Мінулыя выставы музея

Выстава “Стою в Раю с магнитофоном…”

on .

На гэты раз філіял Веткаўскага музея вырашыў здзівіць сваіх наведвальнікаў выставай інсітнага (наіўнага) мастацтва. І для гэтага ўзяў самую блізкую тэму для гэтага жанру – Рай, або, дакладней, вобраз Раю ў  народнай творчасці.

Наіўнае мастацтва – гэта покліч душы мастака-творцы. Тое, што не мае дачынення да строгай навуковай мастацтвазнаўчай рэгламентацыі формы, кампазіцыі, колеру. І ў той жа час менавіта форма, кампазіцыя і колер вызначаюць гэты накірунак у мастацтве.

Выстава "Стары горад. Чытаючы знакі"

on .

На выстаўцы прадстаўлены элементы драўлянага аздаблення дамоў Гомельшчыны ў цэлым, і Гомеля ў прыватнасці. Выстава прадстаўлена ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава”.

Нашае жыццё напоўнена знакамі. Мы можам звяртаць на іх увагу (напрыклад, зяленае святло светафора), можам ігнараваць. Некаторыя знакі з’явіліся адносна нядаўна (напрыклад, знак клічніка), некаторыя дайшлі да нас з глыбіні часоў (напрыклад, крыж, трохкутнік, ромб).

Выстава "Два мастакі: размова праз гады"

on .

Мастак — адна з самых старажытных прафесій на зямлі. Мастацтва губляе сэнс, калі перастае ўздзейнічаць. 30 000 гадоў на гледачоў уздзейнічаюць наскальныя малюнкі, зробленыя невядомым мастаком у пячоры Шавэ ў Францыі. Сучасныя мастакі мосцяць масты паміж чалавекам і космасам, спасцігаючы саміх сябе.

Для аўтараў выстаўкі "Два мастакі: размова праз гады" Алеся Цыркунова і Фёдара Шклярава мастацтва — гэта спосаб жыцця. Вялікім цудам сталася тое, што ім пашчасціла сустрэцца, некаторы час хадзіць па адных і тых жа веткаўскіх сцяжынках і вуліцах, а найперш — быць побач духоўна, зведаць разуменне і падтрымку адзін аднаго (рэч даволі рэдкая ў асяроддзі асобаў).

Выстава “У АБ’ЕКТыве”

on .

Аб’ект – аб’ектыў – аб’ектыўнасць… Менавіта гэтыя тры аднакаранёвыя словы сталі завязкай і галоўнай ідэяй новага выставачнага праекта Веткаўскага музея. У адным зале аб’ядноўваюцца, здаецца, цалкам розныя рэчы – фотатэхніка, традыцыйныя строі, бортніцкія прылады, архітэктурная разьба, жаночыя ўпрыгажэнні і фотаздымкі… Менавіта апошнія (фотаздымкі) і становяцца той самай ніццю, якая “сшывае” ў адну прастору розныя па разуменні і паходжанні рэчы.

АБ’ЕКТ – матэрыяльная рэчаіснасць, навакольны свет, які існуе па-за намі і незалежна ад нашай свядомасці. Фотаапарат, які, дарэчы, мае АБ’ЕКТыў, становіцца тым самым сродкам пры дапамозе якога чалавек, фатограф (ён таксама з’яўляецца АБ’ЕКТам) мае магчымасць АБ’ЕКТыўна перадаць рэчаіснасць, у адрозненні ад мастака, які, у большасці, усё ж такі перадае рэчаіснасць суб’ектыўна (ён сам ацэньвае памеры, стан, колер).

Выстава "Агнялікія і агняпальныя"

on .

Вобраз агню ў лёсе і мастацтве Веткі - яркі і выразны. Гэта адна з сімвалічных канстант мясцовай культуры. Агнялікі вершнік на іконе "Архангел Міхаіл-Ваявода" перамагае дух зла ў апошнім баі Апакаліпсісу. І Перамога радасная і пераканаўчая.

