Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Дзеючыя выставы музея

Выстава "Галаўкіўскі падпаліваны роспіс"

"Галаўкіўскі падпаліваны роспіс"

Персанальная выстава Яўгена Паступайла (Чыгірын, Украіна)

Веткаўскі музей доўгія гады займаецца даследаваннем культуры Веткаўшчыны не столькі ў ізаляваным яе становішчы, колькі праз узаемапранікненне і ўзаемадзеянне розных культур і народнасцяў. Ні для кога не сакрэт, што ў культуры беларусаў і ўкраінцаў вельмі шмат агульнага, асабліва, калі казаць пра геаграфічнае памежжа ў якім знаходзіцца наша Гомельшчына. Традыцыйныя абрады, спевы, рамёствы - усё прасякнута агульнымі рысамі.

На гэты раз, у наведвальнікаў філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі будзе магчымасць пабачыць выставу, якая дэманструе ганчарныя вырабы, што аздоблены ва ўнікальным і непаўторным стылі "галаўкіўскага падпаліванага роспісу". Дадзеная выстава - гэта плён шматгадовай даследчыцкай і рамесніцкай працы супрацоўніка Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка "Чыгірын" Яўгена Паступайла.

Працэс адраджэння народных рамёстваў ва Украіне найбольш моцна пачаў развівацца напрыканцы 80-х гг. ХХ ст. На Чыгірыншчыні ён быў звязаны са стварэннем Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка "Чыгірын". Разам з захаваннем культурнай спадчыны рэгіёну, адным з накірункаў яго дзейнасці стала адраджэнне традыцыйных мясцовых рамёстваў. На той час з плеяды "галаўкіўскіх" ганчароў застаўся адзін майстар - Якаў Міхайлавіч Брухавецкі (1931-2006). Ганчараваў ён яшчэ з юнацтва. За час працы ў запаведніку "Чыгірын" Якаў Міхайлавіч здабыў значныя званні і ўзнагароды, але галоўнае яго дасягненне - адраджэнне знакамітага "галаўкіўскага падпаліванага роспісу". Адным з паслядоўнікаў майстра і з’яўляецца супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка "Чыгірын", Заслужаны майстар народнай творчасці Украіны, сябра нацыянальнага саюза майстроў народнага мастацтва Украіны - Яўген Паступайла.

Працы спадара Яўгена ўражваюць яскравасцю, прафесійнасцю выканання і разнастайнасцю. Кожны выраб па-свойму непаўторны. Высокі ўзровень майстэрства атрымалася дасягнуць дзякуючы паяднанню грунтоўнага вывучэння традыцыі дэкаратыўнага роспісу і творчага падыходу да ганчарнай справы.

Творы ганчара знаходзяцца ў музеях Украіны і прыватных калекцыях. Значная частка яго прац зберагаецца ў фондах Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка "Чыгірын".

На выставе прадстаўлены болей 150 разнастайных ганчарных вырабаў.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля). На адкрыцці выставы плануецца выступ народнага ансамбля бандурыстаў "Вербічэнька" Веткаўскага дома культуры і народнай творчасці.

Час: 22 верасня (пятніца) 2017 года, 16:00

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012-2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.