У матэрыяльна-культурнай спадчыне беларусаў народнае ўзорыстае ткацтва займае адно з самых пачэсных месцаў. Стагоддзямі адточвалася графіка арнаментальных матываў, набываліся практычныя навыкі, удасканальвалася тэхналогія вырабу. У працэсе жыццядзейнасці чалавека і ткацкія вырабы, і абрады ды звычаі цесна перапляліся. Увесь працэс вырабу тканіны — ад пасеву лёну, які быў асноўнай сыравінай для прадзення і ткацтва, да самога ткання — арганічна ўваходзіў у сетку народнага календара, па якому вызначаліся пачатак і канец усялякай земляробчай працы, дні святаў, прысвяткаў і пастоў. А тканыя рэчы — ручнікі, абрусы, наміткі, паясы і інш. удзельнічалі ў разнастайных дзействах. Звязаных з сямейнымі і рэлігійнымі абрадамі, рознымі павер'ямі. Усё гэта давала падставы для няспыннага развіцця ткацкіх традыцый, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі цесна звязаны з працоўным, духоўным і эстэтычным выхаваннем беларусаў.

Праз абставіны, што склаліся ў нашай краіне ў цяперашняе стагоддзе, страцілася пераемнасць шмат якіх культурных традыцый, у тым ліку і ткацкіх. Толькі часткова працягвалі яны сваё існаванне дзякуючы намаганням асобных сялянскіх майстрых.

Доугі час Галіна Рыгораўна Нячаева, дырэктар музея з 1988 па 2019 гг., выношвала ідэю стварэння ткацкай майстэрні. З часам ідэю ўдалось ажыццявіць і сёння кожны жадаючы можа навучыцца ткаць у філіяле Веткаўскага музея.

Дзякуючы экспедыцыям і знаёмствам супрацоўнікаў музея з ўладальнікамі ручнікоў, посцілак, традыцыйных строяў музейная калекцыя значна пашырылася. З-за Чарнобыльскай катастрофы некаторыя рэгіёны Веткаўскага раёна павінны былі выселіць, і людзям трэба было хутка збірацца і пераязджаць. У сувязі з хуткім пераездам многія рэчы аказаілся клопатам і тое, што раней жыло ў звыклым, вясковым асяроддзі было знішчана альбо страчана. Што ўдалось захаваць — цяпер жыве ў музеі, а што не ўдалося — засталося ў памяці.

Запраўка кроснаў працягваецца, першы этап завершаны — гэта навіванне асновы на вал (навой). Навіваюць так, каб ніткі асновы былі шчыльна навіты на вал.

Наступнае дзеянне — гэта прадзяванне нітак асновы ў вочкі («кабылкі») нітоў. Нітоў у кроснах можа быць ад двух да дваццаці васьмі, заўсёды цотная колькасць, а вось колькасць петляў ў нітах трэба разлічыць самастойна, і залежыць гэтая колькасць ад будучага выраба і тэхнічных магчымасцяў ткацкага станка.

Пры запраўцы ткацкага станка не абысціся і без памочніка, хоць з набыццём вопыту і разуменнем сутнасці справы гэта цалкам можна ажыццявіць і аднаму.

Тэма навівання асновы на вал не можа абыйсці тэму яе снавання. Для снавання можна выкарыстоўваць розныя снавалкі, у нашым выпадку па краях фанеры зроблены адтуліны, у адтуліны ўкручваюцца калкі, для таго каб за яго чаплялісь ніткі асновы. Колькасць нітак асновы падлічваецца загадзя і будзе з'яўляцца шырынёй тканіны, даўжыня асновы залежыць ад колькасці калкоў.

Падчас снавання асновы, як і ў наступных дзеяннях, галоўнае — ўважліва глядзець, каб усе ніткі клаліся паслядоўна: адна за адной. Калі бачым памылку, то яе трэба выправіць, бо ў далейшым, пры запраўцы кроснаў, будуць стварацца нязручнасці (блытаніна ў нітках). Гэтая блытаніна можа не дазволіць ні навіць, ні накідаць аснову. Снаванне асновы пачынаецца з так званай «васьмёркі», якая ў далейшым будзе апранута на «цэны», якія падзеляць ніткі асновы на ніжні і верхні пласт.

Што гэта такое? Для чаго яны служаць? На вытворчасці называюцца «галева», а ў народзе ніты. Яны служаць для падзелу нітак асновы.

У кожны час пераважаюць пэўныя матэрыялы. Нашы прадзеды выкарыстоўвалі прыродныя матэрыялы, таму і ніты раней рабіліся з ільняной ніткі. Знайшоўшы ніты на гарышчы, вымыўшы іх і заправіўшы аснову, мы сутыкаемся з праблемай — ільняныя ніткі чапляюцца адна за адну і перашкаджаюць паўнавартасна адкрываць зеў.

Сучасны свет дазваляе нам выкарыстоўваць сінтэтычныя матэрыялы, і ў дадзеным выпадку выкарыстоўваецца нейлонавы шнур, які за кошт сваёй слізкай паверхні дазваляе лёгка расслойваць ніткі асновы і пяцелькі нітоў не чапляюцца адна за адну, дзякуючы чаму ў працэсе ткацтва нам не трэба папраўляць ніты, калі мы паслядоўна іх падымаем.

Дзіцячая памяць – крыніца будучыні.
Анатоль Жук

Гістарычная памяць народа – адзін з абавязковых атрыбутаў нацыі. У сваю чаргу для захавання народных традыцый і абрадаў, экспаніравання элементаў, з якіх традыцыі і абрады складаюцца, закладваюцца і функцыянуюць музеі. А што ж непасрэдна робіцца (калі робіцца) дзеля адраджэння і існавання саміх традыцый? Ёсць пытанне, ёсць і станоўчы адказ на яго, з дапаўненнем нават: тое, што робіцца дзеля гэтага, робіцца вельмі ўдала.

Так, у філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава прадстаўлена інтэрактыўная экспазіцыя “Жывое рамяство”, дзе кожны можа ўбачыць, як ткуць на кроснах, даведацца шмат цікавага пра старажытнае рамяство і, акрамя таго, пры жаданні паспрабаваць сябе ў якасці ткача. Да таго ж пры філіяле працуе этнаклуб “Параскева”, які прымае ўсіх, хто хоча далучыцца да ручных рамёстваў: ткацтва, вышыўкі, вязання. Якім жа чынам адбываецца адраджэнне нацыянальнай памяці? – задаюся пытаннем і вырашаю наведаць сустрэчу этнаклуба.

bezh-CNenfrderues

 Яндекс.Метрика