрых дрэў, мужчынскіх і жаночых.

Сыходзячы з вопыту шматгадовай збіральніцкай працы Веткаўскага музея, можна смела сцвярджаць, што менавіта дрэвам належала важная лекавая функцыя ў народнай медыцыне. Шматлікія рэцэпты  лекавых адвараў не абыходзіліся амаль ніколі  без пупышак, лісцяў і карэнняў дрэў.

Выстава "Кветкі ля хаты"

on .

Афіша выставы "Кветкі ля хаты"

Назва беларускага месяца красавік паходзіць ад слова "красаваць", таму і красуе ўсё навокал у гэты час. Палісаднікі нашых дамоў у гэты час пачынаюць свае першыя "подыхі", першыя каляровыя "ўсмешкі". А Веткаўскі музей у гэтыя цудоўныя сонечныя красавіцкія дні прапануе наведвальнікам спазнаць усю прыгажосць квецені ад веснавых падснежнікаў і фіялак, да восеньскіх гладыёлусаў і вяргінь. І гэты гадавы "баль" кветак нам прадстаўляе гомельская мастачка Ганна Пугачова. Яе далікатныя акварэлі побач з не меньш далікатнымі вышыўкамі зачароўваюць і прывабліваюць з аднаго боку сваёй натуралістычнасцю і ў той жа час фантастычнай нерэальнасцю вобразаў у сугуччы з колерамі.

Выстава "Купалы"

on .

"Купалы"

(Вобраз дома і храма ў веткаўскім іканапісе)

Праект "Купалы" па-новаму паставіў пытанні да тэмы нашага былога даследавання - феномена жывапісных ікон у еднасці з устаўнымі літымі абразкамі. Усе гэтыя "артаб’екты", па сутнасці, своеасаблівыя мікракосмы, дзе тэмы "свет-дом-міф" узаемапраяўляюць адзін аднаго. Так, яны - мадэлі светастварэння і ў прыватнасці дома-жылля, аж да дома душы чалавечай. Ад лекавага ківотца з ліццём у хатніх іканастасах - да шыкоўна квітнеючага райскага саду, што ўваходзіць у дом у выглядзе разнога залачонага ківота.

Выстава "Любили раньше чаёвничать"

on .

ЧайнаяСамо з'яўленне гарбаты авеяна легендамі. Часцей за ўсё спасылаюцца на тую, згодна з якой першымі сталі ўжываць настой лісця пастухі на поўдні Кітая, звярнуўшы ўвагу на жывёл, якiя скубуць лісточкі з кустоў і становяцца больш бадзёрымі. Гісторыя гарбаты выносіць нас у Кітай, дзе ўжо ў 2700 г. да нашай эры ў адным кітайскім рукапісу згадваецца пра гарбату. Па адной з легенд ў 1737 г. да нашай эры кітайскі імператар кіпяціў ваду ў сваім садзе. У закіпеўшую ваду ад парываў ветру з куста зляцела некалькі лісточкаў. Ён паспрабаваў ваду і прыйшоў у захапленне ад прыемнага смаку і далікатнага паху. Так была адкрыта гарбата.

Сёння гарбата стала адным з самых папулярных напояў у свеце. У Еўропу першыя звесткі пра гарбату праніклі ў 1584 г. Яго распаўсюджванню спрыялі паслы. Першапачаткова, у XVI ​​ст. гарбата з'явілася ў Партугаліі, затым у XVII ст. ў Галандыі і Англіі. У гэтым жа стагоддзі чай з'явіўся і ў Маскве.

Назва "чай" пайшла ад кітайскага слова "ча", што значыць малады лісток (з чайнага куста зрываюць толькі почку і два самых верхніх ліста).

Выстава "Людзі і птушкі"

on .

Афіша выставы "Людзі і птушкі" ў філіяле Веткаўскага музея

Птушкі па традыцыйных народных уяўленнях з’яўляюцца вястункамі Бога. Відаць, таму і зя’ўляецца адным з самых улюблёных сюжэтаў ці то ў традыцыйнай вышыўцы, ткацтве, ці то ў драўлянай дамавой разьбе пара птушак. Вера ў звышнатуральныя здольнасці птушак шугае ў сівую даўніну, калі людзі яшчэ верылі, што высока на небе Бог жыве і толькі птушкі могуць да яго даляцець. І на зімку птушкі ляталі таксама ў далі, куды чалавеку не дабрацца. Толькі ўслухаемся ў слова "выРАЙ"… У РАЙскія сады ляталі зімаваць птушкі, таму і "насяляюць" яны з даўніх часоў чырвоныя куты дамоў ў выглядзе вышывак, ды вянчаюць вільчыкі аканіц і дахаў вясковых хат - "там Бог жыве".