Найрэдкая, веткаўская па іканаграфіі агнялікая Багародзіца "Огневидная" - адказвае словам малітвы "Радуйся, заре умного солнца, Радуйся, вместилище божественного огня… Радуйся, свеще, яко тьму бесовскую отогнала еси". Мяркуюць таксама, што Ветка адзіная захавала і развіла старажытную іканаграфію. Помнікі "Огневидной" выкананы ў розных тэхніках, уборах, індывідуальных почырках мастакоў XVIII - XIX стст.

Выстава “МоЯ КУ-КУКОЛКА”

on .

“МоЯ КУ-КУКОЛКА” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, мэтай якога становіцца усведамленне лялькі і чалавека як адзінага цэлага. Галоўнае пытанне, якое ставіцца стваральнікамі выстаўкі – як уплывае жыццё чалавека на стварэнне лялькі і як сама лялька ў далейшым стварае лад жыцця лялечніка?

Наведвальнік выставы мае магчымасць пакрокава разгледзець вобразы лялек паводле часавых, культуралагічных, псіхалагічных і семіятычных аспектаў: абрадавыя, батлеечныя, гліняныя, фарфоравыя, прафесійныя тэатральныя, дзіцячыя гульнёвыя і сучасныя аўтарскія інтэр’ерныя лялькі.

Выстава "Хлебам адзіным…"

on .

“Хлебам адзіным…” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, які стаў вынікам шматгадовага вывучэння  Культу Хлеба ў жыцці чалавека-земляроба.

Хлеб – найбольш сакралізаваны від ежы, сімвал дабрабыту, шчасця дастатку. Менавіта зерне, каша, хлеб як сімвалы зямнога дастатку чалавека суправаджалі яго на ўсім жыццёвым шляху.

Выстава "Дарога даўжынёю ў 400 гадоў"

on .

Збор друкаваных і рукапісных помнікаў XVI - пачатку XX стст. Веткаўскага музея налічвае сёння больш за 500 адзінак захоўвання.

Пры выглядзе старадрукаваных і рукапісных кніг заўсёды ўзнікаюць шматлікія пытанні. Якімі шляхамі даўжынёю ў 300 - 400 і больш гадоў ішлі яны да нас? Чые лёсы і жыццё падзялялі? Хто трымаў іх у руках, чытаў, захоўваў, аберагаў?

Выстава "Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона"

on .

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, з 20 студзеня па 27 лютага 2014 г.

Выстава "Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона" ўяўляе сабой вынік сумеснага праекта двух музеяў Гомельшчыны: Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Выстава "Казка ў дрэве"

on .

Дрэва – адзін з самых архаічных сімвалаў у традыцыйнай культуры. Гэта і Сусветнае Дрэва, і дрэва-мяжа, і дрэва-лекар… У народзе вельмі шчыльна распрацавана размежаванне добрых і нядобрых дрэў, мужчынскіх і жаночых.

Сыходзячы з вопыту шматгадовай збіральніцкай працы Веткаўскага музея, можна смела сцвярджаць, што менавіта дрэвам належала важная лекавая функцыя ў народнай медыцыне. Шматлікія рэцэпты  лекавых адвараў не абыходзіліся амаль ніколі  без пупышак, лісцяў і карэнняў дрэў.

Выстава "Улюблёны ў жыццё"

on .

28 лістапада 2013 г. Веткаўскі музей адзначае 35 год са дня свайго заснавання. Выстава "Улюблёны ў жыццё" прысвечана Фёдару Рыгоравічу Шкляраву - заснавальніку музея, першаму яго дырэктару.

Вобразныя экспазіцыі выстаўкі раскрываюць асобу Фёдара Рыгоравіча. Ён прадстаўлены ва ўсёй разнастайнасці сваёй дзейнасці і захапленняў. За ўсё жыццё Ф.Р. Шкляраў авалодаў дзясяткамі прафесій: столяр, цясляр, маляр, тынкоўшчык, фатограф, разьбяр па дрэве, афарміцель ... І над усім гэтым - запал да малявання з ранняга дзяцінства і да апошніх дзён. Але атрымаць мастацкай адукацыі яму не ўдалося з-за ваеннага і суровага пасляваеннага часу. У 1960-я гады Ф.Р. Шкляраў захапіўся калекцыянаваннем.

