Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава "Голоса ушедших деревень"

"Голоса ушедших деревень" - адзін з буйнейшых "твораў" нашага музея. Праект пачаўся ў выніку "аварыйнай" сітуацыі. Калі мы зразумелі, што Чарнобыльская катастрофа не прайшла міма Веткаўшчыны. Праўда, тады яшчэ не было зразумела, наколькі маштабным з’яўляецца радыяцыйнае забруджванне рэгіёна. Разам са спецкамандамі па дэзактывацыі населеных пунктаў ездзілі і навуковыя супрацоўнікі музея, хоць яны і не атрымлівалі такога загаду. Інтуіцыя падказвала, што многія беларускія вёскі, стараабрадніцкія слабоды і шляхецкія засценкі асуджаны на высяленне. Так у фонды музея папалі іконы, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, прадметы традыцыйнага адзення і ўзорнага ткацтва, фрагменты архітэктурнага дэкору, розныя побытавыя прадметы і інструмент. А разам з матэряльнай культурай мы імкнуліся зафіксаваць сведчанне вуснай творчасці: спевы, легенды, паданні, расповеды.

Выхад аднайменнай кнігі стаў помнікам пасяленням, што зніклі і вынікам шматгадовай стараннай працы калектыву музея. У кнізе сустракаюцца шэдэўры і звычайныя рэчы, якія заўжды прысутнічаюць побач і ствараюць непаўторны воблік мясцовай культуры. Так і на гэтай выставе мы чуем галасы Барталамееўкі, Косіцкай, Старых і Новых Грамык, Папсуеўкі, Закружжа, Краснага Кута, чые вуліцы так і засталіся ў памяці - запыленыя, неўпарадкаваныя прагрэсам, схаваныя густой зелянінай ліп і клёнаў. Яны так і засталіся ў ХХ стагоддзі і плывуць у чыстай плыні вечнасці, дзе застаецца толькі самае каштоўнае, важнае і святое.

На выставе прадстаўлены каля сотні музейных прадметаў, якія ў свой час стваралі "жыццёвую" прастору выселеных вёсак. Тут вядомы археалагічныя помнікі пачынаючы з мезаліта. Некаторыя з іх, напрыклад Стрэліца, памятаюць знакамітыя раскопкі 1960-х, што адкрылі свету артэфакты эпохі бронзы - сведчанне культуры індаеўрапейцаў, што засвойвалі гэтыя землі ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. Мясцовыя рэкі - шляхі і месцы рассялення старажытных славян, плямёны якіх падыходзілі адзін да аднаго найбольш блізка. Роля культурнага "памежжа" працягвала быць актуальнай і цягам наступных стагоддзяў, што мянялі межы і самі назвы княстваў і дзяржаў. У выніку традыцыі, што захоўвалі сваю самабытнасць у цэласнай самасвядомасці, змяшчалі шматслойныя пласты культуры розных перыядаў гісторыі. У мясцовых традыцыях узорнага ткацтва захоўвалі сваю магічную, а затым і дабразычлівую ролю найстаражытнейшыя элементы арнаменту - тыя "раннеземляробчыя культавыя знакі", якія да апошняга часу ўпрыгожвалі тканыя ручнікі. Мясцовая дамавая разьба, прасякнутая злучальнымі тэндэнцыямі, дзе барочны завіток суседстваваў з тэраталагічным матывам старажытных рукапісаў і яшчэ больш старажытнымі рытмамі земляробчага космасу… Жыхары зоны адсялення атаясамлівалі сябе з нашчадкамі самых розных канфесійных і сацыяльных груп: праваслаўных "мужыкоў", казакоў, шляхты, стараабрадцаў розных толкаў. Такім чынам ў "зрэзе" адселеных вёсак адгукнулася ўнікальная гістарычная і культурная сітуацыя рэгіёна - мірнае і шматвяковае суіснаванне традыцый, што дазволіла захаваць архаічныя рысы ў іх "паасобнасці". У той жа час актыўнае і поўнае ўзаемнай цікавасці ўзаемадзеянне гэтых традыцый прыводзіла да ўзнікнення непаўторных культурных феноменаў. Такія, напрыклад, веткаўская школа іканапісу, мясцовы стыль рукапіснай кнігі, народная беларуская ікона, багацце ўзорнага ткацтва, фальклорныя шэдэўры.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля)

Час: 22 красавіка (пятніца) 2016 года, 16:00

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.