Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава «Людзі і птушкі»

Афіша выставы "Людзі і птушкі" ў філіяле Веткаўскага музея

Вобраз птушкі ў традыцыйнай культуры

Выстава будзе дзейнічаць з 10 мая па 10 снежня 2017 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Птушкі па традыцыйных народных уяўленнях з’яўляюцца вястункамі Бога. Відаць, таму і зя’ўляецца адным з самых улюблёных сюжэтаў ці то ў традыцыйнай вышыўцы, ткацтве, ці то ў драўлянай дамавой разьбе пара птушак. Вера ў звышнатуральныя здольнасці птушак шугае ў сівую даўніну, калі людзі яшчэ верылі, што высока на небе Бог жыве і толькі птушкі могуць да яго даляцець. І на зімку птушкі ляталі таксама ў далі, куды чалавеку не дабрацца. Толькі ўслухаемся ў слова «выРАЙ»… У РАЙскія сады ляталі зімаваць птушкі, таму і «насяляюць» яны з даўніх часоў чырвоныя куты дамоў ў выглядзе вышывак, ды вянчаюць вільчыкі аканіц і дахаў вясковых хат — «там Бог жыве».

А ў традыцыйнай абраднасці шырока распаўсюджаны культ птушак як вястунак вясны і ўсяго новага. Каб хутчэй птушкі вярталіся пасля зімы выпякалася адмысловае печыва «жаваранкі», «чырачкі», «галёпы», «бацяны».

Асобнай тэмай у традыцыйнай культуры гучыць сюжэт ператварэння чалавека ў птушку. Паводле народных уяўленняў, буслы, зязюлі, вераб’і, галкі — усе яны, і шэраг іншых «пярнатых», калісьці былі людзьмі і пры пэўных абставінах ператварыліся ў птушак. Пра гэтыя чароўныя гісторыі, і не толькі, будуць распавядаць супрацоўнікі музея ў выставачнай прасторы.

Разам з Веткаўскім музеем выставачна-адукацыйны праект «Людзі і птушкі» рэалізуецца дзякуючы ДУА «Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі «Юнацтва»», грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», гомельскі майстар-рэзчык Барыс Васількоў і ўдзельнікі этна-клуба «Параскева», што дзейнічае пры філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі.

Напрацягу трох месяцаў рэалізацыі праекту «Людзі і птушкі» плануецца правесці шэраг адукацыйна-пазнавальных мерапрыемстваў: майстар-класы па вырабу птушак з саломы, гліны, вышыўцы; лекцыі-заняткі «Хадзіла Пава», «Адкуль у сарокі сарочка?», «Хто пяе вакол нас?»; нават распрацаваць кніжку-размалёўку «Райскія птушкі Веткаўскага музея».

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 10 мая (серада) 2017 года, 16:00

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.