Выстава "Не предать забвению…"

on .

Выстава з'яўляецца працягам аўтарскага праекта музея "Голоса ушедших деревень". Вёсак, якіх больш няма на карце свету пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Але, нягледзячы на ​​гэта, памяць пра гэтыя месцы жыве ў запісах, фотаздымках, экспанатах, сабраных падчас экспедыцыйных паездак супрацоўнікаў музея.

Выстава "Сад"

on .

Выстава "САД"– вынік сумеснай дзейнасці гомельскага мастака Аляксандра Лобана і Веткаўскага музея. Аляксандр Лобан – мастак, які спрабуе паказаць не проста вонкавае аблічча наваколля пры дапамозе фарбаў, яго задача – у прамым сэнсе заглыбленне ў нетры прыроды. Туды, адкуль усё бярэцца, з чаго пачынаецца жыццё – у багну. І таму тэхніку для напісання сваіх прац ён назваў ІкеБагна – мастацтва багны, велічнай, таямнічай і дагэтуль неспазнанай.

Выстава "У меня есть тоже патефончик…"

on .

У сярэдзіне XIX стагоддзя ўжо існаваў тэлеграф і фотаапарат. А прылады, якая запісвае і прайгравае гук, па-ранейшаму не было. Толькі ў 1877 годзе Томас Альва Эдысан вынайшаў свой фанограф. З тых часоў апарат пастаянна ўдасканальваўся, і гэтую эвалюцыю часткова можна прасачыць дзякуючы нашай новай выставе.

Выстава "Як ты пішаш буквы, так я - узоры…"

on .

Назву выставе далі словы неглюбскай майстрыхі Настассі Іванаўны Грыньковай. Яна сказала так, калі вучыла ўзорнаму ткацтву "першае пакаленне" навуковых супрацоўнікаў Веткаўскага музея. Мы зноў паказваем ручнікі, на гэты раз толькі бранай тэхнікі ткацтва. Менавіта гэтая тэхніка захавала старажытныя ўзоры-знакі. Многім з іх - больш за чатыры тысячы год. Болей за тое, кампазіцыі арнамента маюць пэўныя паслядоўнасці такіх знакаў-сімвалаў, дзе ацалеў сапраўдны архаічны "сінтаксіс".

Выстава "Вы и нас, трудившихся, не забывайте. Книжная гравюра XVI - XIX вв."

on .

Выстава "Вы и нас, трудившихся, не забывайте. Книжная гравюра XVI - XIX вв." прысвечана дэкору друкаванай кнігі - гравюры. У яе паняцце ўваходзяць як фігурныя, так і арнаментальныя выявы (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы).

Гравюра ўзнікае разам з кнігадрукаваннем. Па кнігах XVI - XIX стст., прадстаўленых на выставе можна прасачыць яе эвалюцыю. Калі першыя надрукаваныя кнігі ў XVI ст. ўпрыгожвалі самі друкары, якіх называлі майстрамі "книжного строения", то ў больш позні час (XVII - XVIII стст.) да афармлення кніг прыцягвалі вядомых іканапісцаў, гравёраў.

Выстава "Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты"

on .

"Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты" - выставачны праект музея, які праводзіцца сумесна з Гомельскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і з’яўляецца першай спробай аб’яднаць намаганні музейных супрацоўнікаў і царкоўных гісторыкаў у асэнсаванні драматычнага вопыту мінулай эпохі. Храналагічныя рамкі выставы абмяжоўваюцца 1920 – 1970-мі гадамі, прадстаўляючы перыяд ганенняў, калі царква ў СССР была, па-сутнасці, на мяжы вынішчэння. Зачыненыя і апаганеныя храмы, занядбаныя святыні, дзясяткі тысяч загубленых і замардаваных людзей, якія не адцураліся сваёй веры – гэта ў поўнай меры можна было сказаць і пра наш край, і пра яго жыхароў: простых, чэсных і шчырых людзей. Але не помста і горыч засталася ў іхніх сэрцах. Перад намі людзі, якія жывілі радасцю і дарылі надзею, поўнілі сэрцы агнём веры тых, хто абуджаўся ад хімераў «светлае будучыні» і імкнуўся ўбачыць святло веры, што ззяла праз канкрэтных людзей.

