Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Мінулыя выставы музея

Выстава «Купалы»

Вобраз дома і храма ў веткаўскім іканапісу

Выстава будзе дзейнічаць з 14 ліпеня па 15 лістапада 2017 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Праект «Купалы» па-новаму паставіў пытанні да тэмы нашага былога даследавання — феномена жывапісных ікон у еднасці з устаўнымі літымі абразкамі. Усе гэтыя «артаб’екты», па сутнасці, своеасаблівыя мікракосмы, дзе тэмы «свет-дом-міф» узаемапраяўляюць адзін аднаго. Так, яны — мадэлі светастварэння і ў прыватнасці дома-жылля, аж да дома душы чалавечай. Ад лекавага ківотца з ліццём у хатніх іканастасах — да шыкоўна квітнеючага райскага саду, што ўваходзіць у дом у выглядзе разнога залачонага ківота.

Вобраз храма таксама прадстаўлены дастаткова выразліва. Мы разгледзелі яго ў цудоўных іконах «Пакрова» і ў царкве, што трымае ў руцэ Мікола Мажайскі. У цэлым, і тэма палаца не далёкая ад Веткі. Буйная архітэктура, самаштабнасць фігуры чалавека і прасторы будынку, яго экстэр’ера і інтэр’ера — увесь час займалі мясцовых майстроў, якія парадаксальна злучалі старажытныя прыёмы перадачы прасторы — з архітэктурнымі стылямі Новага часу. Так, працягваліся пошукі, закладзеныя «пасадскім» мастацтвам XVII ст., калі ўпершыню ў ікону прыйшоў стыль барока. XVIII стагоддзе падарыла веткаўчанам магчымасць выпрабаваць ракако і класіцызм. ХІХ ст. — ампір, пачатак ХХ ст. — мадэрн. Пры гэтым жывапісная аснова іконы заставалася цэласнай, светастваральнай, выбудаванай і адухаўлёнай. Мы прапанавалі варыянты дыялогу жывога чалавека і іконы, іконы і дома; паказалі гарманічнае ўзаемадзеянне выявы чалавека і дома-іконы. Упершыню прааналізавалі розныя матэрыялы і тэхнікі іканапіснага мастацтва і «ўбора» іконы, кніжнага дэкору, а галоўнае, заглыбіліся ў семантыку тэхналогій. Відавочна, нават у такой звужанай тэме, як «Дом і храм» — культура Веткі паўстае сінтэтычна цэласнай і ўражваючай.

На выставе прадстаўлены веткаўскі іканапіс XVIII — XІХ стст., ліццё, чаканка, прорысы, ківотная разьба і рукапісы.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 14 ліпеня (пятніца) 2017 года, 16:00

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.