Дзеючыя выставы музея

Выстава "Купалы"

on .

"Купалы"

(Вобраз дома і храма ў веткаўскім іканапісе)

Праект "Купалы" па-новаму паставіў пытанні да тэмы нашага былога даследавання - феномена жывапісных ікон у еднасці з устаўнымі літымі абразкамі. Усе гэтыя "артаб’екты", па сутнасці, своеасаблівыя мікракосмы, дзе тэмы "свет-дом-міф" узаемапраяўляюць адзін аднаго. Так, яны - мадэлі светастварэння і ў прыватнасці дома-жылля, аж да дома душы чалавечай. Ад лекавага ківотца з ліццём у хатніх іканастасах - да шыкоўна квітнеючага райскага саду, што ўваходзіць у дом у выглядзе разнога залачонага ківота.

Вобраз храма таксама прадстаўлены дастаткова выразліва. Мы разгледзелі яго ў цудоўных іконах "Пакрова" і ў царкве, што трымае ў руцэ Мікола Мажайскі. У цэлым, і тэма палаца не далёкая ад Веткі. Буйная архітэктура, самаштабнасць фігуры чалавека і прасторы будынку, яго экстэр’ера і інтэр’ера - увесь час займалі мясцовых майстроў, якія парадаксальна злучалі старажытныя прыёмы перадачы прасторы - з архітэктурнымі стылямі Новага часу. Так, працягваліся пошукі, закладзеныя "пасадскім" мастацтвам XVII ст., калі ўпершыню ў ікону прыйшоў стыль барока. XVIII стагоддзе падарыла веткаўчанам магчымасць выпрабаваць ракако і класіцызм. ХІХ ст. - ампір, пачатак ХХ ст. - мадэрн. Пры гэтым жывапісная аснова іконы заставалася цэласнай, светастваральнай, выбудаванай і адухаўлёнай. Мы прапанавалі варыянты дыялогу жывога чалавека і іконы, іконы і дома; паказалі гарманічнае ўзаемадзеянне выявы чалавека і дома-іконы. Упершыню прааналізавалі розныя матэрыялы і тэхнікі іканапіснага мастацтва і "ўбора" іконы, кніжнага дэкору, а галоўнае, заглыбіліся ў семантыку тэхналогій. Відавочна, нават у такой звужанай тэме, як "Дом і храм" - культура Веткі паўстае сінтэтычна цэласнай і ўражваючай.

На выставе прадстаўлены веткаўскі іканапіс XVIII - XІХ стст., ліццё, чаканка, прорысы, ківотная разьба і рукапісы.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 14 ліпеня (пятніца) 2017 года, 16:00