Выстава “Зямля пад воблакамі”

on .

15 студзеня а 16.00 ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна да 75-годдзя Гомельскай вобласці, у межах праекта “Жывы аўтограф” адбудзецца адкрыццё выставы “Зямля пад воблакамі” з фондаў ДУК “Веткаўскі музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава”.

На выставе прадстаўлена 22 работы мастакоў Гомельскай вобласці.

Гомельшчына – гэта ўнікальны і дзівосны куток беларускай зямлі, які любяць і гісторыяй якога ганарацца нашыя жыхары.

У сваіх працах мастакі перадаюць прыгажосць і багацце прыроды гомельскай зямлі. Кожная з работ літаральна пранізана несхаванай любоўю да малой радзімы. Любоў у кожнага з мастакоў мае свае адценні, увасобленыя ў адценні фарбаў.

Выстава “Калі хочацца сонца…”

on .

“Калі хочацца сонца…” – сумесны выставачны праект Веткаўскага музея стараабраніцтва і беларускіх традыцый ім Ф.Р. Шклярава і гомельскага мастака Івана Саладоўніка. Што агульнага ў сучаснага мастака, які працуе ў стылістыцы “сімвалічнага пуантылізму” (альбо “пуантыкалору”) ды народнага ткацтва і вышыўкі? Веткаўскі музей, які вядомы як цэнтр па вывучэнні якраз народнай культуры, не абмяжоўваецца рэтраспектыўным прадстаўленнем традыцыйных відаў мастацтва, але актыўна шукае агульнае менавіта з мастацтвам сучасным. У музеі не цураюцца спалучэння рознажанравых рэчаў, болей таго – феноменаў, якія знаходзяцца ў розных культурных кантэкстах. І гэтая розніца толькі на першы погляд істотная. Нашмат болей агульнага. Узяць хоць бы тэхніку. У канцы ХІХ ст. рэвалюцыйны “пуантылізм”, альбо “дывізіянізм”, як найменавалі яго сучаснікі, за аснову свайго выяўленчага метаду ўзяў каляровую кропку – “пуант”. Карціны мастакоў гэтага напрамку ўяўлялі сабой мазаічнае палатно, створанае з тысячаў асобных каляровых мазкоў. Падобна таму ігла вышывальшчыцы з асобных “крыжыкаў” стварае свой выяўленчы вобраз, і ў ткацкім “кроку” ніці мы назіраем, як з каляровых “цаглінак” нараджаюцца карункі посцілак і дываноў.

Выстава "Ад поля да Покуці" (сімволіка жыцця і ўраджаю)

on .

Нездарма кажуць людзі: як пасееш – так і пажнеш. Жніво станавілася своеасаблівым “момантам ісціны”, калі правяраліся ўсе тыя абрадавыя, рытуальныя і практычныя намаганні папярэдняга каляндарнага перыяду,  якія павінны былі садзейнічаць плёну будучага ўраджаю. Але ўкладаючы ў ніву ўсю сваю сілу, нашыя продкі спадзяваліся не на руплівасць рук, але заўжды лічылі хлеб, які мы ядзім, “божжым” хлебам.Таму жніво багатае сваім песенным рэпертуарам, абрадавымі дзеяннямі, рытуальнымі аб’ектамі, сакральнымі вераваннямі. Таму сімволіка ўраджаю ды ўраджайнасці прысутнічала ў абрадах народнага календара, суправаджала жыццё традыцыйнай сям’і.

Выстава "Чырвоны кут/2"

on .

У гомельскім філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці ім. Ф.Р. Шклярава адбудзецца адкрыццё новай выставы.

