Мінулыя выставы музея

Выстава "Вяртайцеся з вайны жывымі…"

вкл. .

З нагоды 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне тэма воінаў з’яўляецца адной з самых папулярных: пра гэта часта пішуць у СМІ, мастацкай літаратуры, мастакі малююць карціны, здымаюцца мастацкія і дакументальныя стужкі, праходзіць вялікая колькасць выстаў. Веткаўскі музей у чарговы раз вырашыў здзівіць гледача цікавым падыходам да “традыцыйнай” тэмы – Вялікая Айчынная вайна. За аснову выставы ўзяты лёс звычайнага радавога воіна, што на карціне мастака Міхася Андыка вяртаецца дахаты з Перамогай.

Але наколькі глыбока можна зазірнуць у гэту працу? Тут і воін, які трымаў у руках зброю, і хлопчык (можа быць, сын?), які толькі марыў пра баявыя дзеянні – для яго “вайна” пакуль застаецца рамантычным змаганнем за Радзіму. Воін вяртаецца ў хату, у разваленую хату, дзе яго чакае сям’я: дзеці, жонка, сястра, старыя бацька і маці… Усе яны ў гэты час таксама “ваявалі”… Вялі барацьбу за жыццё не толькі фізічнае, але і духоўнае – маліліся перад святымі вобразамі. Яны разам са “святым воінствам” таксама змагаліся за Перамогу… Кожная запаленая свечка,  кожная малітва, кожная сляза, нібы выпушчаная куля, набліжалі доўгачаканы момант Перамогі.

На выставе можна пабачыць цікавыя іканаграфічныя вобразы “нябесных воінаў” у беларускім народным іканапісе: “Іаан Воін”, “Архангел Міхаіл”, “Георгій Пабеданосец”, “Самон, Гурый і Авіў”. Дадатковым вобразным радам прадстаўлена і зброя: наканечнікі стрэл эпохі бронзы, копіі падвесак-абярэгаў ХІ-ХІІ ст., зброя часоў Першай Сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, трафейны патэфон, што з пераможцам і Перамогай прыехаў у вызваленую Беларусь, прадметы хатняга побыту.

Адкрыццё выставы адбудзецца 5 чэрвеня (пятніца) а 16.00 ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4). Наведаць выставу можна будзе цягам трох месяцаў: чэрвень-жнівень.



Паглядзіце нашу фотагалерэю