Тэма навівання асновы на вал не можа абыйсці тэму яе снавання. Для снавання можна выкарыстоўваць розныя снавалкі, у нашым выпадку па краях фанеры зроблены адтуліны, у адтуліны ўкручваюцца калкі, для таго каб за яго чаплялісь ніткі асновы. Колькасць нітак асновы падлічваецца загадзя і будзе з'яўляцца шырынёй тканіны, даўжыня асновы залежыць ад колькасці калкоў.

Падчас снавання асновы, як і ў наступных дзеяннях, галоўнае — ўважліва глядзець, каб усе ніткі клаліся паслядоўна: адна за адной. Калі бачым памылку, то яе трэба выправіць, бо ў далейшым, пры запраўцы кроснаў, будуць стварацца нязручнасці (блытаніна ў нітках). Гэтая блытаніна можа не дазволіць ні навіць, ні накідаць аснову. Снаванне асновы пачынаецца з так званай «васьмёркі», якая ў далейшым будзе апранута на «цэны», якія падзеляць ніткі асновы на ніжні і верхні пласт.

І вось аснова наснавана і знята са снавалкі. Усе ніткі сабраны ў касу, усё для таго ж, каб яны ня блыталіся. «Васьмёрку» апранаем на «цэны» і верхняй часткай «васьмёркі» чапляем за палачку, якая прымацоўваецца да вала, на які будзе навівацца аснова. Ніткі асновы размяркоўваюцца па ўсёй шырыні вала. Дадаткова для раўнамернай намоткі асновы замацоўваецца грабёнка, у якую пучкамі закладваюцца ніткі асновы.

Пры навіванні асновы павінны працаваць два чалавекі, адзін круціць вал, другі трымае аснову і «доіць», гэта значыць выцягвае аснову так, каб не ўтвараліся «пеўні» (пяцелькі), з-за якіх аснова можа правіснуць.

У цэлым, увесь працэс навівання асновы можа заняць ад 1 да 5 гадзін, усё залежыць ад тыпу нітак, правільнасці снавання і майстэрства. Але прадчуванне самога працэсу ткацтва засланяе ўсе цяжкасці.

bezh-CNenfrderues
  Яндекс.Метрика