Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава "Муж. Мужчына. Воін" у НМмРБ

у Нацыянальным мастацкім музеі РБ

Слова “муж” першапачаткова азначала мужчыну. Паняцці “мужнасць”, “быць мужным” азначаюць валявыя і маральныя якасці. “Муж” у шлюбе – абаронца сям’і і роднай хаты. Род, нарадзіцца, радня, роднае месца, радзіма – гэтыя радавыя паняцці ў глыбіні слова “Радзіма”.

Традыцыі выхавання патрыятызму – шмат стагоддзяў. Адлучаныя адзін ад аднаго сотнямі гадоў і тысячамі кіламетраў, яны сапрысутнічаюць у Сусвеце як “усё святое воінства”. Само слова “подзвіг” – хрысціянскага паходжання. Сувязь паміж рэальным ратнікам і яго воінам-заступнікам – у яго духоўнай сіле, што даруецца зямному салдату: здзейсніць “святую справу”, перасіліць зло. Добраахвотны, уласны выбар – “нават і да крыві”, гатоўнасць да смерці за ідэю і свабоду, перамога над духоўным ворагам, вернасць дадзенаму слову і Слову Божаму – аказваецца мацней за любы гвалт. У XII– XIVстагоддзях узнікае цэлы шэраг святых – ваяроў “за бліжняга свайго”.

Чытаць далей

Выстава “Хороша ложка к обеду”, або драўляныя цуды Барыса Міхайлавіча Васількова"

Выстава ў ткацкай майстэрні філіяла.

Васількоў Барыс Міхайлавіч нарадзіўся 25 мая 1929 года ў Гомелі. Выхаваны быў у дзіцячым прытулку, дзе і спазнаў школу жыцця: выгартаваў характар, спазнаў шчасце і расчараванне, атрымаў першыя навыкі разьбы па дрэве. Менавіта ў дзіцячым прытулку – праўда, не дзеля мастацтва, а дзеля побытавых патрэб – пачаў выразаць першыя ў сваім жыцці драўляныя лыжкі.

Шмат куды кідаў лёс спадара Васількова па свеце: і эвакуацыя дзіцячага прытулка ў Казахстан у аул каля ракі Іртыш, і праца ў горадзе Карсакпай недалёка ад Байканура, і служба ў горна-стралковым войску ў Карпатах. Але,  дзе б ні бываў Барыс Міхайлавіч, усё роўна ў сэрцы заставаўся родны Гомель. Таму і вярнуўся, ужо дарослым, працаваць у родныя мясціны. Жыццё паціху наладзілася: уладкаваўся на працу, ажаніўся, пачаў абжывацца сваім кутом.

Чытаць далей

Выстава "Вяртайцеся з вайны жывымі…"

З нагоды 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне тэма воінаў з’яўляецца адной з самых папулярных: пра гэта часта пішуць у СМІ, мастацкай літаратуры, мастакі малююць карціны, здымаюцца мастацкія і дакументальныя стужкі, праходзіць вялікая колькасць выстаў. Веткаўскі музей у чарговы раз вырашыў здзівіць гледача цікавым падыходам да “традыцыйнай” тэмы – Вялікая Айчынная вайна. За аснову выставы ўзяты лёс звычайнага радавога воіна, што на карціне мастака Міхася Андыка вяртаецца дахаты з Перамогай.

Чытаць далей

Вялікдзень

Вялікдзень – вялікае старажытнае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезона. Відаць, з Вялікадня некалі мог пачынацца каляндарны год.  У эпоху хрысціянства Вялікдзень стаў прымяркоўвацца да ўваскрасення Хрыста.

Вялікдзень – самае доўгачаканае і радаснае свята ў хрысціян, якое праходзіла пасля працяглага сямітыднёвага посту. Да Вялікадня ўсе старанна рыхтаваліся, прыбіралі хату і падворак.

Чытаць далей

Выстава “Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны”

Дадзеная выстава – своеасаблівы творчы эксперымент гісторыка-краязнаўцы Марыі Булавінскай, архітэктара Сяргея Ляпіна, мастачкі Ірыны Панковай пры падтрымцы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Хойніцкага краязнаўчага музея.

У выставачнай зале пераплятаюцца ў адзіны “тэкст” дакладныя гістарычныя факты, узнёслы акварэльны жывапіс, пышнасць фрагментаў архітэктурнага дэкору і вытанчанасць сталовага фарфору ды маёлікі.

Чытаць далей

Выстава "Пераплётных спраў майстры. Мастацтва ўпрыгожвання кніг"

Пераплёт - найстаражытнейшы элемент кнігі - з'яўляецца адной з галоўных складнікаў у яе структуры. Ён завяршае цэльнасць мастацкага вобраза кнігі. Гэта тыя "адзенні", якія не толькі дазваляюць атрымаць першае ўражанне ад кнігі, але, самае галоўнае, даюць ёй магчымасць пражыць не адну сотню гадоў. Менавіта як да вопраткі, здольнай не толькі ўпрыгожыць, але і абараніць кнігу, ставіліся да вокладкі ў стараабрадніцкім народным асяроддзі.

