Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Гарачыя майскія дні ў філіяле Веткаўскага музея

Месяц май выдаўся для супрацоўнікаў музея дужа гарачым не толькі паводле надвор’я. Майскія дні былі насычаны разнастайнымі цікавымі падзеямі, якія адбыліся ў нашым філіяле: адкрыццё выстаў “Як ты пішаш буквы, так я – узоры…” і “У меня есть тоже патефончик…”, а таксама вечарына “Лялеіць вада каля горада”, прысвечаная Міжнароднаму дню музеяў. А яшчэ ў гэтым месяцы распачаліся лекцыі Галіны Рыгораўны Нячаевай па традыцыйным узорным ткацтве.

Адкрыццё выставы “Як ты пішаш буквы, так я – узоры…”

З аднаго боку, не вельмі добрай ідэяй было адкрываць выставу 9 мая, бо дзень гнаў народ не ў музей, а на вуліцу – дзівавацца са святкавання Дня Перамогі. А з іншага, менавіта дзякуючы гэтаму зусім выпадковыя людзі, якія, магчыма, і не ведалі пра існаванне нашага філіяла, трапілі на адкрыццё і былі неверагодна ўражаны тым. што пачулі і пабачылі.

Гэты дзень азнаменаваўся яшчэ і тым, што на адкрыцці дэбютаваў з выступам гурт “ЯгораваГара”, у якім бяруць удзел і супрацоўнікі нашага музея. Менавіта гэтае трыа і запрасіла сваімі спевамі на адкрыццё ўсіх, хто прагульваўся па парку міма філіяла Веткаўскага музея.

Пачутае і пабачанае выпадковымі мінакамі ўжо непасрэдна ў зале – толькі невялікая частка таго, што было напрацавана супрацоўнікамі музея (і асабліва яго дырэктарам Галінай Рыгораўнай Нячаевай) па семантыцы арнаменту і ўзорнага ткацтва наогул. Аднак гэтага хапіла, каб пакінуць людзей у вялікім захапленні. Напрыклад, адна з наведвальніц урэшце не вытрымала і пад уражаннем ад пачутага пачала выказваць падзякі:

- Вялікую ўдзячнасць хачу выразіць за сустрэчу: мы тут усе выпадкова апынуліся, але адчулі сябе інакш, чым недзе на вуліцы, у парку. Цудоўна, што ёсць людзі, занятыя пошукам, творчасцю. Мы глядзім на ручнікі і нават не ўяўляем, што тут і зямля, і жыццё, і жанчына, і маці, і будучыня… За плённую працу, за гэтыя хвілінкі радасці, падораныя нам – людзям, якія выйшлі проста ў горад – нізкі паклон.

- Вельмі спадабалася, вельмі цікава было. Хацелася б болей пра гэта ведаць, - падзялілася сваімі ўражаннямі дзяўчына, якая назвалася Таняй. Такія водгукі, бадай, і ёсць найпершы чыннік паспховасці выставы.

Дарэчы, пазней дадзеная зала стала месцам, дзе распачаўся цыкл лекцый “Традыцыйнае ўзорнае ткацтва”, на якіх акурат і можна даведацца аб усім згаданым на адкрыцці паболей. Першая лекцыя адбылася 11 мая, наступныя чакаюць сваіх слухачоў 26 мая, 8 і 22 чэрвеня.

Адкрыццё выставы “У меня есть тоже патефончик…”

Нягледзячы на ўсе перашкоды, якія паўставалі на шляху маладых супрацоўнікаў філіяла, 17 мая імі ўсё-ткі была адкрыта доўгачаканая выстава патэфонаў і грамафонаў. Хаця наведвальнікі цікавіліся ёй ужо з 9 мая - дня, які быў першапачаткова прызначаны для яе адкрыцця.

Сама ж выстава стала магчымай не без дапамогі спадара Сяргея Барысевіча – калекцыянера і вынаходніка, якому і належыць большасць экспанатаў (патэфонаў, грамафонаў і іх механізмаў). Гэта чалавек, які здольны гадзінамі распавядаць пра сваё калекцыянерскае захапленне.

Зрэшты, дзякуючы яму і само адкрыццё апынулася вельмі дынамічным і яскравым: Сяргей Барысевіч прымяніў усю сваю харызму і артыстызм, трымаючы ўвагу публікі. А напрыканцы пажартаваў:

- Вам пашанцавала, бо вы былі першымі слухачамі і я яшчэ не паспеў нічога прыдумаць.

Спрычыніўся спадар Барысевіч і да таго, што самы стары грамафон 1910 года з фондаў Веткаўскага музея не так даўно зноў пачаў граць. Дагэтуль грамафон маўкліва стаяў у адным з экспазіцыйных залаў у Ветцы.

Пенсіянерка Зінаіда Ганчарова, якая даведалася пра нашае адкрыццё праз анонс у газеце “Гомельская праўда”, падзялілася сваімі ўражаннямі:

- Я ў захапленні! Чакала, што будзе нешта цікавае, але што да такой ступені… Я назад вярнулася ў тыя гады, калі жылі мае бацькі, дзяды, мяне проста накрыла гэтая хваля!

“Ноч музеяў-2013” у філіяле Веткаўскага музея

А вось яшчэ адна імпрэза, якая пазнаёміла шырокае кола выпадковых і не зусім людзей з экспазіцыямі філіяла. Сёлета ў Міжнародны дзень музеяў 18 мая кожны, хто заходзіў у філіял, сам вызначаў, колькі гатовы заплаціць за прагляд. А ўвечары патэнцыйных наведвальнікаў прываблівала яшчэ і праграма вечарыны “Лялеіць вада каля горада…”, якая адбывалася звонку каля музея. У гэтым годзе яна была прысвечана воднай стыхіі.

Падчас вечарыны выступілі гурты “ЯгораваГара” і “Млын Сонца”, быў прадэманстраваны фільм Юрыя Выдронка “Як пушчу стралу”. Карыстаўся вялікім поспехам арт-праект мастака Аляксандра Лобана “САД” (мастацтва ІкеБагны). У самых цікаўных нават была магчымасць спрычыніцца да стварэння карціны ў тэхніцы, прыдуманай Аляксандрам Лобанам.

Эфектна выглядалі дзяўчыны з танцавальнага калектыву “Варажэі”, што паказалі свае танцы на вадзе ў абсталяваным для іх невялічкім “басейне” каля ўваходу ў музей. Яны разахвоцілі публіку вадзянымі пырскамі, пасля чаго частка моладзі пачала таксама танчыць у басейне і апырскваць адно аднаго вадой. На тым усё і скончылася. Мяркуем, што ўсе засталіся задаволенымі.

Гурт "ЯгораваГара"

Аляксандр Лобан

Гурт "Млын Сонца"

"Варажэі"

Дзякуем Зосі Бабаковай за фота з "Ночы музеяў" і адкрыцця выставы "Як ты пішаш буквы, так я - узоры…"

Паглядзіце нашу фотагалерэю

Copyright © "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - 2012 - 2019.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.