Выстава "Муж. Мужчына. Воін"

on .

Іканапісны вобраз у традыцыйным асяроддзі

Цуд Георгія аб Змие. XIX в.

Слова "муж" перш азначала мужчыну. Паняцці "мужнасць", "мужацца" пазначаюць валявыя і маральныя якасці. "МУЖ" у шлюбе - абаронца сям'і і роднай хаты. Традыцыі выхавання патрыятызму - шмат стагоддзяў. Спрадвеку яна акумулюецца ў вобразах святых воінаў. Адлучаныя адзін ад аднаго сотнямі гадоў і тысячамі кіламетраў яны суіснуюць ў ёй як "усё святое воінства". Само слова "подзвіг"- хрысціянскага паходжання. Сувязь паміж рэальным ратнікам і яго нябесным воінам-заступнікам - у духоўнай сіле, што даруецца зямному салдату: здзейсніць "святую справу", перасіліць сілы зла. Добраахвотны, уласны выбар - "нават і да крыві", гатоўнасць да смерці за ідэю і свабоду, перамогі над духоўным ворагам, вернасць дадзенаму слову і Слову Божаму - аказваюцца мацнейшымі любога злачынства. У XII - XIV стагоддзях ўзнікае цэлы шэраг святых воінаў - ваяроў "за бліжняга свайго". Ідэя нацыянальнай незалежнасці нараджаецца ў крыві і подзвігах. Але для народнай культуры перамога - пераадоленне бяды. Вайна як парушэнне сусветнага парадку абавязкова павінна быць знішчана, а сам свет вяртаецца ў кругаварот стварэння.

Сотні святых мужоў ўстаюць ў адвечнае кола - кола календара земляробчага. Георгій Пераможца адмыкаў веснавую зямлю, грозны Ілля распараджаецца надвор'ем, Мікола - адварочвае беды і сам з'яўляецца ідэалам мужчыны - гаспадара, мужа, бацькі, патронам майстэрства - рамёстваў і земляробства, абаронцам удоў і дзяцей.

Выстава "Муж. Мужчына. Воін" у НМмРБ

on .

у Нацыянальным мастацкім музеі РБ

Слова “муж” першапачаткова азначала мужчыну. Паняцці “мужнасць”, “быць мужным” азначаюць валявыя і маральныя якасці. “Муж” у шлюбе – абаронца сям’і і роднай хаты. Род, нарадзіцца, радня, роднае месца, радзіма – гэтыя радавыя паняцці ў глыбіні слова “Радзіма”.

Традыцыі выхавання патрыятызму – шмат стагоддзяў. Адлучаныя адзін ад аднаго сотнямі гадоў і тысячамі кіламетраў, яны сапрысутнічаюць у Сусвеце як “усё святое воінства”. Само слова “подзвіг” – хрысціянскага паходжання. Сувязь паміж рэальным ратнікам і яго воінам-заступнікам – у яго духоўнай сіле, што даруецца зямному салдату: здзейсніць “святую справу”, перасіліць зло. Добраахвотны, уласны выбар – “нават і да крыві”, гатоўнасць да смерці за ідэю і свабоду, перамога над духоўным ворагам, вернасць дадзенаму слову і Слову Божаму – аказваецца мацней за любы гвалт. У XII– XIVстагоддзях узнікае цэлы шэраг святых – ваяроў “за бліжняга свайго”.

Выстава "Не предать забвению…"

on .

Выстава з'яўляецца працягам аўтарскага праекта музея "Голоса ушедших деревень". Вёсак, якіх больш няма на карце свету пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Але, нягледзячы на ​​гэта, памяць пра гэтыя месцы жыве ў запісах, фотаздымках, экспанатах, сабраных падчас экспедыцыйных паездак супрацоўнікаў музея.

Выстава "Па шляхах старажытных радоў…"

on .

Ф.Р. Шкляров ў гасцях у старавераў

Ідэя нашай выставы аформілася як вынік працы калектыву Веткаўскага музея народнай творчасці за апошнія тры гады ў сферы збіральніцкай, даследчыцкай, асветніцкай дзейнасці. Гэтак жа называецца і шматгадовы праект Веткаўскага музея. Ён вырас з экспедыцыйных традыцый, закладзеных яшчэ заснавальнікам музея Фёдарам Рыгоравічам Шкляравым. Ад пачатку заснавання калектыў музея вызначаў экспедыцыі прыярытэтным напрамкам сваёй дзейнасці. Цікава, што калі ў 1978 годзе пад экспазіцыю музея вылучылі паўразбураны будынак былога жылога дома купца Грошыкава, для фондавых калекцый у ім не планавалася асобных памяшканняў. Разлічвалі, што дзейнасць музея будзе абмяжоўвацца толькі экспанаваннем ужо сабраных рарытэтаў. Аднак, на самой справе, усё толькі пачыналася.