Дадзены выставачны праект – гэта працы гомельскага мастака Алега Боклага, упісаныя ў кантэкст традыцыйнай культуры.

Чырвоны кут з'яўляецца сакральным месцам у традыцыйнай беларускай хаце. Гэта пункт, які адмяжоўвае чалавечае жыллё ад свету, дзе размешчаны нейкія трансцэндэнтныя сілы прыроды (Бог). І ў той жа момант, гэта тое месца, якое звязвае чалавека з гэтым светам і дазваляе яму трымаць сувязь з Богам. Не рэлігійны сэнс, але сама ідэя чырвонага кута як своеасаблівага парталу, памежнай зоны паміж двума светамі – Тым і Гэтым – уласцівая карцінам маладога мастака.

Спроба сумясціць абстрактны жывапіс постмадэрнісцкага характару з элементамі і з’явамі традыцыйнай культуры нарадзіла выставу “Чырвоны кут/2”.

Адкрыццё выставы “Сучасная вышыўка"

on .

Вышыўка – занятак, які можа зацягнуць з галавой нават сучаснага чалавека, які мае не так ужо і шмат вольнага часу. Пацверджанне таму – работы жанчын-гамяльчанак, выстаўленыя ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці ім. Ф.Р. Шклярава.

Чатыры жанчыны – супрацоўніцы мытні, яшчэ дзве працуюць у медыцынскай сферы. Усе называюць заняткі вышыўкай усяго толькі сваім хобі. Аднак пры позірку на работы разумееш, што ў іх укладзена душа, пачуццё густу і адчуванне колеру, творчы патэнцыял і талент.

Вышываныя творы прадстаўлены ў дзвюх тэхніках: “крыж” і “габеленавае шво”. Па тэматыцы творы – самыя разнастайныя, ад нацюрмортаў і пейзажаў (як гарадскіх, так і вясковых) да партрэтаў і ікон. Ёсць работы, пададзеныя цэлымі тэматычнымі блокамі (“Времена года”, “Восточные миниатюры” Ларысы Уладзіміраўны Кавалёвай, “Любовь. Супружество” Валянціны Віктараўны Дземчаковай). Некторыя экспанаты вельмі рэалістычныя і на адлегласці больш нагадваюць фота ці твор жывапісу (“Малыш”, “Слдадкие-сладкие” Алены Микалаеўны Лагвіненка).

Выстава «Міколіна трава»

on .

Міколіна трава

Хто ў хаце гаспадар? У філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава “Міколіна трава”

Мікола – адзін з самых галоўных святых. З ім чалавек часцей за ўсё меў зносіны, яго ікону можна знайсці амаль у любой вясковай хаце. Сёння ў экспазіцыйнай зале філіяла прадстаўлены вынікі шматгадовай працы музея, звязанай з вобразам Міколы.

Напачатку адкрыцця выставы сваімі ўспамінамі дзеліцца Святлана Іванаўна Лявонцьева:
 - Вельмі даўно, калі мы аднойчы зайшлі ў адну хату, я пабачыла на шафе старыя кнігі. Аказалася, што гэта выданні XVII стагоддзя! Адразу рукі задрыжэлі, вочы заблішчэлі: трэба прасіць аддаць у музей. Гаспадыня згадзілася, але паставіла ўмовы, адна з якіх – прывезці ўзамен “Міколава жыціе”.

Святлана Іванаўна з’ездзіла ў Ветку, знайшла жыціе XIX стагоддзя і вярнулася з ім да гаспадыні:
 - Яна ўзяла яго ў рукі і тут жа заплакала. І вымавіла: “Ну вось, нарэшце гаспадар з’явіўся ў хаце”.
Таму вобраз Міколы як гаспадара – не выдумка супрацоўнікаў. Ды і ўвогуле да Міколы ў народзе ставяцца з вялікай пяшчотай: надзяляюць яго ласкавымі эпітэтамі, два святы на год прысвечаны гэтаму святому.



Паглядзіце нашу фотагалерэю