Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава "Хлебам адзіным…"

“Хлебам адзіным…” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, які стаў вынікам шматгадовага вывучэння  Культу Хлеба ў жыцці чалавека-земляроба.

Хлеб – найбольш сакралізаваны від ежы, сімвал дабрабыту, шчасця дастатку. Менавіта зерне, каша, хлеб як сімвалы зямнога дастатку чалавека суправаджалі яго на ўсім жыццёвым шляху.

Вобразная экспазіцыя раскрывае глыбокую сімволіку хлеба ў такіх сямейных абрадах, як радзіны, хрэсьбіны, вяселле і пахаванне. На выставе можна пачуць і пабачыць унікальныя легенды пра з’яўленне зерня і коласа на гэтым свеце. Шматлікія экспедыцыйныя запісы, якія раскрываюць сімволіку хлеба ў сямейнай абраднасці беларуса, распавядуць пра “бабіну кашу” на хрэсьбінах, пра каравай на вяселлі, пра куццю для памінання нябожчыкаў.

Наведвальнік зможа сваімі рукамі пры дапамозе архаічных жорнаў змалоць муку, на свае вочы пабачыць сапраўдны вясельны каравай і труну, над якой да гэтага часу лунае “неўтаймаваная душа”.

На выставе прадстаўлены прадметы быту, традыцыйнае ткацтва і строй, народны іканапіс, археалогія і шмат іншых цікавых рэчаў, якія дазволяць наведвальніку ажыццявіць вандроўку ў таямнічы свет традыцыйнай культуры беларусаў.

Адкрыццё выставы адбудзецца 14 мая (серада) а 16.30 ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4).

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.