Мінулыя выставы музея

Выстава "Улюблёны ў жыццё"

вкл. .

28 лістапада 2013 г. Веткаўскі музей адзначае 35 год са дня свайго заснавання. Выстава "Улюблёны ў жыццё" прысвечана Фёдару Рыгоравічу Шкляраву - заснавальніку музея, першаму яго дырэктару.

Вобразныя экспазіцыі выстаўкі раскрываюць асобу Фёдара Рыгоравіча. Ён прадстаўлены ва ўсёй разнастайнасці сваёй дзейнасці і захапленняў. За ўсё жыццё Ф.Р. Шкляраў авалодаў дзясяткамі прафесій: столяр, цясляр, маляр, тынкоўшчык, фатограф, разьбяр па дрэве, афарміцель ... І над усім гэтым - запал да малявання з ранняга дзяцінства і да апошніх дзён. Але атрымаць мастацкай адукацыі яму не ўдалося з-за ваеннага і суровага пасляваеннага часу. У 1960-я гады Ф.Р. Шкляраў захапіўся калекцыянаваннем.

Але галоўнай справай яго жыцця апынулася стварэнне музея. Дзякуючы калекцыям мясцовага іканапісу, старадрукаваных і рукапісных кніг, сабраных Ф.Р. Шкляравым, паўстала магчымасць з'яўлення ўнікальнага музея ў Ветцы.

На выставе прадстаўлены яркі, сакавіты жывапіс Ф.Р. Шклярава, яго графіка. Асабліва цікавы графічныя партрэты каларытных старавераў, сярод якіх жыў Ф.Р. Шкляраў. Можна ўбачыць і самыя першыя экспанаты, з якіх пачаўся музей, дакументы, мноства фотаздымкаў, на якіх жыццё Ф.Р. Шклярава і музея. Цікаўная, своеасаблівая кніга водгукаў для ганаровых гасцей, якую пачалі яшчэ да ўзнікнення музея наведвальнікі дома Фёдара Рыгоравіча. Здзіўленыя, ашаломленыя ўбачаным, яны выказвалі надзею на з'яўленне калі-небудзь музея ў Ветцы. У лістападзе 1978 г. было прынята рашэнне аб яго стварэнні, а ў 2010 г. музею было прысвоена імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).

Час: 28 лістапада (чацвер) 2013 года, 16:00



Паглядзіце нашу фотагалерэю