Мінулыя выставы музея

Выстава "Зімовыя святы"

on .

Самым светлым, загадкавым і таямнічым зімовым святам па праву лічыцца Раство Хрыстова - 7 студзеня (у праваслаўнай традыцыі). У "Апостальскіх пастановах" ужо ў ІІ ст. гэты дзень вылучаецца як святочны, і прыводзілася яго дата - 25 дзень дзясятага месяца (ад сакавіка). Аднак дата нараджэння Хрыста не мае астранамічнай дакладнасці, нават год вызначаецца ў інтэрвале паміж 12 г. да н.э. і 4 г. н.э., калі за аснову лічыць атаясамленне Віфлеемскай зоркі з каметай Галлея. З’яўленне Бога ў свеце як чалавека сталася беспрэцэндэнтнай магчымасцю для кожнага вярнуць страчанае адзінства Бога, чалавека і света. І гэта не проста гістарычны факт або прыгожая легенда, а назаўжды актуальнае дзеянне Бога ў свеце. Разам з Богам нараджаецца і новы свет, і новы год, і новае жыццё… Да ІХ ст. была распрацавана і прынята іканаграфія Раства Хрыстова, дзе Хрыстос-немаўля ў яслях у пячоры, побач асёл і бык, Іосіф у задуменні, Маці Божая. У Заходняй традыцыі важным з’яўляецца момант пакланення валхвоў (вешчуноў) і пастухоў з дарамі. У эпоху Рэнесанса і Барока гэтыя іканаграфіі ўваходзяць і ў праваслаўны іканапіс, арганічна спалучаючы ўсходні і заходні каноны.

Тром падзеям - Раству Хрыстову, пакланенню валхвоў і крашчэнню Ісуса ў рацэ Іардан - было першапачаткова прысвечана свята Багаяўлення. Першыя паведамленні аб святкаванні яго адносяцца да ІІ ст., у Клімента Александрыйскага. Паколькі ў раннехрысціянскай царкве ў дзень Багаяўлення, як і на Вялікдзень, прыянта было прымаць новых чальцоў царквы, хрысціць катэхуменаў, якія прайшлі адмысловае навучанне жыцця паводле веры, то Багаяўленне яшчэ назвалі Асветніцтвам. У ІV - V стст. свята Вадохрышча вылучаецца ў асобнае святкаванне (19 студзеня ў праваслаўнай традыцыі) і набывае масавы характар. Шматлюдныя хрэсныя хады на рэкі і крыніцы, спрадвеку былі прымальнымі на Русі. Паводле старажытнай традыцыі пасля святочнай літургіі адбываўся звычай вялікага асвячэння вады. І ўзгадалася падзея, апісаная евангелістамі - уваходжанне ў воды Іардана Хрыста і хрышчэнне ў пакаянне Таго, Хто не меў патрэбу ў пакаянні, Іаанам Прадцечай. Багаяўленнем сканчаўся доўгі зімовы святочны перыяд.

Дзень памяці Іаана Хрысціцеля ў царкоўным календары непасрэдна пасля Вадохрышча. Без удзелу прарока не магло б адбыцца зямнога служэння Хрыста. Іаану суджана было асабіста сустрэць Мессію, прыняць яго, указаць шлях да Бацькі нябеснага. Шлях, што быў пройдзены Богачалавекам Хрыстом, папярэдне абведзены мужным і безкампрамісным служэннем традыцыйнага ізраільскага праведніка-прарока. Выхаду Хрыста на месіянерскую пропаведзь папярэднічае пропаведзь пакаяння Іаана ў пустыні. Смерць прарока ад рукі ката з’яўляецца правобразам пакутніцкай смерці Хрыста на крыжы. Аднак служэнне Іаана здзяйсняецца цалкам у гістарычнай плоскасці, тады як служэнне Хрыста мае касмічны сусветны характар. Шанавалі Іаана і стараабрадцы, як прыклад вернасці, гатоўнасці адстойваць свае погляды і пакутаваць за іх перад аўтарытэтнымі апанентамі.

Стрэчанне Гасподне (Грамніцы) уяўляе падзею, якая адбылася ў Іерусалімскім храме, куды Хрыста, як і любога іудзейскага хлопчыка, прынеслі бацькі для асвячэння на саракавы дзень пасля нараджэння. Тут адбылася сустрэча Хрыста і старца Сімеона, які чакаў яе болей двухсот гадоў. Царкоўнае паданне кажа аб тым, што Сімеон быў адным з 70-ці перакладчыкаў Святога Пісання на грэчаскую мову па загаду егіпецкага цара Пталемея ІІ (285 - 247 гг. да. н.э.). Свята Стрэчання Гасподня (Грамніц) было вядома ўжо ў ІV ст., але толькі Іерусалімскай царкве. Цікава, што спачатку гэта свята не было самастойным і не з’яўлялася заканчэннем саракадзённага цыкла пасля Багаяўлення. У гэты дзень праводзілі абрад асвячэння і благаславення свечак, што паказвае на сімволіку агню. Агонь, які здольны прасвяціць усяго чалавека, не знішчаючы, не спальваючы яго. Магчыма, таму стараабрадцам Веткі такі любы і мілы вобраз Маці Божай "Агнявідная" ("Агнялікая"), які выдзяляецца сваім незвычайным колерам ліку, палымнее тым ласкавым агнём, якія прасвячае кожнага.

Іканаграфія Мікалая Цудатворца - самага ўлюбёнага святога паўсюдна на Русі - на Ветцы распрацоўвалася рознабакова і падрабязна. Адсюль і такое багацце іканаграфічных сюжэтаў, у адным доме іх магло быць некалькі і адразу. Вызначаецца на Ветцы незвычайны "Мікалай Адводзячы" ("Николай Отвратный") - нашчадак старажытнай іканаграфіі ХІІ ст. Святы ўслаўляўся як "гаспадар" у доме, дапамагаў усёй сям’і. У веткаўскіх слабодах падзеі легендарнага жыція і цудаў архіепіскапа Міл Лікійскіх ІV ст. былі добра вядомымі, ператвараліся ў жывыя веды, асновай для жывога звароту за дапамогай, парадай, абаронай. Мікалай Цудатворац яшчэ пры жыцці быў вядомы як замілавальнік тых хто варагуе, абаронца непавінна асуджаных, збавіцель ад пустой смерці. А адно з цудаў свяціцеля Мікалая - здарэнне выратавання ад граху трох дзяўчат шляхам чароўнага з’яўлення ў іх прыданага ў мяхах - сталася асновай для таго, каб атаясамліваць яго з Санта-Клаусам, чакаючы ад яго падарункаў.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў Палацы чыгуначнікаў у Гомелі.

Час: 22 снежня (чацвер) 2016 года, 16:00.



Паглядзіце нашу фотагалерэю