Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава “У АБ’ЕКТыве”

Аб’ект – аб’ектыў – аб’ектыўнасць… Менавіта гэтыя тры аднакаранёвыя словы сталі завязкай і галоўнай ідэяй новага выставачнага праекта Веткаўскага музея. У адным зале аб’ядноўваюцца, здаецца, цалкам розныя рэчы – фотатэхніка, традыцыйныя строі, бортніцкія прылады, архітэктурная разьба, жаночыя ўпрыгажэнні і фотаздымкі… Менавіта апошнія (фотаздымкі) і становяцца той самай ніццю, якая “сшывае” ў адну прастору розныя па разуменні і паходжанні рэчы.

АБ’ЕКТ – матэрыяльная рэчаіснасць, навакольны свет, які існуе па-за намі і незалежна ад нашай свядомасці. Фотаапарат, які, дарэчы, мае АБ’ЕКТыў, становіцца тым самым сродкам пры дапамозе якога чалавек, фатограф (ён таксама з’яўляецца АБ’ЕКТам) мае магчымасць АБ’ЕКТыўна перадаць рэчаіснасць, у адрозненні ад мастака, які, у большасці, усё ж такі перадае рэчаіснасць суб’ектыўна (ён сам ацэньвае памеры, стан, колер).

На выставе прадстаўлены: калекцыя фотатэхнікі з фондаў установы “Музей гісторыі горада Гомеля”, калекцыя фотаздымкаў з фондаў установы “Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту”, калекцыя фотаздымкаў і этнаграфіі з фондаў Веткаўскага музея, які з моманту заснавання і да нашых дзён асноўны ўхіл пры папаўненні ўнутраных фондаў робіць на шырокую экспедыцыйную дзейнасць. Менавіта гэта і натхняе супрацоўнікаў нашага музея на ўсё новыя і новыя пошукі ў галіне традыцыйнай культуры, у той жа час цесна ўплятаючы гэта ў рэаліі сучаснага жыцця.

Адкрыццё выставы адбудзецца 21 лістапада (пятніца) а 14.00 ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4).

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.