Чытаць далей

Выстава “Стою в Раю с магнитофоном…”

На гэты раз філіял Веткаўскага музея вырашыў здзівіць сваіх наведвальнікаў выставай інсітнага (наіўнага) мастацтва. І для гэтага ўзяў самую блізкую тэму для гэтага жанру – Рай, або, дакладней, вобраз Раю ў  народнай творчасці.

Наіўнае мастацтва – гэта покліч душы мастака-творцы. Тое, што не мае дачынення да строгай навуковай мастацтвазнаўчай рэгламентацыі формы, кампазіцыі, колеру. І ў той жа час менавіта форма, кампазіцыя і колер вызначаюць гэты накірунак у мастацтве.

Чытаць далей

Выстава "Стары горад. Чытаючы знакі"

На выстаўцы прадстаўлены элементы драўлянага аздаблення дамоў Гомельшчыны ў цэлым, і Гомеля ў прыватнасці. Выстава прадстаўлена ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава”.

Нашае жыццё напоўнена знакамі. Мы можам звяртаць на іх увагу (напрыклад, зяленае святло светафора), можам ігнараваць. Некаторыя знакі з’явіліся адносна нядаўна (напрыклад, знак клічніка), некаторыя дайшлі да нас з глыбіні часоў (напрыклад, крыж, трохкутнік, ромб).

Чытаць далей

Выстава "Два мастакі: размова праз гады"

Мастак — адна з самых старажытных прафесій на зямлі. Мастацтва губляе сэнс, калі перастае ўздзейнічаць. 30 000 гадоў на гледачоў уздзейнічаюць наскальныя малюнкі, зробленыя невядомым мастаком у пячоры Шавэ ў Францыі. Сучасныя мастакі мосцяць масты паміж чалавекам і космасам, спасцігаючы саміх сябе.

Для аўтараў выстаўкі "Два мастакі: размова праз гады" Алеся Цыркунова і Фёдара Шклярава мастацтва — гэта спосаб жыцця. Вялікім цудам сталася тое, што ім пашчасціла сустрэцца, некаторы час хадзіць па адных і тых жа веткаўскіх сцяжынках і вуліцах, а найперш — быць побач духоўна, зведаць разуменне і падтрымку адзін аднаго (рэч даволі рэдкая ў асяроддзі асобаў).

Чытаць далей

Выстава “У АБ’ЕКТыве”

Аб’ект – аб’ектыў – аб’ектыўнасць… Менавіта гэтыя тры аднакаранёвыя словы сталі завязкай і галоўнай ідэяй новага выставачнага праекта Веткаўскага музея. У адным зале аб’ядноўваюцца, здаецца, цалкам розныя рэчы – фотатэхніка, традыцыйныя строі, бортніцкія прылады, архітэктурная разьба, жаночыя ўпрыгажэнні і фотаздымкі… Менавіта апошнія (фотаздымкі) і становяцца той самай ніццю, якая “сшывае” ў адну прастору розныя па разуменні і паходжанні рэчы.

АБ’ЕКТ – матэрыяльная рэчаіснасць, навакольны свет, які існуе па-за намі і незалежна ад нашай свядомасці. Фотаапарат, які, дарэчы, мае АБ’ЕКТыў, становіцца тым самым сродкам пры дапамозе якога чалавек, фатограф (ён таксама з’яўляецца АБ’ЕКТам) мае магчымасць АБ’ЕКТыўна перадаць рэчаіснасць, у адрозненні ад мастака, які, у большасці, усё ж такі перадае рэчаіснасць суб’ектыўна (ён сам ацэньвае памеры, стан, колер).

Чытаць далей

Выстава "Агнялікія і агняпальныя"

Вобраз агню ў лёсе і мастацтве Веткі - яркі і выразны. Гэта адна з сімвалічных канстант мясцовай культуры. Агнялікі вершнік на іконе "Архангел Міхаіл-Ваявода" перамагае дух зла ў апошнім баі Апакаліпсісу. І Перамога радасная і пераканаўчая.

Найрэдкая, веткаўская па іканаграфіі агнялікая Багародзіца "Огневидная" - адказвае словам малітвы "Радуйся, заре умного солнца, Радуйся, вместилище божественного огня… Радуйся, свеще, яко тьму бесовскую отогнала еси". Мяркуюць таксама, што Ветка адзіная захавала і развіла старажытную іканаграфію. Помнікі "Огневидной" выкананы ў розных тэхніках, уборах, індывідуальных почырках мастакоў XVIII - XIX стст.

Чытаць далей

Выстава “МоЯ КУ-КУКОЛКА”

“МоЯ КУ-КУКОЛКА” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, мэтай якога становіцца усведамленне лялькі і чалавека як адзінага цэлага. Галоўнае пытанне, якое ставіцца стваральнікамі выстаўкі – як уплывае жыццё чалавека на стварэнне лялькі і як сама лялька ў далейшым стварае лад жыцця лялечніка?

