Запраўка кроснаў працягваецца, першы этап завершаны — гэта навіванне асновы на вал (навой). Навіваюць так, каб ніткі асновы былі шчыльна навіты на вал.

Наступнае дзеянне — гэта прадзяванне нітак асновы ў вочкі («кабылкі») нітоў. Нітоў у кроснах можа быць ад двух да дваццаці васьмі, заўсёды цотная колькасць, а вось колькасць петляў ў нітах трэба разлічыць самастойна, і залежыць гэтая колькасць ад будучага выраба і тэхнічных магчымасцяў ткацкага станка.

Пры запраўцы ткацкага станка не абысціся і без памочніка, хоць з набыццём вопыту і разуменнем сутнасці справы гэта цалкам можна ажыццявіць і аднаму.

Пачынаць запраўляць ніты можна як злева, так і справа — не прынцыпова. Важна памятаць тое, што ніткі асновы павінны быць акуратна падзелены «цэнамі» — гэта дзве плоскія палачкі шырынёй у кросны, вышынёй 2, 5-3 см, таўшчынёй каля 0, 5 см, якія аб'яднаны адна з адной. Пры іх дапамозе ніткі асновы падзяляюцца на цотныя і няцотныя. Цэны знаходзяцца паміж валам (навоем) і нітамі.

Памочнік падае нітку асновы да вочка (кабылцы), а чалавек, які прымае нітку, загадзя рассоўвае верхнюю і ніжнюю пяцельку, каб працягнуць нітку асновы паміж двума петлямі. Так як петляў два рады, то той чалавек, які прымае нітку асновы, павінен сачыць за тым, каб петлі ня блыталіся і трымаліся адна за адной.

Адзін з важных элементаў кросен — берда. Яшчэ гадоў сто таму ў вёсках ў жанчыны ва ўжытку было як мінімум тры берда: для ручнікоў, для палавікоў, для мешкавіны. Справа ў тым, што адлегласць паміж секцыямі берда розная, таму і атрымлівалася тканіна рознай шырыні і шчыльнасці.

Прыступаем да наступнага працэсу, накідаць ніткі асновы ў берда. Запраўляем берда, працягвая ніткі асновы ў секцыі пры дапамозе нажа або лінейкі. Паслядоўна адна за адной працягнута кожная нітачка і прывязана да малога (таварнага вала).

І ў завяршэнні, для таго каб праверыць ці правільна мы ўсё зрабілі, прымацоўваем «панажы» — гэта педалі, якія злучаны з нітамі. Пры іх дапамозе ніткі асновы будуць расслойвацца на верхні і ніжні пласт.

bezh-CNenfrderues
  Яндекс.Метрика