Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава «Кветкі ля хаты»

Акварэль і аўтарская вышыўка Ганны Пугачовай

Выстава будзе дзейнічаць з 7 красавіка па 8 ліпеня 2017 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Назва беларускага месяца красавік паходзіць ад слова «красаваць», таму і красуе ўсё навокал у гэты час. Палісаднікі нашых дамоў у гэты час пачынаюць свае першыя «подыхі», першыя каляровыя «ўсмешкі». А Веткаўскі музей у гэтыя цудоўныя сонечныя красавіцкія дні прапануе наведвальнікам спазнаць усю прыгажосць квецені ад веснавых падснежнікаў і фіялак, да восеньскіх гладыёлусаў і вяргінь. І гэты гадавы «баль» кветак нам прадстаўляе гомельская мастачка Ганна Пугачова. Яе далікатныя акварэлі побач з не меньш далікатнымі вышыўкамі зачароўваюць і прывабліваюць з аднаго боку сваёй натуралістычнасцю і ў той жа час фантастычнай нерэальнасцю вобразаў у сугуччы з колерамі.

Падкрэсліваюць асаблівасці «месца жыцця» кветак і фрагменты драўлянай архітэктурнай разьбы з фондаў музея. Разныя аканіцы, падзоры, франтоны, надбрамнікі, імітуючы раслінны стыль, нібыта «ўзгадваюць» пра сваё былое расліннае жыццё. Яны нібы жывы сад, які абрамляе жыллё чалавека. І разам, у сугуччы з жывымі кветкамі, якія растуць пад пільным наглядам гаспадыні, ствараюць вобраз «райскага саду», там дзе чалавек жыве і «красуе».

Асобнай тэмай на выставе гучыць інсітны жывапіс, а дакладней прыклады Давыд-Гарадоцкага роспісу («цікетак») выбітнага майстра Дзмітрыя Цубера. Прыклады высокага майстэрства аздаблення рэкламных «цікетак» 1980-х гадоў для выставы прадставіў мастак і калекцыянер Анатоль Міхайлавіч Арлоў.

Паяднаць вобразы прыроднага хараства і хатняй утульнасці нам дапаможа лазовая мэбля, якую прадстаўляюць вучні і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў.

Дзякуючы двум сотням прадметаў мастацтва, што экспануюцца на выставе, кожны наведвальнік часткова дакранецца да прыгажосці прыроды, якая заўжды нараджае прыгажосць і пяшчоту ў нашым сэрцы.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 7 красавіка (пятніца) 2017 года, 18:00

Выстава будзе доўжыцца напрацягу красавіка-мая 2017 года.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.