Сёння ў актыве музея - запісы і экспанаты з 265 населеных пунктаў 18 раёнаў 4 абласцей Беларусі, Расіі, Украіны. Некалькі экспедыцый з Веткі прайшлі ўздоўж старажытных славянскіх рэк: Сажа, Бесядзі, Іпуці і іх прытокаў. Удзельнічалі ў экспедыцыях археолагі, этнографы, фалькларысты. Абагульненне вопыту, а таксама лепшыя знаходкі 2009 - 2010 гадоў, рэстаўраваныя іконы, расшыфраваныя ўзоры, унікальныя запісы з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці, які з гэтага года носіць імя свайго заснавальніка - Фёдара Рыгоравіча Шклярава, на адкрытай сёння выставе.

Выстава "Пераплётных спраў майстры. Мастацтва ўпрыгожвання кніг"

on .

Пераплёт - найстаражытнейшы элемент кнігі - з'яўляецца адной з галоўных складнікаў у яе структуры. Ён завяршае цэльнасць мастацкага вобраза кнігі. Гэта тыя "адзенні", якія не толькі дазваляюць атрымаць першае ўражанне ад кнігі, але, самае галоўнае, даюць ёй магчымасць пражыць не адну сотню гадоў. Менавіта як да вопраткі, здольнай не толькі ўпрыгожыць, але і абараніць кнігу, ставіліся да вокладкі ў стараабрадніцкім народным асяроддзі.

Выстава "Птушка на Ветцы"

on .

"Пушка на Ветцы"

(Вобраз птушкі ў веткаўскіх рукапісах)

Духоўныя пошукі Веткі першапачаткова былі накіраваны на пераадольванне трагізму раскола, узнаўленне зруйнаванага свету, цэласнасці быцця, у першую чаргу, у душы чалавека. І адзін са шляхоў, які дазваляе гэта зрабіць, складаўся не ў сыходзе ад свету, а ў яго збудаванні праз ідэю вобразнага стварэння райскага "града" на зямлі. Магчыма, пошукі райскай краіны, якую стараабрадцы называлі Белаводдзем, прывялі іх у гэтыя "пустые и зверопастные места".

Выстава "Ростань"

on .

Ростань – месца, дзе водзяцца нячысцікі. Тут робяць свае цёмныя справы варажбіты. Тут хаваюць самагубцаў. Ростань – месца на мяжы з іншасветам, вельмі небяспечнае для чалавека…

Таямнічасць скрыжавання дарог у традыцыйным уяўленні беларусаў стала лейтматывам выдадзенага ў 2015 годзе музычнага альбома гомельскага гурта "Млын Сонца". Зробленыя да альбома "Ростань" арыгіналы ілюстрацый музыкі калектыву Цімафея Палуніна прадстаўлены на аднайменнай выставе. А таксама змайстраваныя ім этнічныя інструменты – колавая ліра, дуда, гудок, гуслі.

Выстава "Сад"

on .

Выстава "САД"– вынік сумеснай дзейнасці гомельскага мастака Аляксандра Лобана і Веткаўскага музея. Аляксандр Лобан – мастак, які спрабуе паказаць не проста вонкавае аблічча наваколля пры дапамозе фарбаў, яго задача – у прамым сэнсе заглыбленне ў нетры прыроды. Туды, адкуль усё бярэцца, з чаго пачынаецца жыццё – у багну. І таму тэхніку для напісання сваіх прац ён назваў ІкеБагна – мастацтва багны, велічнай, таямнічай і дагэтуль неспазнанай.

Выстава "Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты"

on .

"Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты" - выставачны праект музея, які праводзіцца сумесна з Гомельскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і з’яўляецца першай спробай аб’яднаць намаганні музейных супрацоўнікаў і царкоўных гісторыкаў у асэнсаванні драматычнага вопыту мінулай эпохі. Храналагічныя рамкі выставы абмяжоўваюцца 1920 – 1970-мі гадамі, прадстаўляючы перыяд ганенняў, калі царква ў СССР была, па-сутнасці, на мяжы вынішчэння. Зачыненыя і апаганеныя храмы, занядбаныя святыні, дзясяткі тысяч загубленых і замардаваных людзей, якія не адцураліся сваёй веры – гэта ў поўнай меры можна было сказаць і пра наш край, і пра яго жыхароў: простых, чэсных і шчырых людзей. Але не помста і горыч засталася ў іхніх сэрцах. Перад намі людзі, якія жывілі радасцю і дарылі надзею, поўнілі сэрцы агнём веры тых, хто абуджаўся ад хімераў «светлае будучыні» і імкнуўся ўбачыць святло веры, што ззяла праз канкрэтных людзей.

