Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Майстар-клас «Саламяныя цуда-птушкі» прайшоў у філіяле Веткаўскага музея

Майстар-клас «Саламяныя цуда-птушкі»прайшоў у філіяле Веткаўскага музея

Чарговыя “арніталагічныя пасядзелкі” ў філіяле даказалі, што засталіся ў Гомелі людзі, якіх нашыя супрацоўнікі яшчэ не навучылі рабіць саламяных птушак. Ткацкая майстэрня, упрыгожаная рушнікамі і посцілкамі з птушынымі матывамі, не здолела нават змясціць усіх жадаючых зрабіць птушку сваімі рукамі ды даведацца што-кольвек пра гэтую істоту ў беларускай міфалогіі і культуры.

Пра невычэрпны вобраз птушкі супрацоўніку музея Пятру Цалку сапраўды было што распавесці. Па-першае, гэты вобраз атаясамлівалі са своеасаблівым медыятарам, які злучаў свет боскі са светам чалавечым. Паводле некаторых расповядаў, калі чалавек нечага моцна жадае, то можа з думкамі сваё пра жаданне пакарміць птушак, і яны абавязкова данясуць усё да Бога. Па-другое, птушка- вястунка цёплага надвор’я па вясне.

У народнай свядомасці птушкі дзяліліся на “добрых” і “дрэнных”. “Добрымі” лічыліся тыя, якія ляталі ў вырай, бо месца, куды яны адляталі, атаясамлівалася з раем, з месцам, дзе жывуць багі. Пра благіх жа птушак думалі, што іх у рай не прымаюць (вароны, вераб’і, грачы). З апошнімі звязваецца мноства прыкмет і павер’яў.

Існуе ў народзе шмат легенд пра пераўтварэнні людзей у птушак. Так, вядома шмат варыянтаў легенды аб тым, як жанчына, якая пакінула дзяцей, перакінулася ў зязюлю. А цяпер лётае па лесеі шукае іх. Паводле іншага павер’я, зязюля – былая багатая паненка, якая мела каханка Якуба. Калі яна прызналася ў здрадзе мужу, той забіў каханка, а здрадніца дагэтуль лётае і кліча: “Я-куб! Я-куб!”, што мы чуем як “Ку-ку! Ку-ку!”.

Былі тут і тыя, хто трапіў на майстар-клас выпадкова. Ірына са сваёй дачкой хацелі паглядзець экспазіцыю, але з задавальненнем засталіся рабіць птушак:

- Мне вельмі спадабалася. Абсалютна незвычайны для сучансга чалавека занятак, але даволі мілы, з песнямі, з утульнымі пасядзелкамі…

Птушка, зробленая з саломы – вельмі сімвалічная рэч. Салома цесна звязаная са збожжам,а збожжа – гэта тое, што карміла чалавека спрадвеку.

Акрамя таго, збожжа – сімвал вечнага жыцця, вечнага колазвароту: зерне падае ў глебу, нараджае новае жыццё, новае зерне, якое зноў падае ў зямлю…

Пятро Цалка пры стварэнні ўласнай цуда-птушкі раіць абіраць колеры, якія ў кожнага з прысутных выклікаюць толькі пазітыўныя асацыяцыі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.