Мінулыя выставы музея

Выстава "Душа по радужному мосту…"

on .

Аўтар этнаграфічных нататкаў пра Ветку Іван Абрамаў яшчэ ў 1907 годзе бачыў тут "багатыя старажытныя жаночыя ўборы:… прыгожыя парчовыя какошнікі з сеткай жэмчугу, што спускалася на вочы, … вялізныя жамчужныя завушніцы, так званыя "карзінкі" і "малінкі".

Любілі "апранаць" і іконы. Аклады, дакладней, "рызы" на абразы, шылі бісерам і "жэмчугам". Мастацтва іх вырабу вядома на Ветцы, паводле словаў старажыл, "з праку веку", тобок першапачаткова. Узыходзячы яшчэ да візантыйскіх, а пасля і старажытнарускіх узораў, шыццё шмат у чым захоўвае архаічныя прыёмы да 1930-х гадоў. У Веткаўскім музеі ўзнавілі старажытныя мясцовыя тэхналогіі і рэстаўрыруюць унікальныя творы мастацтва.

Калі "іконамі і кнігамі Ветка надзяляла ўвесь стараабрадніцкі свет", майстэрствам шыцця славіліся стараабрадніцкія манастыры. Расшыраючыся, быццам кругі па вадзе, мастацтва гэта захоплівала ўсе пласты веткаўскай культуры - шылі і ў пасадах, і ў слабодах. Так кананічная сістэма сімвалічнага сэнсу напоўнілася моцным подыхам народнай культуры. Шылі залатымі ніткамі, рачным жэмчугам і бісерам, "саджалі" камянямі і каляровым шклом. "Рыза" зараз пакрывае ўвесь аклад: уяўляе і адзенне, і вянцы, і асяроддзе вакол фігуры, у якое яны як бы паглыбіліся як у фантастычны пейзажны жывапіс, выкананы бісерам. Ніці бісеру кладуцца шчыльна, выгібаюцца па форме прадмета, фактурна перадаюць аб’ём. У той жа час фон повен вертыкальных "струй" бісерных ніцей, з відавочнай сімволікай сыходжання дажджу, расы, свету.

"Свет" шытых акладаў і сёння здзіўляе сваёй цэльнасцю пры надзвычай шматлікіх варыянтах. Часам аклад манахромны, а часам гэта дзясяткі адценняў колераў у адным творы. Сімвалічнасць успрыняцця "абетаваннай" веткаўскай зямлі ўзмацніла і разквеціла вобраз райскай расліннасці, што выяўляецца "на Ветцы" ва ўсіх мастацтвах.

На выставе прадстаўлена болей паўсотні прадметаў іканапісу, бісернага і жамчужнага шыцця.



Паглядзіце нашу фотагалерэю