Выстава "Стары горад. Чытаючы знакі"

on .

На выстаўцы прадстаўлены элементы драўлянага аздаблення дамоў Гомельшчыны ў цэлым, і Гомеля ў прыватнасці. Выстава прадстаўлена ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава”.

Нашае жыццё напоўнена знакамі. Мы можам звяртаць на іх увагу (напрыклад, зяленае святло светафора), можам ігнараваць. Некаторыя знакі з’явіліся адносна нядаўна (напрыклад, знак клічніка), некаторыя дайшлі да нас з глыбіні часоў (напрыклад, крыж, трохкутнік, ромб).

Выстава "У меня есть тоже патефончик…"

on .

У сярэдзіне XIX стагоддзя ўжо існаваў тэлеграф і фотаапарат. А прылады, якая запісвае і прайгравае гук, па-ранейшаму не было. Толькі ў 1877 годзе Томас Альва Эдысан вынайшаў свой фанограф. З тых часоў апарат пастаянна ўдасканальваўся, і гэтую эвалюцыю часткова можна прасачыць дзякуючы нашай новай выставе.

Выстава "Улюблёны ў жыццё"

on .

28 лістапада 2013 г. Веткаўскі музей адзначае 35 год са дня свайго заснавання. Выстава "Улюблёны ў жыццё" прысвечана Фёдару Рыгоравічу Шкляраву - заснавальніку музея, першаму яго дырэктару.

Вобразныя экспазіцыі выстаўкі раскрываюць асобу Фёдара Рыгоравіча. Ён прадстаўлены ва ўсёй разнастайнасці сваёй дзейнасці і захапленняў. За ўсё жыццё Ф.Р. Шкляраў авалодаў дзясяткамі прафесій: столяр, цясляр, маляр, тынкоўшчык, фатограф, разьбяр па дрэве, афарміцель ... І над усім гэтым - запал да малявання з ранняга дзяцінства і да апошніх дзён. Але атрымаць мастацкай адукацыі яму не ўдалося з-за ваеннага і суровага пасляваеннага часу. У 1960-я гады Ф.Р. Шкляраў захапіўся калекцыянаваннем.

Выстава "Хай будзе цьвердзь пасярод вады…"

on .

Новая выстава ў філіяле Веткаўскага музея прапануе наведвальнікам пагрузіцца ў "філасофію" керамікі Аляксандра Наўгародскага.

Самы старажытны прадмет з абпаленай гліны - керамічная статуэтка "Вестоницкой Венеры" - датуецца 29 - 25 тысячагоддзем да нашай эры. Мабыць, за ўвесь час існавання керамікі як рамяства, гэтая сфера сфармавала не толькі вызначаныя тэхналагічныя каноны, але і своеасаблівую "эстэтыку" і "міфалогію". Па "народнай" Бібліі, менавіта з гліны быў зроблены першы чалавек. Магчыма таму ад шматлікіх мастакоў-керамістаў вельмі часта можна пачуць: "Гліна - гэта жывы матэрыял".

Выстава "Хлебам адзіным…"

on .

“Хлебам адзіным…” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, які стаў вынікам шматгадовага вывучэння  Культу Хлеба ў жыцці чалавека-земляроба.

Хлеб – найбольш сакралізаваны від ежы, сімвал дабрабыту, шчасця дастатку. Менавіта зерне, каша, хлеб як сімвалы зямнога дастатку чалавека суправаджалі яго на ўсім жыццёвым шляху.

Выстава "Чырвоны кут/2"

on .

У гомельскім філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці ім. Ф.Р. Шклярава адбудзецца адкрыццё новай выставы.

Дадзены выставачны праект – гэта працы гомельскага мастака Алега Боклага, упісаныя ў кантэкст традыцыйнай культуры.