Наведвальнік выставы мае магчымасць пакрокава разгледзець вобразы лялек паводле часавых, культуралагічных, псіхалагічных і семіятычных аспектаў: абрадавыя, батлеечныя, гліняныя, фарфоравыя, прафесійныя тэатральныя, дзіцячыя гульнёвыя і сучасныя аўтарскія інтэр’ерныя лялькі.

Чытаць далей

Выстава "Хлебам адзіным…"

“Хлебам адзіным…” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, які стаў вынікам шматгадовага вывучэння  Культу Хлеба ў жыцці чалавека-земляроба.

Хлеб – найбольш сакралізаваны від ежы, сімвал дабрабыту, шчасця дастатку. Менавіта зерне, каша, хлеб як сімвалы зямнога дастатку чалавека суправаджалі яго на ўсім жыццёвым шляху.

Чытаць далей

Выстава "Дарога даўжынёю ў 400 гадоў"

Збор друкаваных і рукапісных помнікаў XVI - пачатку XX стст. Веткаўскага музея налічвае сёння больш за 500 адзінак захоўвання.

Пры выглядзе старадрукаваных і рукапісных кніг заўсёды ўзнікаюць шматлікія пытанні. Якімі шляхамі даўжынёю ў 300 - 400 і больш гадоў ішлі яны да нас? Чые лёсы і жыццё падзялялі? Хто трымаў іх у руках, чытаў, захоўваў, аберагаў?

Чытаць далей

Выстава "Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона"

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, з 20 студзеня па 27 лютага 2014 г.

Выстава "Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона" ўяўляе сабой вынік сумеснага праекта двух музеяў Гомельшчыны: Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Чытаць далей

Выстава "Казка ў дрэве"

Дрэва – адзін з самых архаічных сімвалаў у традыцыйнай культуры. Гэта і Сусветнае Дрэва, і дрэва-мяжа, і дрэва-лекар… У народзе вельмі шчыльна распрацавана размежаванне добрых і нядобрых дрэў, мужчынскіх і жаночых.

Сыходзячы з вопыту шматгадовай збіральніцкай працы Веткаўскага музея, можна смела сцвярджаць, што менавіта дрэвам належала важная лекавая функцыя ў народнай медыцыне. Шматлікія рэцэпты  лекавых адвараў не абыходзіліся амаль ніколі  без пупышак, лісцяў і карэнняў дрэў.

Больш падрабязна

Выстава "Улюблёны ў жыццё"

28 лістапада 2013 г. Веткаўскі музей адзначае 35 год са дня свайго заснавання. Выстава "Улюблёны ў жыццё" прысвечана Фёдару Рыгоравічу Шкляраву - заснавальніку музея, першаму яго дырэктару.

Вобразныя экспазіцыі выстаўкі раскрываюць асобу Фёдара Рыгоравіча. Ён прадстаўлены ва ўсёй разнастайнасці сваёй дзейнасці і захапленняў. За ўсё жыццё Ф.Р. Шкляраў авалодаў дзясяткамі прафесій: столяр, цясляр, маляр, тынкоўшчык, фатограф, разьбяр па дрэве, афарміцель ... І над усім гэтым - запал да малявання з ранняга дзяцінства і да апошніх дзён. Але атрымаць мастацкай адукацыі яму не ўдалося з-за ваеннага і суровага пасляваеннага часу. У 1960-я гады Ф.Р. Шкляраў захапіўся калекцыянаваннем.

Чытаць далей

Выстава "Не предать забвению…"

Выстава з'яўляецца працягам аўтарскага праекта музея "Голоса ушедших деревень". Вёсак, якіх больш няма на карце свету пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Але, нягледзячы на ​​гэта, памяць пра гэтыя месцы жыве ў запісах, фотаздымках, экспанатах, сабраных падчас экспедыцыйных паездак супрацоўнікаў музея.

Чытаць далей

Выстава "Сад"

Выстава "САД"– вынік сумеснай дзейнасці гомельскага мастака Аляксандра Лобана і Веткаўскага музея. Аляксандр Лобан – мастак, які спрабуе паказаць не проста вонкавае аблічча наваколля пры дапамозе фарбаў, яго задача – у прамым сэнсе заглыбленне ў нетры прыроды. Туды, адкуль усё бярэцца, з чаго пачынаецца жыццё – у багну. І таму тэхніку для напісання сваіх прац ён назваў ІкеБагна – мастацтва багны, велічнай, таямнічай і дагэтуль неспазнанай.

Чытаць далей

Выстава "У меня есть тоже патефончик…"

У сярэдзіне XIX стагоддзя ўжо існаваў тэлеграф і фотаапарат. А прылады, якая запісвае і прайгравае гук, па-ранейшаму не было. Толькі ў 1877 годзе Томас Альва Эдысан вынайшаў свой фанограф. З тых часоў апарат пастаянна ўдасканальваўся, і гэтую эвалюцыю часткова можна прасачыць дзякуючы нашай новай выставе.

Чытаць далей

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.