Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Галоўная
  • Архіў навін
  • У гомельскім філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці прайшоў “Музычна-этнаграфічны вечар на Дзяды”

У гомельскім філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці прайшоў “Музычна-этнаграфічны вечар на Дзяды”

Кожны, мусіць, хоць крыху, але знаёмы з беларускай традыцыяй шанавання дзядоў: у гэты дзень - у суботу перад Міхайлам або Змітром - прыбіраліся хаты, падворкі, ладзілася памінальная вячэра. Гаспадар клікаў на вячэру дзядоў – продкаў з роду. У гэты вечар пра продкаў узгадвалі толькі ўсё самае лепшае, а ежу пакідалі ім на ноч, у некаторых мясцовасцях накрываючы абрусам.

7 лістапада, напярэдадні Змітра (а менавіта ў суботу перад Змітром найчасцей на Беларусі Дзяды і адзначалі), ГМКГА “Талака” зладзіла музычна-этнаграфічны вечар у філіяле нашага музея.'

Першую частку – этнаграфічную – маршалак “Талакі” Марыся Тульжанкова распачала аповедам пра традыцыю, шчодра выкарыстоўваючы ўласны экспедыцыйны досвед.

Пасля аповеду кожны мог распавесці нешта цікавае, што ведае пра абрад, або якую-небудзь гісторыю, звязаную з Дзядамі. Пятро Цалка, напрыклад, узгадаў выпадак з дзяцінства. Яго бабуля, вельмі ахайная па натуры жынчына, пакінула аднойчы на стале недаедзеную вячэру:

- Мяне гэта вельмі здзівіла. Я спытаў бабулю, навошта яна так зрабіла, а яна мне адказала: “Дзед Кадзік яшчэ прыйдзе…” Я ўспрыняў гэта як мае быць, і на раніцу заўважыў: “А дзед Кадзік сапраўды прыходзіў! Глядзі, відаць, кашу еў: лыжка не так ляжыць”. Ты не аб чым не задумваешся і табе асабліва ніхто нічога не тлумачыць, але, тым не менш, вось так і перадаецца традыцыя з пакалення ў пакаленне.

Этнаграфічная частка вечара ўключала ў сябе і прагляд фільма “Восень на Палессі” беларускіх этнографаў Рэгіны Гамзовіч і Алеся Лозкі. Фільм сярод іншых эпізодаў з традыцыйнага жыцця ілюструе і тое, як праходзілі Дзяды ў весцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна.

А вось музычная частка – гэта выступ Рамана Яраша і Віктара Сямашкі, музыкаў з Мінску. Раман выконваў песні ў блюзавай апрацоўцы, як свае, так і на вершы беларускіх паэтаў. Віктар парадаваў жывым гукам кларнета пад электроннае рытмовае аздабленне.

- На Дзяды ўвесь род збіраўся для таго, каб узгадаць здабыткі сваіх продкаў, іх гонар і славу і пры гэтым атрымаць ад іх блаславенне на будучае сваё жыццё, – распавядае арганізатар вечара Марыся Тульжанкова. – Мэтай мерапрыемства было пазнаёміць людзей з народнай традыцыяй, культурай продкаў. Сённяшнія Дзяды – гэта проста нагода ўзгадаць нашае мінулае. Бо гэта праблема сучаснай моладзі: мы не шануем мінулае, якое дапамагае неяк будаваць сваю будучыню.

А скончылася ўсё чаяваннем ва ўтульнай атмасферы і прыемнай кампаніі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.