Чырвоны кут з'яўляецца сакральным месцам у традыцыйнай беларускай хаце. Гэта пункт, які адмяжоўвае чалавечае жыллё ад свету, дзе размешчаны нейкія трансцэндэнтныя сілы прыроды (Бог). І ў той жа момант, гэта тое месца, якое звязвае чалавека з гэтым светам і дазваляе яму трымаць сувязь з Богам. Не рэлігійны сэнс, але сама ідэя чырвонага кута як своеасаблівага парталу, памежнай зоны паміж двума светамі – Тым і Гэтым – уласцівая карцінам маладога мастака.

Спроба сумясціць абстрактны жывапіс постмадэрнісцкага характару з элементамі і з’явамі традыцыйнай культуры нарадзіла выставу “Чырвоны кут/2”.

Выстава "Што ў Неглюбцы ў сяле..."

on .

Неглюбскія тэкстыльныя традыцыі Веткаўскага раёна ў 2016 годзе занесены ў спіс "Нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі". Але ж прызнанне да Неглюбкі і яе майстрыц прыйшло ўжо даўно. Яшчэ з сярэдзіны ХХ стагоддзя неглюбскія ткачыхі пачалі сваю "вандроўку" ў лепшыя выставачныя залы нашай краіны і не толькі: "Мінскі дом мастацтваў", выставачныя пляцоўкі ВДНХ у Маскве, "ЭКСПО" ў Манрэалі і Осака, нават нью-йорскі "Метрапалітэн-музей" набыў неглюбскі ручнік для сваёй калекцыі. А вось сапраўднай скарбніцай неглюбскага "рукадзелля" можна па-праву назваць Веткаўскі музей. Сотні і сотні тэкстыльных вырабаў экспануюцца ў выставачных залах і захоўваюцца ў фондах нашага музея. Сярод іх тканыя і вышытыя ручнікі, посцілкі, дарожкі, фіранкі, абрусы, традыцыйнае адзенне (кашулі, панёвы, паясы, "платкі", гарсэты, запіны, світы).

Выстава "Шыццё жэмчугам і бісерам"

on .

Абраз «Маці Божая Казанская»

Яшчэ з часоў ранняга хрысціянства самым распаўсюджаным выглядам іконашанавання было ўпрыгожванне абразоў. З асаблівай цеплынёй "апраналі" іконы Багародзіцы, дадаючы да іх завушніцы, крыжыкі, маністы, у знак падзякі і любові. Існавалі і іншыя іконныя ўпрыгажэнні, якія імітавалі жаночы ўбор, гэта такія як, напрыклад, шытыя аклады, якія называлі "рызамі", "адзеннем". Асноўным матэрыялам, з якога выраблялі аклады, быў жэмчуг. Здаўна жамчужныя іконныя ўпрыгажэнні - рукадзелле жаночае. У XIX стагоддзі для вырабу акладаў жэмчуг часцей сталі замяняць бісерам - больш даступным матэрыялам. Вырабы з бісеру, якія ніколькі не пахмурнелі з часам, і цяпер дзівяць вытанчанасцю і прыгажосцю. На нашай выставе прадстаўлена 34 прадмета.

Гэта калекцыя абразоў ў акладах, шытых бісерам і жэмчугам, асобныя прадметы побыту, таксама аздобленыя вышыўкай з бісеру. На выставе мы прапануем вам атрымаць рэдкую магчымасць убачыць рэчы, створаныя больш за сто, а то і за дзвесце гадоў таму назад, менавіта ў тым выглядзе, у якім яны выйшлі з рук майстрыхі.

Выстава "Шыццё як жыццё"

on .

Філіял Веткаўскага музея ў чарговы раз рады прэзентаваць працы гомельскіх майстроў. На гэты раз наведвальнікі музея будуць мець магчымасць атрымаць творчую асалоду ад прац гамяльчанкі Святланы Баразны, якая даволі доўгі час займаецца тэхнікай лапікавага шыцця ("пэчворк").

Як распавядае сама майстар, рукадзеллем займалася заўжды, нават у самым маленькім узросце. У арсенале Святланы Георгіеўны і іголкі з каляровымі ніткамі, і спіцы, і кручкі, і "вілкі" для вязання, і лаза з прыстасаваннямі для пляцення, папера, тканіна, нажніцы… Гэты рад можна працягваць бясконца. Але ж самае блізкае і "цёплае" – гэта лапікавае шыццё. Старыя сукенкі, паліто, нагавіцы, спадніцы, што "захламляюць" нашы шафы, Святлана Баразна па-майстэрску ператварае ў шэдэўры інтэр’ернага дэкору. Многія рэчы могуць служыць як утылітарнай рэччу (сурвэткі пад гарачае, пледы, касметычкі, падушачкі), так і вартым упрыгожаннем для канапы ці цэлага дома.



Паглядзіце нашу фотагалерэю